Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра каплічкі, пабудаваныя вернікамі Будслаўскай парафіі аднафамільцамі Апанасевічамі.
Апанасевічы і іх каплічкі
…Цудоўнейшай назвы для гэтай вёсачкі не прыдумаеш – Грыбкі. З усіх бакоў непадалёку ад яе лясы, у якіх, расказваюць мясцовыя, грыбоў у сезон дастаткова – толькі не лянуйся. І грыбнікоў бывае шмат. Нават тыя, хто прыязджае пазнаёміцца з каплічкай, што прытулілася каля самага лесу, імкнуцца прабегчыся хоць па яго ўскрайку…
Так, каплічка Найсвяцейшай Панны Марыі прытулілася сапраўды. Стаіць, крыху самотная, пры-кладна ў кіламетры на поўнач ад вёскі. Калісьці лес не падыходзіў да яе так блізка і стаяла яна фактычна пры дарозе, якая вяла з Грыбкоў у в. Старыя Габы праз адно з прыгажэйшых балот нашай краіны – Габскае. У першую сусветную вайну праз яго была нават зроблена грэбля – земляны насып, па якім прайходзіў шлях у бок мястэчка Паставы. А каплічка? Якія звесткі захаваліся пра яе? Адказ на гэтае пытанне мы паспрабавалі адшукаць у Будслаўскай парафіі, да якой і належыць вёска.
– Цяжка знайсці пацверджанне, – расказвае парафіянін, жыхар вёскі Палессе Яўген Апанасевіч, – але з пакалення ў пакаленне перадаецца такая гісторыя. У адной сям’і, дарэчы, па прозвішчы таксама Апанасевіч, падрастала дзяўчынка, якая мела вельмі слабае здароўе і да 12 гадоў не магла хадзіць. Бацькі вырашылі ахвяраваць капліцу, маючы надзею, што Бог аздаравіць іх дзіця. А паколькі хутар іх быў тут недалёка, то і капліцу пабудавалі менавіта тут, пры самай дарозе. Адбылося гэта ў 1938 годзе. Ці хто ішоў пехатою, ці хто ехаў – усе астанаўліваліся, узносячы да Бога свае шчырыя малітвы. А ў дзень 15 мая штогод тут адбывалася адмысловае набажэнства – у знак асвячэння капліцы Найсвяцейшай Панны Марыі. Майскія набажэнствы адбываюцца тут і зараз, але людзей бывае не шмат – пастаянна пражываючых мясцовых тут не болей за пяць чалавек, хіба толькі экскурсанты прыедуць…
Цікавасць гэтая каплічка вызывае яшчэ і па той прычыне, што падчас Другой сусветнай вайны, у 1942 годзе, партызаны забілі тут нямецкага салдата, і жыхары хутароў, памятаючы пра ўчынкі міласэрнасці для цела бліжняга – пахаваць памерлага – і пахавалі яго недалёка каля капліцы. Магілка заметная і сёння, прама на ёй вырасла вялізная (напэўна ж, сама па сабе) ліпа. А хто быў той салдат і адкуль – нічога не вядома. Тыя, хто прыязджае наведаць капліцу і памаліцца ў ёй, заўсёды падыходзяць і да магілкі салдата варожага войска. Пастаяць у задуменні, памоляцца “Вечны адпачынак дай яму, Пане”. Сказаў жа Езус, любіце ворагаў вашых…
Мясцовыя імкнуцца як мага лепей захоўваць гэтае сакральнае збудаванне. У 90-я гады мінулага стагоддзя колішні закрыстыянін Будслаўскага касцёла святой памяці Войцэх Апанасевіч прырабіў да капліцы прыбудоўку. Сіламі парафіянаў у 2000 годзе каля капліцы пастаўлены крыж. А былы старшыня Будслаўскага сельсавета Павел Швайкоўскі зрабіў фігуру Маці Божай, якую гадоў дзесяць таму ўстанавілі на тэрыторыі кап-ліцы. Гэтыя факты гавораць самі за сябе.
Каплічка Найсвяцейшай Панны Марыі ў Грыбках у гэтых краях, аднак, не адзіная. У суседняй вёсцы Алешкі капліца Маці Божай вырасла ўжо ў нашыя часы.
– Гадоў пятнаццаць таму, – расказвае Віктар Іосіфавіч Апанасевіч, які мае самае непасрэднае дачыненне да будаўніцтва, – з’явілася ідэя ўзвесці каплічку ў нашай вёсцы – патрэба маліцца, даверыць Богу свае асабістыя просьбы і свой боль ёсць хіба ў кожнага чалавека, а да касцёла акурат кожны і не заўсёды можа даехаць. Параіліся людзі між сабою, звярнуліся за парадаю да мясцовых уладаў, атрымалі ад іх згоду і пачалі справу: навазілі каменняў з поля, пяску, сабралі грошы, каб купіць цэмент, з Вілейкі запрасілі будаўнікоў. Канешне, вопыту ўзвядзення такіх пабудоваў ні ў кога з нас не было, але было вялікае жаданне, і праз тыдзень наша каплічка арачнага тыпу, падобную якой мы падгле-дзелі на фота ў адным з часопісаў, ужо стаяла. Пазней накуплялі сажанцаў туі, кветак, вясною і летам тут вельмі прыгожа.
– Павінен сказаць,– працягваў суразмоўца, – што канкрэтнае месца, дзе яна пабудаваная, абрана таксама невыпадкова. Старэйшыя жыхары вёскі памятаюць, што падчас Другой сусветнай вайны менавіта на гэтым самым месцы амаль не загінула ўся вёска Алешкі. А повад быў такі. Партызаны ўзарвалі нямецкую машыну, і карнікі, доўга не разбіраючыся, сагналі на гэтае месца старых, малых, жанчын, пагражалі, што заб’юць усіх і спаляць, калі ніхто з сагнаных не прызнаецца ў прычыненні шкоды Вермахту. Не прызнаўся ніхто, бо ніхто не зрабіў гэтага. Аднак, пакрычаўшы і пастраляўшы ў паветра, паслухаўшы довады напалоханых людзей, захопнікі ўсё ж адпусцілі вяскоўцаў; ніхто тады не пацярпеў. Таму сваю каплічку мы лічым бачным знакам Божай прысутнасці, адначасова – і знакам удзячнасці Богу за захаванае жыццё.
Пасля была ўрачыстасць асвячэння капліцы, якую ажыццявіў тагачасны кусташ Нацыянальнага Санктуарыя Маці Божай Будслаўскай кс. Віктар Бурлака. Дарэчы, ён і прывёз фігуру Маці Божай, якая ўстаноўлена ў каплічцы. Зараз каля яе збіраюцца вернікі на маёвыя набажэнствы, пробашч Будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік некалькі разоў на год цэлебруе святую Імшу.
…Перад тым, як паставіць апошнюю кропку ў роспаведзе пра капліцы, збудаваныя аднафамільцамі Апанасевічамі з суседніх вёсак, падзякуем таму самаму Яўгену Апанасевічу – сыну Віктара Іосіфавіча, гісторыку з пачэсным тытулам “Лепшы экскурсавод Беларусі 2018 года”, які нарадзіўся, жыў, атрымаў вышэйшую адукацыю ў сталіцы краіны, а пасля разам з жонкай і дзецьмі вярнуўся на вёску, каб жыць у ёй, вывучаць мінулае і ўзбагачаць ведамі іншых. Будслаў для яго – калыска, у якой пачуў ад бабулі першую песню пра Бога, праводзіў тут усе школьныя канікулы, служыў міністрантам у касцёле, для каго зараз святыня – не толькі месца для малітвы, але і вялікая духоўная скарбніца, сацыяльны інстытут, у якім патрэбна вучыцца, каб узбагачаць сваю душу. Яўген і паказаў нам гэтыя сакральныя збудаванні…
Тэкст Веранікі БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.