Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра крыж прыдарожны ў Жабінкаўскім раёне.

 

 

Крыж удзячнасці

 

 

Перш за ўсё, падзякуем  нашай чытачцы Тэрэсе Юшкевіч, якая падказала нам адрас нашай чарговай “пілігрымкі” у Жабінкаўскі раён, дзе на скрыжаванні дарог з в. Хмялёва і в. Жыцін стаіць прыдарожны крыж, гісторыя якога звязана з барацьбою  савецкай улады супраць  рэлігіі.

 

…Баліць, моцна баліць сэрца, калі едзеш па нашых беларускіх вёсачках і бачыш хаты, што стаяць з забітымі вокнамі, паступова ўрастаючы ў зямлю. Пакрыліся бур’янам двары, паразвальваліся платы. Сям-там засталіся калодзежы. Ці ёсць у іх вада? Але каму патрэбна… Можа, якому выпадковаму падарожнаму і патрэбна, а хіба дастане – няма ўжо ні корбы, ні ланцуга, ні вядра пры ім. Толькі сады, даволі вялікія, таксама моцна пазарасталыя, нагадваюць пра дбайнасць і руплівасць былых гаспадароў, якіх даўно, як кажуць, на гэтым свеце няма. Выміраюць вёсачкі – не гудуць вяселлямі, не гамоняць з радасці народзінаў немаўлятак, а калісьці ў кожнай хаце жыццё віравала. Сёння каля дзедавай хаты часцей можна заўважыць дымок, ад якога пацягне водарам шашлыка, што азначае: на адпачынак прыехала кампанія. Што тут сказаць – новы час, новае пакаленне!

Але як з кожнага правіла ёсць выключэнні, так і тут – не ўсё і не ўсюды аднолькава. Зараз мы пра Лясоты – невялікую вёсачку ў Жабінкаўскім раёне. Можаце сабе ўявіць: у 1905 годзе тут, згодна з парафіяльнай картатэкай, налічвалася 90 хат; у 1999 годзе, падавала статыстыка, насельніцтва складала 22 чалавекі, у 2010-м – 8, а сёння – усяго  3.  І менавіта дзеля гэтых трох абарыгенаў  – Сальвіны Лясота, Казіміра Цярпілоўскага і Эдмунда Лясота – мы з бр. Карнэліем і прыехалі ў вёску. Дакладней сказаць, то не дзеля іх самых, а каб пачуць гісторыю прыдарожнага крыжа, якую яны добра ведаюць.

f-str-28– Наш крыж мае багатую гісторыю, – пачала свой успамін 94-гадовая Сальвінка (так завуць тут Сальвіну Міхайлаўну Лясота). –  Свайго касцёла ў нас не было, і мы з вясковымі дзяўчаткамі бегалі на св. Імшу да касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Чарнаўчыцы. Мне было гадоў можа 10-12 (роджана я ў маі 1926 г.), і добра памятаю, як каля крыжа астанаўліваліся, маліліся і беглі далей. Падобна, крыж быў стары, дрэўца яго выглядала моцна шэрым, і мы кветак нарвём, вяночак спляцём, каб яго ўпрыгожыць, ведалі, што гэта Божы знак і яго трэба шанаваць. У хуткім часе польскія афіцэры, так казалі старэйшыя людзі,  знялі стары крыж і на тым самым месцы паставілі новы, дубовы; тут жа была тады польская тэрыторыя. Ксёндз Антоні Гжыбоўскі, пробашч касцёла ў Чарнаўчыцах, асвяціў яго, тут прайшла вялікая ўрачыстасць, людзі прыбылі нават з Жабінкі, з Падлесся, іншых вёсак. Мы пачалі хадзіць да крыжа на маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы – і моладзь, і людзі старэйшага веку. Нават у вайну хадзілі, прасілі ў Пана Бога дапамогі, каб хаты не згарэлі, каб ніхто з жыхароў не загінуў, – заўсёды надзея толькі на Бога. 

94 - гадовая Сальвіна Міхайлаўна Лясота

94 — гадовая Сальвіна Міхайлаўна Лясота

– Дзякаваць Богу Найвышшаму – вайну перажылі, – працягвала далей жанчына. –  І што вы думаеце? Новая бяда прыйшла. Саветы пачалі вайну супраць Бога – спілавалі  прыдарожны крыж, зацягнулі яго далёка ў лес аж за вёску Рудка. Гэта стала вялікім абурэннем для мясцовых католікаў; мы хваляваліся, жанчыны плакалі. Праз некаторы час людзі ўсё ж дазналіся, дзе кінуты крыж, і двое мужчын  – Петрусь Сінкевіч і Ян Сінкевіч за-праглі каня і ноччу, патаемна прывезлі крыж ў нашу вёску да бабы Зосі  (Соф’і  Лясоты). Схавалі ў хляве на гарышчы, у сена. Праляжаў там ён многа гадоў, пакуль дачакаўся той “перастройкі”, і мясцовыя ўлады дазволілі зноў па-ставіць крыж пры дарозе. І зноў была вялікая ўрачыстасць, крыж асвяціў пробашч касцёла Ўзвышэння Святога Крыжа з Брэста кс. Збігнеў Караляк. Гэты крыж людзі назвалі крыжом удзячнасці, бо ён уратаваў і вёску, і жыхароў падчас Другой сусветнай вайны. Пазней вернікі  пасадзілі каля крыжа чатыры ёлачкі. На жаль, дзве засохлі, а дзве, вялізныя, і сёння стаяць, быццам вартавыя  крыжа…

Наведалі мы і Казіміра Цярпілоўскага. Сустрэў ветліва, але, даведаўшыся, што гісторыю крыжа ўжо расказала нам Сальвінка, заўважыў: “Як так, то я болей нічога не дабаўлю, бо яна маладзейшая, (Казіміру 97 гадоў), памяць лепшую мае”.  90-гадовы Эдмунд ад сустрэчы адмовіўся – занямог.

…Ўсё ж нам у той дзень крыху  пашанцавала: акурат каля крыжа сустрэліся з Галінай Мікуц – жанчынай, якая абслугоўвае адзінокіх. Сацыяльны работнік, яна добра ведае іх, кожны дзень возіць прадукты, лекі. Астановіцца каля крыжа – пазбірае кветкі і вяночкі, што вецер паразганяе, папросіць Бога і Маці Божую аб міласэрнасці для свае сям’і і для сваіх падапечных. Расказала, як была моцна здзіўлена, заўважыўшы аднойчы ўнутры агароджы праваслаўны крыж невялікіх памераў  “з нержавейкі”: адкуль ён тут узяўся, хто сюды яго ўкінуў, з якой мэтай. Падняла – і куды яго цяпер? Паехала за парадаю да той самай Сальвінкі: “Міхайлаўна, што з крыжам будзем рабіць?”. “Каб ты мела час, няхай бы ў царкву адвезла ці ў манастыр”, – адказала.  “А ў мяне, – прызнаецца Галіна, – і рукі не горнуцца, каб гэтага  крыжа хутчэй пазбавіцца. Паказала свайму сыну. Андрэй кажа: мама, не хвалюйся, так ужо Бог даў, каб ты гэты крыж знайшла. Я пачышчу яго і не трэба нікуды везці. Прымацуем да агароджы. Так і зрабілі. Зараз два крыжы – вялікі каталіцкі і маленькі праваслаўны – ахоўваюць супакой гэтага куточка зямлі. А я тут кожны дзень з падзякай успомню тых адважных мужчын, што перахоўвалі крыж ноччу, бабу Зосю, якая не пабаялася ўзяць на сябе такі “кампрамат” і падумаю: Божая справа ніколі не загіне.

…А што вылучае вёсачку сярод ёй падобных? Яна паціху ажывае! Калісьці жылі ў ёй надта працавітыя і зусім не бедныя людзі. Кожны трымаў добрую гаспадарку, мелі, як кажуць, хлеб і да хлеба, але чалавечы век кароткі – адыйшлі ў вечнасць, а нашчадкі, на жаль, не ва ўсіх засталіся. Сёння Лясоты прымаюць іншых жыхароў – “дачнікаў”. Людзі  ахвотна набываюць тут хаты, каб хоць на кароткі час вярнуць тое, што адыйшло, – заняцца агародам, прысадзінамі, пабыць сам-на-сам з прыродай, паслухаць чароўны спеў птушак на золку і падзякаваць Богу за цудоўныя мясцовыя краявіды.

 

   Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

       Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD 

Брэсцкая  вобласць


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий