Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Астравецкім раёне.

 

 

Жамчужына ў полі

 

 

Дзякуй Табе, Божа, што пасылаеш нам насустрач неабыякавых людзей, якіх не проста хвалюе мінулае далёкіх і адданых Богу і Радзіме продкаў, але якіх яно сілкуе, надае моцы, натхняе на пошукі і ўшанаванне імён тых, хто жыў перад намі, і якія “пупавіну” з мінулым  разарваць не спяшаюцца.

f-str-28…Мы вярталіся з Сакалойцяў у такім светлым настроі, быццам сталі сведкамі адраджэння яшчэ адной святыні, яшчэ аднаго Знака Божай прысутнасці – капліцы Святога Станіслава, біскупа і мучаніка. Вы б, напэўна, здзівіліся, каб убачылі, дзе знаходзіцца гэты помнік архітэктуры класіцызму, – каля малочнатаварнай калгаснай фермы. Так, на поўдзень ад вёскі, на полі – хоць і ў адзіноце і не абласканая людскімі рукамі (хіба толькі поглядамі), але ў даволі нядрэнным стане стаіць прыгожая  капліца: атынкаваная, пад двухсхільным дахам, галоўны і алтарны фасады завершаныя трохкутнымі франтонамі, у бакавых фасадах – высока ўзнятыя арачныя аконныя праёмы. Ёсць дзверы, замкнёныя. І як уцалела? Як не разбурылі бульдозерамі? Чаму ў такім незвычайным месцы?

Месца, відаць, “высвідрывалася” з цягам часу само, на працягу стагоддзяў. Уладальнікі зямельных масіваў, як і паўсюдна, змянялі адзін другога, і кожны планаваў свае фальваркі на свой розум, але нязменным заставаўся знак Божай прысутнасці – капліца.

Абраз Св. Станіслава, біскупа і мучаніка, які знаходзіцца ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах

Абраз Св. Станіслава, біскупа і мучаніка, які знаходзіцца ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах

– Мама з татам расказвалі, а ім іх бацькі расказвалі, гэта значыць нашыя дзяды, – гаворыць жыхар і ўраджэнец  вёскі Сакалойці Ян Гудойць, –  адразу стаяла капліца драўляная, а ў 1838 годзе пабудавалі цагляную. Мае продкі былі моцна набожнымі людзьмі, сюды хадзілі на малітвы, просячы ў Бога лепшай долі,  з Гервятаў прыязджаў ксёндз. У капліцы быў алтар і абраз Святога Станіслава (перад закрыццём перавезены у касцёл Найсвяцейшай Тройцы у Гервятах).

Я нарадзіўся ўжо пасля Другой сусветнай вайны і добра памятаю, працягваў суразмоўца, як мы бавіліся каля гэтай капліцы, ідучы ў школу ў Гервяты і ідучы са школы. Тут балаты былі, ставок адзін, недалёка – другі, а пасля, як меліярацыя прайшла, паасушвалі ўсё, то і дарогі іначай пайшлі. Калгас пабудаваў ферму, а з капліцы хацелі зрабіць млячарню (спецыяльнае памяшканне для апрацоўкі малака, нават сепаратар устанавілі), але людзі пачалі бунтаваць, выказваць нязгоду. Больш таго, не знайшлі нікога, хто б зняў крыж з даху. Адзін мужчына быў згадзіўся, астатнія на яго наваліліся: “Ты хіба ашалеў, каб ісці на такую справу?”. І ніхто не зняў, і млячарня не паўстала. А капліца стаіць. Добра было б, каб адрадзілася, каб зноў тут хоць па асобных святах набажэнствы прайходзілі – пажылым да касцёла дабірацца цяжка. Святой памяці пробашч Гервяцкай парафіі кс. Леанід Нясцюк уклаў шмат сіл у адраджэнне касцёла, цяпер з усяго свету людзі прыязджаюць паглядзець на адмысловую прыгажосць, а на капліцы толькі паспеў дах аднавіць.

…У 2009 годзе, у ліпені, праз лес каля в. Дубок шматлюдная працэсія з Навасёлак накіроўвалася уздоўж Віліі – дзеля малітвы і ахвяры – да Вільна. Спачатку вернікі маліліся ў лясной капліцы, пасля – на кожнай з сямі прыпынкаў-стацый, сімвалізуючых сем болей-смуткаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Не магла  ў той раз ісці з імі (і аб гэтым сэрца моцна шчымела) студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Бобіна, якая прыехала пагасціць да свайго 83-гадовага дзядулі, – на руках у яе быў гадавалы сынок. Праз вакно дзедавай хаты ўглядалася, як міналі яе пілігрымы, выходзячы адзін за другім на лясную сцяжынку, і фотакамера бр. Карнэлія гэты момант зафіксавала (фота было змешчана ў нашым Календары-2022), а дзед, як зараз  даведаліся, быў стрыечным братам Яна Гудойця з Сакалойцяў).

Прайшло 15 гадоў, Захар вырас, а сама Алена (Шатурына) Бобіна скончыла яшчэ і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, стала спецыялістам па ахове спадчыны і музеязнаўцай, пасля чаго даўніна з яе шматлікімі непераўзыдзенымі каштоўнасцямі стала яе стыхіяй. Працуючы метадыстам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, намеснікам дырэктара Смаргонскага раённага Цэнтра культуры, дырэктарам Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, даследавала, падала на ўключэнне  ў  Дзяржаўны   спіс  гісторыка-культурных   каштоўнасцей  Рэспублікі Беларусь і  па яе прапанове ў яго ўключылі комплекс прыдарожных капліц у Смаргонскім раёне (15), капліцу-пахавальню ў Івашкаўцах і Марыянскую кальварыю вёскі Дубок (касцёл і тры капліцы ў складзе Кальварыі).

Ян Гудойць каля капліцы Святога Станіслава

Ян Гудойць каля капліцы Святога Станіслава

Летась, вандруючы з сям’ёй  па памежнай Астравеччыне, капліцу Святога Станіслава Алена ўбачыла ўпершыню: якая чароўная архітэктурная пярліна ў полі! Патрэбна накрыць дах, зрабіць вокны, атынкаваць, пафарбаваць. Паставіць рашотку за дзвярыма, каб улетку можна было пакідаць дзверы адчыненымі, а праз яе кожны пілігрым, кожны вандроўнік, турыст мог бы аглядаць яе інтэр’еры, а калі адновяцца святыя Імшы для жыхароў Сакалойцяў, – дык будзе і зусім цудоўна!

Перакананая ў неабходнасці захавання шэдэўра (з радзімы свайго пра-прадзеда Юзафа і прапрабабулі Станіславы), Алена як прыватная асоба (зараз працуе ў Мінску) звярнулася ў адпаведныя  інстанцыі з прапановай на  ўключэнне  капліцы Святога Станіслава ў Спіс помнікаў.

“Беларуская зямля, – дадала ў сваім звароце апякунка капліц, – за сваю доўгую гісторыю  пацярпела ад шматлікіх войнаў, якія знішчалі нашу гістарычную спадчыну.  Тыя помнікі архітэктуры, што нам засталіся, даводзіцца збіраць па крупінках, і таму мы павінны дбаць аб іх, берагчы, каб  перадаць будучым пакаленням”.

Напрыканцы трэба дадаць, што інстанцыі адрэагавалі па-рознаму,   апошняе слова ў гэтай справе застаецца за Астравецкім райвыканкамам. А справа, заўважма разам, – Божая!

 

 

 Вераніка БЕЛЯК

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD

Гродзенская вобласць


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.



 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий