Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем  пра капліцу ў в. Несутычы на Наваградчыне.

 

 

 

Прывяжы  Мяне  дзеразою…”

 

 

 

f-str-28…Калі ўязджаеш у вёску Несутычы з боку Навагрудка (едучы, напрыклад, далей на Любчу), ужо здалёк бачыш незвычайнае сакральнае збудаванне – каплічку. Не заўважыць яе нельга, бо ў яе фактычна ўпіраешся.  Стаіць на скрыжаванні вуліц, якія ствараюць перпендыкуляр быццам пасярэдзіне крыжа, дзе перакладзіна строга перпендыкулярна яго асноўнаму элементу. А насупраць каплічкі, літаральна праз вуліцу  – слуп лініі электраперадач, які прыйшоўся па густу буслу, і той змайстраваў  сабе шыкоўнае “шматпавярховае” жытло, знізу якога звілі гнёзды дробныя птушкі: шчабечуць, нешта носяць туды ў сваіх клювіках… Не йначай як ежу птушанятам… І няма ім ніякай справы ні да тых людзей, што часам прыходзяць сюды як да намоленага месца, каб узнесці свае малітвы і просьбы да Пана Бога;  птушкі тут не палахлівыя.

Касцёла  ці царквы ў Несутычах не было, і гэтая мураваная каплічка была адзіным месцам, дзе і каталікі, і праваслаўныя знайходзілі супакой свайму сэрцу. Каплічка прамавугольная, стаіць як быццам на ўзвышшы і вядуць да яе каменныя прыступкі. Паціху падымаемся, заходзім унутр. На сцяне – крыж са скульптурным Ўкрыжаваннем Езуса Хрыста. Ногі і рукі  Ягоныя прыкрыты вышытымі ручнікамі – так Божага Сына ўпрыгожылі праваслаўныя вернікі. Канешне, столь, сцены з вонкавага боку і знутры патрабуюць рэстаўрацыі. 

І ўсё ж: адкуль такая прыгожая выява Езуса Ўкрыжаванага? Хто ўстанавіў гэты крыж у каплічцы? Наогул, ці падзеі далёкага мінулага жывуць яшчэ ў чыёйсьці памяці? Каб на гэтыя пытанні пачуць нейкія адказы, стукаем у дзверы да Меланіі Пятроўны Дзедавец.

f-str-29–Пра што пытаеце – пра нашу каплічку? – удакладніла  амаль 89-гадовая бабулька Меланія, з якой пазнаёміў нас пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку кс. Юрый Жэгарын.– Казалі, што пабудавана яна  (калі праўда) недзе болей за 200 гадоў таму.  А гэтае Распяцце  ў капліцы здаўна. Я колькі сябе помню – яно там было заўсёды, і людзі старэйшыя расказвалі, што Распяцце ад пачатку стаіць. Яшчэ казалі, што капліцу мой дзед будаваў, яго па-вясковаму маршалкам звалі, а ці так яно – не магу сцвярджаць.

Што я добра памятаю, дык гэта тое, што ў капліцы былі надта прыгожыя вокны шкляныя і што  ў нашай мясцовасці жыў пан Гутаровіч. На малітву да  капліцы хадзілі па святах дарослыя, і дзеці бегалі туды таксама. І як прыедзе, бывала, пан Гутаровіч, мы ўжо ўсе прывітаемся з ім, а ён нам сыпне цукерак; многа сыпаў, не скупіўся.  

Малітвы добра ведала яго жонка, пані Гутаровічыха як  бы ўзначальвала супольную малітву. А як прыйшлі рускія ў 39-м годзе, пан ужо выехаў, быў загад знесці кап-ліцу. Падагналі нават трактар, і ён скрабянуў тыльны бок капліцы, але ўсур’ёз нічога не парушыў.

А пасля ўжо немцы прыйшлі, вайна, але і каплічка ацалела, і Распяцце, бо людзі маліліся і прасілі Бога аб дапамозе ў цяжкі час. Пад канец вайны ў нас тут надта тыф бушаваў. Не магу пра гэта забыць: тата ў полі пасе каровы, гаспадарка ў нас вялікая была, а мама з маёю сястрою Аней у адным ложку ляжаць  – тыф; брат Лукаш – таксама тыф (і памёр ад яго); брат Жорж – паранены, падарваўся на міне. Я яшчэ малая і малюся аб тым, каб мама не памерла і каб тату на фронт не забралі. А тата мне сказаў: збірай, дачушка, мяшочак мне  з сабою. Збіраю, плачу, і трэба было па-класці туды клубочак з ніткамі і іголку. Іголку не знайшла, пайшла да суседзяў, каб пазычылі. Расказала ім, што ўся сям’я ў тыфу, толькі я і тата ў полі… А сусед, Нікадымам зваўся, і кажа: скажы свайму бацьку, каб не ехаў заўтра на зборны пункт у Навагрудак разам з вясковымі мужчынамі, а за-стаўся дома. Па яго прыедуць асобна, паглядзяць, што тыф – і не забяруць! Так яно і было, тату не за-бралі.  Але ў  хуткім часе на тыф  захварэла я… Ні дактароў, ні таблетак – нічога,  адна гарачыня; абальюць халоднаю вадою і ляжу. Памятаю адзін раз такі выпадак быў. Недалёка ад вёскі рускія салдаты прыпыпыніліся. Ідуць траіх па ву-ліцы, а ў нашай хаце вокны адчыненыя. Падыйшлі і просяць хлеба і цыбулі. Тата кажа, што ў нас тыф, а яны: от каб нам захварэць, то хоць бы паляжалі…

Страшная была хвароба, лекаў ніякіх не было, але не ўсе хварэлі і не ўсе паміралі. Наша мама, дзякаваць Богу, таксама выздаравела, і пасля вайны яшчэ двух сыноў нарадзіла. А тата на тыф і не хварэў.  Але скажу так: сям’я наша набожная была, не памаліўшыся, ніколі за стол не селі,  і Гасподзь дапамог нам. І я во, бачыце, якога веку дачакала, а працавала ў жыцці вельмі многа і цяжка. Ва ўзросце 74 гадоў  яшчэ лён на машыну ўкладвала, а гэта, каб ведалі, праца вельмі вымагальная,  не кожны мужчына справіцца акуратна!

Зноў з жыцця вам раскажу. Мне, можа, гадоў 12 ці 13 было, на той час у нас стаяла каплічка яшчэ  адна – на могілках,  і перад Вяліка-днем  сніцца мне сон: прыходжу ў тую капліцу, а цела Хрыста ляжыць тварам у снег. Паварочваецца да мяне і кажа: “Прывяжы  Мяне да крыжа хоць дзеразою…”. Неяк мне жудасна стала, і на другі дзень Вялікадня я пайшла ў капліцу – так і ёсць, як прысніла! Сын Божы ляжыць ніцма. Як гэта здарылася, не ведаю, але пайшла ў лясок, тут каля нас недалёка, навыцягала дзеразы з моху і прывязала Распяцце да крыжа.

Але той каплічкі на могілках ужо даўно няма. Жалезны крыж, што ў ёй быў, умуравалі пры ўваходзе на могілкі, а Распяцце перанеслі ў каплічку, пра якую вы пытаеце, у цэнтры вёскі. Але, кажуць, яго нехта бярэцца рэстаўрыраваць  ці што… Добра было б, каб маладзейшыя людзі ўзяліся за каплічку  ды парадачак які навесці – атынкаваць трэба, дзверы зрабіць лепшыя. Вёска не павінна застацца без знакаў Божай прысутнасці,  трэба, каб было  месца для супольных малітваў, каб людзі часцей да Бога звярталіся.

Сама я  ўсё жыццё моцна шанавала і шаную Бога, і Бог мяне беражэ на кожным кроку.

Яшчэ вам пра сябе раскажу. Захварэла я цяжкаю хваробаю, доўга ляжала ў шпіталі – нервы былі прастуджаныя. Пасля ўжо выпісалася дадому, выйшла ранкам на вуліцу, а тут зязюля непадалёк. І прашу яе: “Зязюлька сівенька, закукуй сільненька, колькі  гадоў яшчэ жыць буду…”. Накукавала мне яна 18. То 15 з іх я ўжо пражыла, а ці далей жыць буду?  – усміхнулася бабулька Меланія свайму аповеду і сама сабе адказала: “Колькі Бог дасць!”. 

– Напэўна, так, – адгукнуліся мы і шчыра падзякавалі за яе ўспаміны.

 

 

 

   Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

       Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD 

Гродзенская  вобласць


 

 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий