Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць. Сёння гісторык Дзмітрый Загацкі пачынае размову пра капліцы.
Захавай нас, Пане!
Паводле адной з версій, назва «капліца» паходзіць ад лацінскага слова «cappa», ці паліто. Гэта адносіцца да плашча св. Марціна, які разрэзаў яго на дзве паловы і адной з іх накрыў жабрака. Плашч той захоўваўся ў будынку з адмысловай архітэктурай. Такі будынак называўся папросту “капліца”.
Першыя капліцы і прыдарожныя крыжы з’явіліся на нашай зямлі з распаўсюджаннем хрысціянства ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага. Гэта былі такія малітоўныя знакі, памкненні, накіраваныя да Бога, а таксама прыкметы веры, якія ўказвалі прыналежнасць да хрысціянскіх краінаў. Перад крыжам ці каплічкай людзі здымалі шапку і рабілі на сабе знак крыжа. Існавала таксама перакананне, што раздарожжы з’яўляюцца ўлюбёным месцам нячыстых паганскіх сіл, а крыж або капліца, збудаваныя ў гэтым месцы, былі знакам перамогі Езуса Хрыста над імі.
Напачатку крыжы і капліцы рабіліся з дрэва. Пазней гэты матэрыял паступова выцясняўся больш трывалым каменем або цэглай. На многіх крыжах пачалі змяшчаць распяцці. Потым з’явіліся мураваныя капліцы ў выглядзе слупа з паглыбеннямі, якія з цягам часу ператварыліся ў мураваныя каплічкі са скульптурамі і малюнкамі.
У XVI стагоддзі пачалі паўставаць капліцы з фігурамі Езуса ў журбе. Гэта быў красамоўны знак для спрацаванага селяніна і напамін пра тое, што ўсе цяжкасці і пакуты акупяцца ўваскрасеннем. Падчас падзелаў Рэчы Паспалітай ідэя пакуты і ўваскрасення распаўсюдзілася на ўсю краіну.
З цягам часу з’яўляліся ўсё больш дасканалыя формы прыдарожных каплічак, у тым ліку будынкі. Напачатку іх фундатарамі былі ўладальнікі маёнткаў, а потым, асабліва ў XIX стагоддзі, фундавала іх сельскае або гарадское насельніцтва. Часцей за ўсё капліцы прысвячаліся Езусу, Маці Божай, Святой Тройцы. Яны ўзво-дзіліся для таго, каб прасіць Божай апекі пры пагрозах, такіх, як пажар, вайна і зараза. Гэтыя тры з’явы апусташалі часам цэлыя вёскі, забіраючы ўсе вынікі працы і нават жыццё. Ад маленькай іскры магла згарэць уся вёска, бо дамы будаваліся амаль цалкам з дрэва. У выпадку пажару не было ніякага паратунку для будынкаў, пакрытых саломай, якія цесна прымыкалі адзін да аднаго. Пажары часта суправаджаліся перамяшчэннем замежных войскаў. Варожыя арміі палілі і рабавалі набытак усяго жыцця. Усім, ад селяніна да пана, пагражала смяротная небяспека. Вайна сябравала з голадам. Эпідэміі розных хваробаў, якія звычайна называлі заразай, касілі жыхароў вёсак і гарадоў. У сваёй бездапаможнасці супраць гэтых бедаў чалавек ставіў знакі Божай прысутнасці, цвёрда верачы, што Пан Бог сваёй рукою спыніць блізкую небяспеку. А калі бяда была непазбежнай і смерць зазірала ў вочы, Ён даваў надзею на вечнае жыццё.
Прыдарожныя фігуры выстаўляліся таксама як сімвал падзякі за выратаванае жыццё або іншыя міласці, атрыманыя ад Бога. Такімі знакамі таксама адзначалі месцы трагічных падзей. Пад каплічкай часам змяшчалі алтары, асвячалі ежу ў Вялікую Суботу, а найчасцей развітваліся з памерлымі і спявалі чэрвеньскія набажэнствы і самыя папулярныя – “маёвыя”. Частка гэтых традыцый, асабліва асвячэнне палёў і спеў маёвых песень, захаваліся пры некаторых каплічках да нашых дзён.
У ваколіцах Дзятлава напярэдадні вайны каталікі складалі большасць насельніцтва ў шэрагу вёсак. Яны, а таксама іх дзеці і ўнукі, трымалі святло веры ў гэтым краі. Менавіта дзякуючы ім захаваліся да нашых дзён капліцы ў Запашцы, Ятвезі, Рандзілаўшчыне. Каплічка ў Ятвезі паўстала ў 1906 годзе. Пра гэта сведчыць адмысловы надпіс. Размешчана на ёй таксама цытата з Новага Запавету: «Благаславёныя вы, калі будуць вас ганьбіць і казаць усё злое супраць вас …» (Мц 5, 10). Капліцу ў Запашцы пабудавалі на сродкі мясцовага насельніцтва ў 1936 годзе. Яна мае наступны надпіс: «Ад паветра, голаду, агню і вайны выбаў нас, Пане». Капліца ў Рандзілаўшчыне не датавана.
Бракуе дадзеных аб фундатарах гэтых каплічак. Таксама няма інфармацыі пра будаўнікоў. Тым не менш гэта цалкам натуральна, бо ў гісторыях прыдарожных капліц і крыжоў часта захоўваюцца вельмі асабістыя драмы і радасці фундатараў, якія не заўсёды хацелі рабіць іх шырока вядомымі. Раскрытыя ж намеры іх стварэння праяўляюць асаблівую сілу веры таксама ў выпадковай аўдыторыі, як доказ пачутых малітваў, Божай сілы і веры чалавека.
Ці маюць сёння прыдарожныя святыні тое самае значэнне, што мелі для нашых продкаў? На жаль, усё змянілася, і не ў лепшы бок. Прыдарожныя каплічкі ў большасці выпадкаў знаходзяцца пад апекай мясцовых супольнасцей. Падтрымліваецца вакол іх парадак у меру магчымасці, аднаўляюцца, перафарбоўваюцца, дэкаруюцца сцягамі і стужкамі, упрыгожваюцца кветкамі. З’яўляюцца яны, аднак, больш сведкамі мінулага, чым патрэбай сучаснасці. Усё менш і менш тых, хто затрымліваецца хаця б на хвіліну, каб паглядзець на Езуса або Панну Марыю і даверыць ім свае справы або папрасіць аб апецы. І ў гэтым не толькі віна атэістычнай палітыкі, але віна чалавека ў XXI стагоддзі, які імкнецца найперш задавальняць свае матэрыяльныя патрэбы. Шкада, што гэта адбываецца. Бо прыдарожная капліца не проста славутасць ці помнік культуры. Гэта – частка нашай гісторыі. Гэта – знак Божай прысутнасці. Гэта – унікальнае сведчанне мінулага для цяперашняга пакалення. Таму, праходзячы каля яе, мы павінны спыніцца на імгненне, адчуць святасць гэтага месца і падумаць аб недаўгавечнасці чалавека.
Дзмітрый ЗАГАЦКІ.
Здымкі прадастаўлены аўтарам.
Гродзенская вобл.
Ад рэдакцыі: дзякуем аўтару за распачацце тэмы, якая, на наш погляд, сапраўды цікавіць і хвалюе многіх, хто шануе памяць аб мінуўшчыне. Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі. Будзем моцна ўдзячныя.