Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Гродзенскім раёне.
Удзячная памяць
Калі ад касцёла святых Пятра і Паўла ў в. Гожа мы праедзем каля 12 кіламетраў у бок в. Пальніца і далей, то трапім у паселішча, якое цяпер на мапах часцей абазначана як садовае таварыства «Юнацтва». Раней на гэтым месцы, на беразе Нёмана, была вёска Пералом, аж пакуль вясковых жыхароў паступова не замянілі дачнікі.
На лясным узгорку каля пасёлка знаходзіцца невялічкі касцёл. А перад касцёльным ганкам заўважны яшчэ адзін ганак, нібы самотны, без будовы, і крыж-помнік. Справа ў тым, што цяперашні касцёльчык быў пабудаваны ў 90-х гадах на памяць аб ранейшай большай святыні, якая знаходзілася на гэтым месцы і па рашэннях тагачасных дзяржаўных уладаў была разабрана на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя.
Гісторыя гэтага месца сведчыць аб прысутнасці ў ім манахаў – меншых братоў капуцынаў. Дарэчы, калі адкрыем летапіс, які браты вялі дзень пры дні падчас сваёй прысутнасці ў Пераломе і які захаваўся, то пачынаецца ён (у перакладзе на бел. мову) словамі: «Богу, праўдзе і нашчадкам. Года Панскага 1938-га, дня 27-га чэрвеня, калі на Пасадзе Пятровым быў Пій XI, прэзідэнтам Найяснейшай Рэчы Паспалітай Польшчы быў праф. Ігнацы Масціцкі, а настаяцелем Варшаўскага Камісарыята [Ордэна Капуцынаў] быў А. Арханёл з Жырардува — Меншыя Браты Капуцыны прынялі новае месца сваёй прысутнасці ў вёсцы Пералом над Нёманам, у прыгранічнай зоне Віленскай дыяцэзіі. Сустрэча з боку мясцовага насельніцтва адзначалася незвычайнай сардэчнасцю, якая праяўлялася ў прывітальных брамах, надпісах, ланцужках са сцягамі на конях і на роварах – усё гэта дало агеньчык надзеі, што новае месца нашай прысутнасці, на адлегласці 11 км пяшчанай дарогі ад шляхоў з цвёрдым пакрыццём, будзе зносна і карысна для братоў і людзей. На месцы быў убогі драўляны касцёл з цудоўным абразом Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам. Кляштару ў нас пакуль няма…”.
Кляштар быў прыбудаваны да касцёла ў тым жа годзе. Сёння можна ўбачыць яго фундамент, які захаваўся злева ад касцёла.
Такім чынам, восенню 1938 года ваколіца ўзбагацілася паўнавартаснай дзейснай прысутнасцю манахаў-капуцынаў, якіх мясцовыя адразу палюбілі. Гэта праяўлялася ў актыўнай дапамозе манахам, масавым удзеле ў набажэнствах і іншых мерапрыемствах, характэрных для таго часу. Дзякуючы надзвычай цудоўнай прыродзе гэты кляштар таксама служыў месцам вакацыйнага адпачынку для братоў з іншых капуцынскіх кляштараў у Польшчы; тут быў усцяж жывы рух і новыя твары.
Аднак, як мы цяпер добра ведаем з гісторыі, у наступныя гады братоў і мясцовых жыхароў чакала шмат пераменаў і цяжкіх выпрабаванняў. Летапіс вельмі цікава адлюстроўвае нечаканыя дэталі падзеяў, перажыванні і спадзяванні як саміх братоў, так і навакольнага насельніцтва – часам з гумарам, часам у жанры дэтэктыўнага раману, але заўсёды з пачуццем хрысціянскай веры. У гэтым невялікім нарысе можам толькі коратка распавесці асноўныя вехі існавання капуцынскага кляштара.
Пасля трывожнага верасня 1939 года кляштар апынуўся на тэрыторыі Савецкага Саюза. Прадстаўнікі савецкай улады часта прыходзілі да братоў і імкнуліся пераканаць іх у правільнасці марксісцкай філасофіі і безсэнсоўнасці рэлігіі. Братоў было пяць, калі не лічыць братоў-гасцей. А. Клеменс, настаяцель, святар і адзін брат-несвятар пасяліліся ў Гожы, а другі святар, а. Вацлаў і двое братоў-несвятароў засталіся ў Пераломе. Пазней далучыўся яшчэ адзін брат-клерык, бо капуцынская семінарыя ў часе вайны прыпыніла сваю дзейнасць. Прыкладна ў той час браты пабудавалі недалёка ад кляштара домік-пустэльню, якая там знаходзіцца і цяпер.
Калі ў 1941 г. прыйшлі немцы, пераследу менавіта рэлігійнага жыцця не было, але ў 1942 г. арыштавалі а. Вацлава і адправілі ў канцлагер за тое, што кляштар своечасова не здаў адпаведную колькасць прадуктаў, паводле акупацыйных прадпісанняў.
Калі вярнулася савецкая ўлада, то ў 1945 г. мусіў уцякаць а. Клеменс, настаяцель, пазбягаючы амаль немінуючага арышту. У наступныя гады былі арыштаваныя шматлікія парафіяне за сувязі з польскімі партызанамі. У 1946 г., падчас масавага перасялення большасці мясцовых жыхароў у Польшчу, выехаў і яшчэ адзін з братоў. Засталіся ў кляштары тры браты-несвятары. Былі спробы запрасіць святара-капуцына з Літвы (на той час савецкай рэспублікі), але рэалізаваць гэта арганізацыйна не атрымалася. З іншага боку, дзяржаўная ўлада паступова “націскала” і ў 1953 г. у будынку кляштара зрабілі школу. Браты вымушаныя былі пражываць дзе давядзецца: у закрыстыі, у пустэльні і т.п. У 1955 г. выехаў у Польшчу яшчэ адзін з братоў – арганіст, найболей з іх адукаваны.
На гэтым летапіс кляштара заканчваецца. Засталіся бр. Караль Шчэпанэк і бр. Крыспін Чышэк. У 60-я гады ўлады школу закрылі, а будынак кляштара разабралі і перанеслі за рэку ў в. Сонічы.
Бр. Караль больш часу пачаў праводзіць пры касцёле Маці Божай Анельскай у Гродне, якім апекаваліся браты францішкане канвентуальныя.
Некалькі разоў выязджаў у Польшчу (быццам да сваякоў) і патаемна там атрымаў святарскае пасвячэнне, а ў 70-х гадах быў прызначаны пробашчам у парафію вёскі Ліпнішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Бр. Крыспін жыў у Пераломе ў пустэльні, прыбіраўся ў манаскае адзенне, даваў сведчанне хрысціянскага манаскага жыцця. У 1984 годзе брат Караль забраў яго ў Ліпнішкі, дзе ў 1986 г. Крыспін адышоў да Пана. А брат Караль скончыў сваю зямную вандроўку ў 2004 годзе. Абодва браты пахаваныя пры касцёле ў Ліпнішках.
Цяпер, хаця ў многіх жыхароў ваколіц былога Пералома і застаецца ўдзячная памяць пра капуцынаў, пастаяннай прысутнасці братоў там няма. Ва ўзгаданым касцёльчыку няма сістэматычных набажэнстваў. Толькі два разы на год гэтае месца ажывае – падчас урачыстасці тытула касцёла Святога Юрыя вясной і ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі – у верасні. Тады пробашч парафіі ў Гожы арганізоўвае ўрачыстую цэлебрацыю Святой Імшы, а хтосьці ад капуцынаў звычайна прамаўляе казанне. І варта заўважыць: шмат людзей прыязджаюць і ўдзельнічаюць у гэтых урачыстасцях.

з нагоды 25-годдзя заснавання Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.
Аднак галоўным плёнам сведчання гэтых двух брацішкаў, якія засталіся ў атэістычнай дзяржаве і мужна працягвалі, як маглі, жыць сваім манаскім пакліканнем, напэўна з’яўляецца росквіт супольнасці капуцынаў у Беларусі ў 90-я гады мінулага стагоддзя, трыванне дагэтуль многіх сучасных братоў у сваім пакліканні і служэнне Богу і людзям у розных мясцовасцях нашай краіны і за мяжой.
бр. Яраслаў Крыловіч, капуцын.
Фота з архіва Меншых Братоў Капуцынаў.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by, info@ dialog1994.by
Будзем моцна ўдзячныя.