Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Навагрудскім раёне.
Уратаваць ад забыцця
Шаноўныя чытачы, каб вам было адразу зразумела, якім чынам апынуліся мы з бр. Карнэліем у падножжы кургана, што існуе каля амаль не існуючай вёсачкі Суляцічы на Навагрудчыне, прызнаемся, што ўжо некалькі гадоў запар настойліва шукаем, знайходзім і наведваем Знакі Божай прысутнасці, каб пасля расказаць пра іх вам. І сёння да святыні, што была пабудаваная ў егіпецкім архітэктурным стылі (а такія на Беларусі рэдкасць) напрыканцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя, суправаджае нас пробашч парафіі Св. Міхаіла Арханёла ў Навагрудку кс. Юрый Жэгарын.
З гэтай нагоды разам з вамі ўшануем святара, бо гэта ён, ксёндз Юрый, атрымаўшы прызначэнне на службу каля дзесяці гадоў таму, знаёмства з парафіяй, парафіянамі і каталіцкай спадчынай краю пачаў з аб’езду ўсёй парафіяльнай “тэрыторыі” – вёсак, могілкаў, курганоў… Зачараваны непаўторнымі маляўнічымі краявідамі, прыпыняўся, маліўся каля заімшэлых крыжоў, узгадваў гістарычнае мінулае Навагрудчыны, якой заўсёды моцна цікавіўся, але з кожным прыпынкам адчуваў сябе ўсё болей няёмка, усё болей няўтульна: некаторыя намоленыя на працягу стагоддзяў месцы не мелі нават каменя з надпісам, памятнай дошкі…
Пра былую святыню каля Суляціч нагадваюць сёння толькі муры фундамента і высокі фрагмент сцяны – маўклівыя сведкі жыцця нашых продкаў. Можна толькі сабе ўявіць, колькі соцен, тысяч вернікаў прыходзілі сюды ў розныя перыяды мінулага! Ішлі пехатою, ехалі здалёк на падводах, трымаючы ў сэрцах і цяжкія думы пра свой гаротны лёс, і надзею на жыццё лепшае. Шчаслівыя маладыя, напэўна, прызнаваліся адзін другому ў каханні, бралі тут шлюбы, даючы клятву Пану Богу, што будуць верныя Яму і адзін другому да смерці, пасля прывозілі дзетак да Хросту; старэйшыя прасілі палёгкі ў надышоўшай старасці; адгэтуль праводзілі памерлых у апошні шлях… Так, сапраўды са святыняй (з кожнай святыняй!) былі звязаны самыя значныя падзеі людскіх жыццяў. І, быццам ніадкуль, паўстае пытанне: а які лёс чакае нас, сённяшніх? Мы ж такія, якімі былі яны, нашыя продкі: не толькі носім іх прозвішчы (таксама клічкі), не толькі ўнаследавалі ад бацькоў і папярэдніх пакаленняў знешняе падабенства, але і звычаі, рысы характару, традыцыі… Але ці ўнаследавалі мы веру той самай моцы? Пытанне патрабуе праўдзівага і, напэўна, індывідуальнага адказу.

– Каб вы крыху раней прыехалі, – сказаў пры сустрэчы Аляксандр Аляшкевіч, адзіны, калі не лічыць сезонных дачнікаў, жыхар Суляцічаў, – то ніякіх фундаментаў не ўбачылі б: тут было так моцна ўсё заросшае… Але парафія арганізавала суботнік, прыехалі людзі, ачысцілі ўсё, то хоць відаць, якую плошчу займаў касцёл. – Я добра памятаю, як з вясковымі хлопцамі бегалі на разваліны: бавілі час, гулялі там у хованкі, адзін раз нават чалавечы чэрап дасталі, а гэта ж крыпта пад касцёлам… Храм разбурылі ў 60-я гады мінулага стагоддзя, гэтага не памятаю, але ведаю, што рабіў гэта наш тата, ён трактарыстам быў у калгасе. Ну што – прымусілі! Зачапілі тросамі, гусенічны трактар пацягнуў – і сцены рухнулі… Кавалак адзін астаўся, і сёння стаіць… Некалькі гадоў таму на ім гняздо буслінае было, а цяпер ужо і буслы пакінулі нас… Не вядуцца. Затое лосі, лісы, дзікія козы – гэтым тут рай…
– О-о, яшчэ што вам скажу, – схамянуўся суразмоўца. – Знаёмыя паказалі мне фота ў інтэрнэце – маладая прыгожая дзяўчына з сумачкай стаіць каля гэтага самага храма. Яна ж з нашых Суляцічаў! Азірніцеся, – узмахнуў рукою ў воддаль, – насупраць былога касцёла, у лагчыне, разваленая хата відаць, некалі там Пашкоўскія жылі, дык гэта іх дачка сфатаграфаваная…
Шчымлівыя ўспаміны не проста кранаюць – узварушваюць душу напамінам пра нашую, вызначаную Богам часовасць і вечнасць, вызываюць пачуццё абавязку перад памяццю пра далёкіх продкаў – не даць канчаткова загінуць святыням, муры якіх ўсё ніжэй апускаюцца ў зямлю-карміцельку…
Аднак, шаноўныя чытачы, па-вінны прызнацца вам яшчэ і ў тым, што пошукі Знакаў Божай прысутнасці кожны раз дораць і нам самым, аўтарам гэтых нататкаў, незабыўныя сустрэчы з простымі і адкрытымі вясковымі жыхарамі, якія не прамянялі свой лад жыцця, свой быт на гарадскі, болей уладкаваны і камфортны. Такія сустрэчы падсілкоўваюць нас духоўна і прымушаюць падумаць аб тых, хто жыў перад намі, пераконваюць у прыгажосці беларускай зямлі і яе насельнікаў.

Расказвае Сільвестр Адамавіч Булько, намеснік старшыні касцёльнага камітэту парафіі Св. Міхаіла Арханёла:
– Ідэю прапанаваў наш пробашч кс. Юрый адразу, як прыбыў да нас: уратаваць ад забыцця святыя месцы, помнікі гістарычнай архітэктурнай спадчыны, якія прыхо-дзяць у заняпад, і даць ім новае жыццё. Парафіяне горача падтрымалі і як вынік – сёння адрамантаваны, адноўлены капліцы ў Любчы, Нясутычах, Мількавічах, Гарадзечна, родавая капліца Заборскіх у Навагрудку, ну і, урэшце, узяліся за святыню каля Суляцічаў.
“Узяцца” за яе, прадаўжаў Сільвестр Адамавіч, мы хацелі гадоў пяць назад. Паехалі, паглядзелі, а навокал – засеянае поле, да святыні абсалютна ніякага пад’езду. Хто ж нам дазволіць марнаваць пасевы? Прайшоў час і Бог дапамог – мясцовая гаспадарка зрабіла акружную дарогу, якая пралягла між вёскай і курганам, акурат каля святыні. І напрыканцы мінулага года, у кастрычніку, праз сайт catholik,by мы звярнуліся да ўсіх нераўнадушных людзей з просьбай прыняць удзел у суботніку па расчыстцы руінаў старадаўняй святыні. Працу спланавалі і праводзілі яе разам з супрацоўнікамі і валанцёрамі “Радыё Марыя на Беларусі”. Адгукнуліся мужчыны – больш за сорак чалавек: з бензапіламі, звычайнымі піламі, сякерамі, трымерамі, граблямі… Расчысцілі ўсё, самыя вялікія і старыя дрэвы зразалі спецыялісты – працаўнікі Навагрудскага лясгаса і Лаўцоўскага лясніцтва – вядома, са згоды на тое мясцовых уладаў. Але ж гэта ўсё – пачатак. Наперадзе шмат працы па выкарчоўцы пнёў, каранёў, замацаванню сцяны падпорамі; зробім і дах. Ведаеце, што найболей радуе, – тое, што маладыя людзі адклікаюцца, значыць – не згублена сумленне! Значыць, жыве вера!
Вераніка БЕЛЯК
Гродзенская вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.