Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Гродзенскім  і Мінскім раёнах.

 

 

На зямлі продкаў

 

 

…Мы ведалі, да каго едзем на сустрэчу: католік па веравызнанні, захавальнік Знакаў Божай прысутнасці і шанавальнік памяці продкаў; інжынер па адукацыі, практык у сферы транспарту і камунікацый, ратавальнік старажытных млыноў; байкер са стажам, прыхільнік верхавой язды ў школе коннага спорту; бізнесовец – вытворца эксклюзіўных ботаў для беларускага матацыклетнага эскорту і для коннага эскадрона Крамля, заснавальнік адзінай у нашай рэспубліцы беларускамоўнай стаматалагічнай лякарні. Муж, бацька, дзядуля Францішак Жылка.

f-str-28 …На “рэсэпшэн” у мінскай лякарні нас сустрэла мілавідная жанчына, апранутая ў беларускую кашулю-вышыванку: “Заходзьце, калі ласка, заходзьце смялей!”, – запрасіла яна, і ў тую ж хвіліну дзверы кабінета расчыніў Францішак Баляслававіч: “О, добры дзень! Можа, гарбаты пап’яце ці соку з клёну?.. Ведаеце яго смак? Без ніякіх дадаткаў, толькі з водарам прыроды…”. Гасціннасць і прыязнасць спадара Францішка была такой натуральнай, што адчулі мы сябе, быццам даўно знаёмыя. А ён тым часам прапанаваў альбом, дзе занатавана ўсё, што звязана з мэтай нашага прыезду: “Гартайце, тут усё – і што было, і што  сталася…”

 Шчыра кажучы, у дзверы да спадара Францішка пастукалі мы не выпадкова. Вандруючы ў пошуках Знакаў Божай прысутнасці, яшчэ некалькі гадоў таму заўважылі старадаўнюю капліцу Святога Яна Хрысціцеля, якая знаходзіцца за кіламетр на поўнач ад в. Вішнева, гэта па дарозе са Смаргоні ў бок Свіра.

Каля капліцы Святога Яна Хрысціцеля ў дзень яе асвячэння – 27 чэрвеня 2021 г.

Каля капліцы Святога Яна Хрысціцеля ў дзень яе асвячэння – 27 чэрвеня 2021 г.

Тады капліца стаяла ў рыштаваннях, пакідаючы парафіянам і пілігрымам надзею, што будзе адноўлена. Але дзе сродкі на гэта ў нешматлікай парафіі? Пазней даведаліся, што справу па  адраджэнні сакральнай пабудовы ўзяў на сябе спадар Францішак.

– Наш вялікі і разгалінаваны род Жылкаў, – пачаў успамін Францішак Баляслававіч, – вядзе свой адлік недзе з ХVIII ст. У 1900 г. Жылкі, якія жылі ў засценку Роскаш у былой Вішнеўскай гміне, набылі маёнтак Стаўбуцева надалёка ад Жодзішкаў і ў ім пасяліліся. Былі моцна набожныя, працавітыя, між сабою памяркоўныя, набывалі землі, стваралі свае асабістыя сем’і і прайшлі праз усе тыя цяжкія вы-прабаванні лёсу, якія выпалі на долю іх пакаленняў (у 2018 г. у Мінску выйшла кніга двух аўтараў, адзін з іх Фэлікс Жылка, які ў сваёй частцы“Мае ўспаміны” дакладна апісаў жыццё іх сем’яў у першую палову ХХ ст.). Маё прагненне аднавіць капліцу нарадзілася з вялікай падзякі Богу за жыццё. Праз гэта я хацеў адудзячыць таксама малой радзіме, маім бацькам – я ж нарадзіўся і правёў дзяцінства ў той самай в. Стаўбуцева, – усім маім далёкім і блізкім продкам за вялікую навуку жыцця, якую яны даносілі  нам сваім асабістым прыкладам веры, працы і адданасці сваёй зямлі.

Наконт даты ўзвядзення капліцы існуюць розныя меркаванні; адныя крыніцы  называюць XVII ст., іншыя – XVIII ст., яшчэ іншыя – пасля 1875 года.

Захавальнік і стваральнік Знакаў Божай прысутнасці Францішак Баляслававіч Жылка

Захавальнік і стваральнік Знакаў Божай прысутнасці Францішак Баляслававіч Жылка

– Можа да гэтай дакладнасці і ўдасца калі-небудзь дайсці праз архівы, – разважае суразмоўца. – Можа, удасца адказаць і на другое пытанне: чаму капліца стаіць у лесе? Не маглі планаваць сакральную пабудову дзе папала. Аднак, калі браўся я за рэстаўрацыю, то істотна гэта нічога не мяняла, таму што дапамога была патрэбна ёй тэрміновая. Капліца прыгожая, вышынёю 9 метраў. Перад рэстаўратарамі стаяла задача: аднавіць усе архітэктурныя элементы, нават тыя, якія не захаваліся, і якасна правесці ўсе працы з разлікам на доўгія гады. Працэс быў скрупулёзны, працавалі вопытныя спецыялісты.  Імкнучыся да яе аўтэнтычнасці, спачатку рабілі здымкі, праводзілі розныя замеры і падлікі, ачышчалі цэглу. У выніку цэглу часткова выкарысталі тую самую, а купал зрабілі з новай. Пашчасціла адшукаць і ўстанавіць на даху арыгінальны крыж, які і быў калісьці на гэтай капліцы. А фігурку Св. Яна Хрысціцеля, што знаходзіцца ў святыні, па замове вернікаў  Вішнеўскай парафіі вырабілі польскія майстры. І 27 чэрвеня 2021 года адноўленую святыню асвяціў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён выказаў надзею, што  парафіяне будуць  пад-трымліваць яе  ў належным стане, а Святы Ян Хрысціцель, у гонар якога асвечана гэтая капліца, заўсёды будзе накіроўваць вернікаў і пілігрымаў на дарогу святасці  і хрысціянскай  дасканаласці.f-str-34

…Гартаем фотаальбом, просім нашага суразмоўцу застанавіцца на здымках, на якіх ушанаваны дарагія яму постаці родных, аднавяскоўцаў, душпастыраў, якія працавалі ў Жодзішкаўскай, Вішнеўскай, Смаргонскай і іншых парафіях у розныя гады, і ўсё болей напаўняемся павагай да спадара Францішка: сціплы, дакладны, разважлівы ў меркаваннях і ўлюбёны ў родную зямлю і родную мову чалавек. Сапраўды, як не любіць матчыну мову – мілагучную, яскравую, трапную, якая ўлівалася ў нас з дзяцінства разам з тымі хвалямі рэчкі ці жыта, па якіх бегалі басанож…  Таму вось і на сучаснай яго “рэсэпшэн” усе па-беларуску. А як іначай  –  не ведаць родную мову было б сорамна…

Наш погляд прыцягвае здымак з адлюстраваннем каменнай капліцы – не, не старажытнай, яе пабудову фінансіраваў Францішак Баляслававіч на пачатку 2000-х.

...У дзень асвячэння капліцы Святога  Францішка Асізскага ў в. Стаўбуцева, кастрычнік 2007 г.

…У дзень асвячэння капліцы Святога
Францішка Асізскага ў в. Стаўбуцева, кастрычнік 2007 г.

– Гісторыя ўзнікнення каплічкі Святога Францішка Асізскага ў Стаўбуцева такая, – паважліва распавядае спадар Жылка. – Родны брат майго таты, дзядзька Францішак, адыходзячы ў войска ў 1937 годзе, паставіў на бацькоўскім полі, пры дарозе дубовы крыж. Праз два гады дэмабілізаваўся, але ў верасні 1939-га зноў быў прызваны – у маладзечанскі  полк пяхоты і на сваю радзіму болей не вярнуўся. Толькі праз 70 гадоў мы даведаліся, што загінуў 4 верасня 1939 года, стрымліваючы націск немцаў на польскі горад Пётркув Трыбунальскі, і там пахаваны. 70 гадоў прастаяў і ягоны крыж. І калі ўпаў, падгніўшы, прыйшлося вырашаць пытанне: ці крыж зноў паставіць на тым месцы ці капліцу? Наш тата з жыцця ўжо адышоў, а мама ні на чым не настойвала, проста прамовіла: “У каплічцы маліцца было б утульней…”. 

    І праца па ўзвядзенні капліцы пачалася, але не была яна лёгкай. Па-першае, было вельмі складана знайсці майстроў, якія працавалі б наогул з камянямі, а па-другое, камяні – не цэгла, не ляжаць, як ты хацеў бы, – “плывуць”. Але, дзякаваць Богу, пабудавалі: зрабілі моцны фундамент, шырокія сцены… У ёй  можа змясціцца за дваццаць чалавек. У кастрычніку 2007 года біскуп Аляксандр  Кашкевіч асвяціў  капліцу пад тытулам Святога Францішка.

Капліца  Маці Божай на прыдамавой тэрыторыі  сям'і  Жылка  ў вёсцы Пярэсека

Капліца Маці Божай на прыдамавой тэрыторыі
сям’і Жылка ў вёсцы Пярэсека

…Так, нашыя далёкія продкі ніколі не будуць ведаць, ці памятаем мы, сённяшнія, пра іх, ці ўшаноўваем іх памяць. А можа і ведаюць?.. Сваю падзяку продкам, памяць пра іх спадар Жылка ўвасабляе ў капліцах, крыжах, сакральных фігурах… З яго ініцыятывы адноўлена старажытная капліца на жодзішкаўскіх могілках, дзе пахаваныя яго бацькі; перад касцёлам Святой Тройцы ў Жодзішках паўстала белая мармуровая фігура Маці Божай. Зараз Францішак Баляслававіч жыве на міншчыне, у в. Пярэсека. Пры ўездзе ў вёску паставіў металічны крыж, на тэрыторыі свайго двара – капліцу Маці Божай.

…Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай.   Амэн.

 

 

 Вераніка БЕЛЯК

Гродзенская вобл. – Мінск


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий