Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Валожынскім  раёне.

 

 

Дачакаем вясны!

 

 

f-str-28У Слайкоўшчыну мы ехалі за тыдзень да Свята  Божага  Нараджэння: чысты, бы толькі што памыты асфальт нагадваў пра дбайных гаспадароў-беларусаў, якія сочаць, каб таксама чыстымі, абкошанымі і прыбранымі былі абочыны дарог і каб любы падарожны адчуў на сабе іх клопат. Дарога вяла праз лес – спакойны, па-восеньскі пануры, праз поле, засцеленае густой рунню… Зноў лес, зноў зялёная коўдра …Успомнілі колішнія зімы з вялізнымі гурбамі снегу, а перад вачыма – неспадзянка –  грацыёзныя, з доўгімі шыямі лебедзі плёскаюцца ў невялікім азярцы: не адляцелі?.. Прадказваеце цёплую зіму?.

Дзякуем Табе, Божа, за гэтую звычайную прыгажосць і за душэўны спакой, які дорыш на шляху нашых пошукаў Знакаў Божай прысутнасці.

Іван Юша з крыжам, які зрабіў яго бацька пасля той  "ваяўнічай" ночы

Іван Юша з крыжам, які зрабіў яго бацька пасля той «ваяўнічай» ночы

Слайкоўшчына – родная вёска нашага правадніка Івана Вацлававіча Юша. Зараз жыве  з сям’ёю ў Валожыне, але бацькаўшчыну не кідае – там засталося дзяцінства і маладыя гады, туды прыязджаюць яго дзеці і ўнукі, як кажуць, там зарыта яго пупавіна…

– Дарога, па якой зараз едзем, – ахвотна, па парадку тлумачыць ён, –  вядзе на Вішнева і далей, аж да самага Вільнюса. Некалі аўтобусы тут з Мінска на Літву ездзілі, а зараз – самі ведаеце… Дарога падзяляе нашу вёску папалам. У ёй болей за 100 двароў было, а зараз – некалькі чалавек, ды яшчэ чатыры сям’і вярнуліся на сталае жыццё з Валожына, пакінуўшы кватэры сваім дзецям. Паверце, ад вёскі цяжка адарвацца, калі там і дом стаіць, і садок, пасаджаны бацькам, усё яшчэ пладаносіць… На  скрыжаванні, дзе стаяць каталіцкі і права-слаўны крыжы, давайце на хвілінку застановімся…

Калісьці тут вярба стаяла і каталіцкі крыж каля яе, працягваў наш “гід”, а на пачатку  80-х улады распарадзіліся і за адну ноч знішчылі і яго, і ўсе астатнія крыжы, што былі ў вёсцы. На падворку маёй бацькоўскай хаты таксама стаяў моцны крыж з фігуркаю. Прыйшлі ўначы і зрэзалі, і ніхто з нас не прачнуўся… Бацька раніцай выйшаў на двор – замест крыжа толькі кавалак бервяна вышынёю паўтара метра. Падказалі вяскоўцы, у які бок пайшла машына з рэшткамі крыжоў, і тата пайшоў шукаць, каб зняць фігурку з нашага крыжа. Знайшоў у лесе, разбітую, але забраў. Сабраў панішчаныя кавалачкі фігурак і з іншых крыжоў і таксама прынёс дамоў. Падрамантавалі мы той крыж, ён выйшаў невялікі, а праз два гады, калі я ўжо адслужыў і вярнуўся з войска, мы з татам паехалі ў лес, выразалі хвою, ачасалі, выгаблевалі і паставілі на сваім падворку новы крыж. А два меньшыя крыжыкі, якія пасля гэтага зрабіў тата і на якіх замацаваў невялікія рэстаўрыраваныя фігуркі, захоўваюцца і сёння ў хаце.

Мар'ян Бітэль і Іван Юша - захавальнікі Знакаў Божай прысутнасці в. Слайкоўшчына

Мар’ян Бітэль і Іван Юша — захавальнікі Знакаў Божай прысутнасці в. Слайкоўшчына

Але я пазнаёмлю вас, сказаў Іван, з чалавекам, які бачыў, як гэта ўсё рабілася…

З Мар’янам Станіслававічам Бітэлем знаёмімся як сведкай гісторыі знішчэння крыжоў. Яго хата стаіць па другі бок вуліцы, амаль насупраць Іванавай.

– Я быў тады яшчэ таксама да прызыва ў войска, – пачаў свой успамін Мар’ян. – З вокнаў нашай хаты надворак Юшы быў добра відаць. А разбудзіў нас гул машыны, нейкі грукат. У нашай хаце папрачыналіся ўсе – тата з мамаю, і мы з братам, і бабуля, і дзед… Угледзелі мужчын з паднятымі каўнярамі, з сякерамі ў руках і здагадаліся, чаго яны прыехалі, але выйсці пабаяліся. Аж чуем: сякуць крыж!.. І мама вылецела-такі да іх і пачала крычаць, плачучы: “Што вы робіце, на вас хіба Бога няма?!”. “Не твоё дело!”, – і папхнулі яе назад у хату.

У тую ноч зрэзалі чатыры драўляныя крыжы і адзін металічны – трактарам гусенічным  яго зачапілі, скурожылі, скруцілі, бо іначай не паддаваўся. Але пасля, расказвалі людзі, трактарыст той бедны ў ложку праляжаў болей чым шэсць гадоў – так моцна пакутаваў…

Мар’ян добра памятае зняты той ноччу і старажытны, на жаль, не адроджаны крыж, які стаяў у агародзе ў Вікенція Дзядзюля. Яны малымі дзецьмі туды бегалі, і Мар’ян запомніў, што расказвала пра крыж яго цётка Яня (жыла ў суседняй вёсцы, але разам з жанчынамі прыходзіла сюды маліцца). Гэта было падчас Другой сусветнай вайны, калі жанчыны ноччу выткалі рушнікі, другою ноччу вышылі і накрывалі імі той намолены за доўгія дзесяцігоддзі крыж, просячы Бога, каб хутчэй скончылася вайна і каб прызваныя на фронт мужчыны вярнуліся дамоў.

– Слухайце, які сон прысніўся маёй цётцы пасля знішчэння вясковых крыжоў, – працягваў далей Мар’ян. – Быццам яны стаяць тут, моляцца, а з суседніх вёсак – Сакаўшчыны,  Бомбалаў і інш. – ідзе натоўп, побач – мужчына, накрыты чымсьці белым. Быццам Пан Езус. Ну ўсе і пачалі яму пытанні задаваць, прасіць: “Пане Езу, застанься тут з намі!”. Ен адказаў: “Не застануся.  Мяне тут не любяць, не прымаюць, мяне гоняць ад самага Ракава, падамся далей на захад. Пройдзе пэўны час – і я вярнуся зноў”. Прачнулася мая цётка, і яе ахапіў страх, трывога… Але паглядзіце, так яно і выйшла: Езуса Хрыста гналі, нішчылі Знакі Ягонай прысутнасці – вобразы, крыжы, але Ён вярнуўся і вяртаецца!

Крыжы ў Слайкоўшчыне адрадзіліся – да трох каталіцкіх далучыліся два праваслаўныя, іх зрабіў святой памяці Пётр Рубан уласнаручна; ён быў зваршчык і меў свой апарат. У другой “палавіне” вёскі, за асфальтам –  замест знішчанага каталіцкага крыжа пляменнік Мар’яна Дзмітрый Конаўка гадоў 15 таму паставіў новы.

…Стаім на бацькоўскім падворку Івана Юшы, каля таго самага крыжа, які яны рабілі з бацькам разам у 1983 годзе. Месца абнесена лёгкаю агароджаю, а вакол – “прыгатаваныя” да зімы ружы і хрызантэмы: прыкрытыя сухімі веткамі, лісцем…

– Улетку тут вельмі многа кветак-адналетак, – падказвае Іван, – за імі Галіна, мая жонка любіць  глядзець, і за ружамі яна сама “ходзіць”. А вяночкі на крыж купляем, Распяцце ніколі не бывае непрыбраным.

–А крыж, Ванька, бачыш,  крыху пахіліўся, як ні кажы, больш за сорак гадоў стаіць, – заклапочана разважае Мар’ян, – але, дай Божа, прычакаць вясну – нешта зробім, дамо рады!

 

 

 Вераніка БЕЛЯК

   Мінская вобласць  


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail:info@ dialog1994.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий