Анёлы пад дахам каледжа

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

…Згадзіцеся, як цудоўна Бог усё размеркаваў! Пасля напружанай  працы ў полі, пасля таго, як прырода зыходзіць на нейкі сваеасаблівы адпачынак, урэшце, пасля хмурных дзён восеньскай непагадзі прыходзяць да нас святы. І называюцца яны Святамі Божага Нараджэння, Раством або Калядамі. Для нас, беларусаў, незалежна, ці католік ты, ці праваслаўны, ці пратэстант, матыў і сэнс гэтых назваў зразумелы і вызывае аднолькавае адчуванне: Хрыстос нарадзіўся! Адчуванне ўзмацняецца, калі глядзіш і слухаеш батлейку.

 

 

 

Чаму – батлейка?f-str-13

Батлейка, батляемка, бэтлеемка, жлобэк, вяртэп, яслі – гэта ўсё пра тое ж, а сама назва – ад горада Віфлеем або Бэтлеем (Батлеем), дзе Хрыстос нарадзіўся. Гісторыкі, этнографы, даследчыкі культуры сцвярджаюць, што батлейка – народны лялечны тэатр – прыйшла ў Беларусь у канцы XVI ст. з выключна біблейскай тэматыкай і існавала да пачатку ХХ ст. Заснаваў і паказаў першую батлейку Св. Францыск, манахі-францысканцы прадоўжылі, але не прыжылася яна ні ў Касцёле, ні ў Праваслаўнай Царкве. Святары лічылі, што батлейка парушае царкоўныя каноны і не спяшаліся яе прымаць. Стаўшы даступнай для шырокіх слаёў насельніцтва, у XVII – XVIII ст.ст., батлейка з яе героямі-лялькамі трансфарміруецца ў народна-камедыйныя пастаноўкі (ад першаснай застаюцца толькі яслі), а з развіццём прафесійнага тэатра ўступае яму месца. Батлейка сыходзіць, як кажуць, са сцэны, але, дзякаваць Богу, не назаўсёды.

80-я гады мінулага стагоддзя адзначыліся “ветрам пераменаў”, а для батлейкі сталі часам адраджэння. У 1989 годзе ў г. п. Мір адкрылася дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча (сёння Мірскі дзяржаўны каледж) і на працу ў яго прыйшлі таленавітыя педагогі-мастацтвазнаўцы, сярод якіх былі Галіна Жаровіна, Ганна Выгонная, Валянцін Калнін. Мірскі каледж рыхтуе не проста будаўнікоў, а спецыялістаў-будаўнікоў з мастацкім густам, якія сваімі рукамі будуць ствараць прыгажосць! Менавіта: сталяр, разьбяр па дрэве; рэстаўратар помнікаў драўлянага дойлідства; мастак размалёўкі па дрэве, рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх пафарбовак, тынкавальных і ляпных вырабаў; ганчар, вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі, мастак-афарміцель, спецыяліст па сухому  будаўніцтву.  Аматар і шанавальнік народных традыцый Галіна Жаровіна паспрабавала рэалізаваць ідэю – уздзейнічаць на фарміраванне густу стваральнікаў будаўнічай прыгажосці, на той час яшчэ навучэнцаў, – праз адраджэнне Мірскай батлейкі, якая існавала ў мястэчку больш за сто гадоў таму і  вылучалася  сярод падобных  адметнымі  фарбамі. Галіне Жаровінай зрабіць гэта ўдалося. 

 

Вяртанне да вытокаўf-str-14

Сёння справу тых першых – праз вяртанне да родных вытокаў – працягвае, разам з калегамі і навучэнцамі, даследчык духоўнай спадчыны народа, акцёр і рэжысёр тэатра Канстанцін Леанардавіч Петрыман, выкладчык каледжа.  Па спецыяльнасці ён біяхімік, а батлейка… Не, яна не выпадковасць у сферы яго інтарэсаў і творчага патэнцыялу, батлейка – гэта, хутчэй за ўсё, і ёсць наяўнае і дакладнае ўвасабленне мараў былога школьніка Косці, які моцна цікавіўся гісторыяй Беларусі і імкнуўся паглыбляцца ў яе пласты. З “чыстым” гісторыкам нешта не атрымалася, а вось знаўцам і носьбітам Мірскай батлейкі, яе гістарычных уласцівасцей Канстанцін Леанардавіч стаў:

–Калі мы з жонкай прыехалі працаваць у Мір, – лялечны тэатр у вучылішчы існаваў, з поспехам ішлі пастаноўкі “Цар Ірад” і іншыя, вызываючы вялікую цікавасць у навучэнцаў, але ўражанне, што і нас са Святланай тут чакалі, усё ж было. Хацелася ісці сваім шляхам, пакапаць глыбей, і першыя гады (жонка з гатоўнасцю дапамагала) пайшлі ў нас на тое, каб па магчымасці сабраць, запісаць сведчанні мясцовых жыхароў, якія памяталі батлеечныя прадстаўленні або добра запомнілі роспаведы старэйшых.f-str-15

Крапатлівая  даследчая праца, якая  ў  выніку заняла больш за  дзесяць гадоў, прывяла да высновы, што ў пасёлку Мір, які насялялі беларусы, рускія, палякі, габрэі,  людзі  розных веравызнанняў, склалася, па-першае, свая мова, якая ўвабрала ў сябе словы і ўстойлівыя выразы ад прадстаўнікоў  ўсіх нацыянальнасцей пасёлка. Па-другое: пачыналася ўся гэтая дзея 24 снежня, перад Святам Божага Нараджэння па каталіцкаму календары, доўжылася да 19 студзеня, Вадохрышча – па календары праваслаўных хрысціян. 24-га, адразу пасля вячэры, пасля вігіліі батлейшчыкі бралі сваю скрыню з лялькамі і стукалі ў дзверы таму, хто іх запрасіў. Той моўны, як кажуць цяпер, мікс ніхто не збіраўся перарабляць на свой лад, бо, “адшліфаваўшыся” з цягам часу, мова сама стала ўпрыгожваннем батлейкі і тлумачыла сюжэты Святога Пісання зразумелымі для ўсіх словамі.

f-str-15-2–Нам удалося аднавіць поўнасцю класічную Мірскую батлеечную школу, –  падкрэсліў кіраўнік тэатра Канстанцін Леанардавіч. – На гэтых землях было некалькі батлеек, але найбольш знаным быў тэатр братоў Сілко. Яго асаблівасць у тым, што прадстаўленні даваліся ў вершаванай форме, пачыналіся задоўга да Свята Божага Нараджэння, як у народзе казалі, яшчэ “у піліпаўку”, у  часе посту, калі на восеньскі  кірмаш у пасёлак збіралася многа людзей. Чаму класічную? Таму што галоўнае ў батлейцы – не бытавыя, няхай і вельмі  ўдалыя,  не  свецкія  сцэнкі, а менавіта біблійная аснова, ідэі Евангелля,  якія  імкнёмся данесці  да  слухача. Безумоўна, батлейка ніколі не заменіць святара, які даносіць Божае Слова ў сваіх казаннях з амбоны, але яна дапаможа зразумець асноўны сэнс, які нясуць нашы драўляныя лялькі ў простай форме, далучаючы слухачоў да дзеі, якая разгортваецца перад іх вачыма, тут і зараз! З тых даўніх мы рэканструіравалі тры 20-хвілінныя батлеечныя прадстаўленні –“Калядна”, “Дары”, “Салдат і чорт”, якія паказваліся тут на пачатку ХХ стагоддзя.   

 

 Дбайце, людзі!

Здавалася б, што або ці многа евангелічнага ў салдата? А ў чорта?.. І тут знайходзім яшчэ адну адметнасць Мірскай батлейкі – ідэю прадстаўлення інтэрпрэтаваць праз жыццё мястэчка. Твор гэты браты Сілко напісалі не пра нараджэнне Хрыста – сюжэт быў навеяны Першай сусветнай вайной. Недалёка прайходзіла лінія фронту: у Баранавічах стаялі нямецкія войскі, а каля Міра – рускія, апалчэнцаў бралі з насельніцтва. І вось вайна скончылася, салдат вяртаецца дамоў і думае, як яму далей жыць – ён жа лю-дзей забіваў? Прамаўляе такія словы:  “О, мая душа, дзе ты будзеш і з кім па свеце тым пойдзеш?”, адразу падштурхоўваючы слухача да роздуму. І пачынаецца гэтая некалядная п’еса з настаўленняў Анёла, які выходзіць да гледача са словамі: “Дбайце, людзі, о вашэй душы, несмяротнай ды Божай ласцы, бо ответ ей будзе не ў земстве – прыме свое на жрэбій ад Бога!”. Вось гэта – характэрнасць батлейкі: прадстаўленне не каляднае, а евангельская нітка нікуды не губляецца; салдат думае, ён жа веруючы чалавек, а забіваў; забіваў ворагаў, але яны ж людзі… Як з гэтым жыць далей? Пакуль салдат сумняваецца, з’яўляецца Чорт і кажа: “Пустое гэта, аддай мне душу сваю, ідзі весяліся, і ўсё ў цябе будзе выдатна”! Дзіўныя словы належаць там і вобразу Смерці, мы з батлейшчыкамі і гледачамі часта разважаем пра гэта. У чалавечым уяўленні смерць і чорт ставяцца чамусьці на адну лінейку, што не зусім лагічна, бо смерць – гэта інструмент Бога, а чорт… Ён – ні на небе, ні на зямлі, ён дзесьці збоку, дакладней – там, дзе яго прымаюць…  І вось што кажа Смерць Чорту: “Але табе, гіцэлю, гэтай душы не ўцэліць. Неба ўлады над нею, бо за дружаў не шкадаваў сваёй душы”. А гэта ўжо Евангелле, гэта дзе Хрыстос кажа: “Ніхто не мае  большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”.

–Самае галоўнае, – зноў падкрэсліваў носьбіт батлеечнага мастацтва Петрыман, – той змест і сэнс, які нясе батлейка. Добра вядома, што на Беларусі калісьці не было вёскі, дзе б не хадзілі падчас свят калядоўшчыкі. У кожнай мясцовасці былі свае традыцыі і абрады, вясёлыя народныя прадстаўленні, якія не занатоўваліся, сюжэты іх зменьваліся, і яны набывалі характар звычайна забаўляльны, але не была гэта батлейка – лялечны тэатр. А батлейка – увага! – кіруецца Евангеллем. Як толькі пачынае губляць яго – пачынае губляць сябе…  Сёння батлеечны жанр становіцца з’явай вельмі папулярнай і для Касцёлаў, і для Цэркваў, і для творчых калектываў культуры… Ёй не патрэбны надзвычайныя аздобы ці дэкарацыі (яны толькі адцягваюць увагу), тут стандарт: верхні ярус скрыні – Неба, дзе жывуць анёлы і ўсё боскае, ніжні – зямля з яе насельніцтвам, а “вянчае” усю гэтую незвычайную “структуру” Бэтлеемская зорка, якая і прывяла мудрацоў у горад Ерузалем і палац цара Ірада, дзе, на іх думку, павінен быў нарадзіцца Валадар Сусвету. Але не ўсё так проста… Далей пачынаюцца разважанні над тонкай “матэрыяй”, і дзеці востра рэагуюць на гэта. І тыя, якія прыходзяць глядзець батлейку, і тыя, якія прыходзяць яе ствараць, часам менавіта тут робяць першыя – і для сябе важныя! – крокі на шляху да Бога, разумеючы: тут – святое, а тут – звычайнае. І калі на гэтай глебе нешта пачынае ўкараняцца – яны ўжо па-іншаму ставяцца да абразка, да крыжыка, да ружанца, да сваіх малітваў, урэшце рэшт – да сваіх штодзённых паводзінаў і жыцця. Мы адрадзілі, ставім гэтыя дзеі, бачым, што расце цікавасць людзей да іх, нас запрашаюць для выступленняў. І гэта вельмі радуе. Летась Мірскай батлеечнай традыцыі нададзены статус элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Менавіта не самой батлейцы, а традыцыі: а гэта і скрыня, створаная па тыпу магілёўскай, якая захоўваецца ў музеі этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу, і лялькі, і абрады, але самае галоўнае – той першасны евангелічны сэнс, тая батлеечная школа, якую ўдалося адрадзіць.

 

Няхай Бог хатку не мінае!

Асабліва чаканымі для гледачоў і ўдзельнікаў былі і застаюцца прадстаўленні “Калядна” і “Дары”, якія іграліся толькі на Раство. Дарэчы, свае пастаноўкі Мірская батлейка паказвала па запрашэнню гаспадара дому, які і сам клапаціўся аб святочным настроі, часам запрашаў у якасці гасцей яшчэ дзве-тры сям’і з ліку родных і блізкіх. Пачыналася ўсё з запытання  батлеечнікаў:

А ці тая то гаспода, што чакала наша прыхода?

–Тая! Тая!– адказвалі сабраныя гледачы.

–А ці тая гаспадыня, што куцёю не абміне?

–Тая! Тая!

–А ці тая то радзіна, што чакала Раства Божага Сына?

–Тая! Тая!

Пасля кароткага дыялогу гучаў прывітальны кант, што было характэрным таксама для Мірскай батлейкі:

“А на небе месяц ды зоры.

А на небе месяц ды зоры.

Прыйдзе Раждество да нас скоро…

Дзея развівалася далей, радасная атмасфера напаўняла хату і заканчвалася віншавальнай песняй:

 

“Неба днесь лікуе,

зямля таржэствуе.

Ангельскія гласы

вторат ва ўся часы:

Хрыстос нарадзіўся.

Аллелуя-я!”.

 

–Паглыбленне ў гісторыю батлейкі, – працягваў наш суразмоўца-даследчык, – пераконвае ў тым, што ёсць яшчэ неадкрытыя пласты нацыянальнай культуры, што культура ніколі не існавала асобна ад рэлігіі; чалавек толькі тады нечым валодаў – у адукацыі, у культуры, у выхаванні, – калі быў у пэўнай ступені рэлігійным. Назіранні за сённяшнімі дзецьмі, моладдзю, а працуем мы перадусім з імі, таксама прыводзяць да высновы: батлейка – велізарны выхаваўчы інструмент. Навучэнцы ў нас рознаўзроставыя, з розных сямей, адразу прыходзяць быццам пагуляць у лялькі. Пасля пачынаюць задумвацца над тым, што самі агучваюць. Пасля ім падказваю я: каб больш зразумелым быў той ці іншы эпізод, пачытайце, калі ласка, главу з Евангелля тую, ці гэтую…  Яны чытаюць і адчыняюць для сябе Сусвет, у якім можна сябе рэалізаваць не толькі бліскучымі завушніцамі ці парванымі штанамі. Аказваецца, можна несці хрысціянскія каштоўнасці нават праз звычайную ляльку.

Кіраўнік народнага лялечнага тэатра "Мірская батлейка" Канстанцін Петрыман з удзельнікамі батлейкі (злева направа)  Анастасіяй Дубовік, Мікітай Залівака, Цімафеем Маеўскім, Валянцінам Судоўскім, Кірылам Макаравым. Здымак 2018 года

Кіраўнік народнага лялечнага тэатра «Мірская батлейка» Канстанцін Петрыман з удзельнікамі батлейкі (злева направа) Анастасіяй Дубовік, Мікітай Залівака, Цімафеем Маеўскім, Валянцінам Судоўскім, Кірылам Макаравым. Здымак 2018 года

 

Дзе Марыя з Юзафам?

– Мне часам задаюць такое пытанне, – тлумачыў Канстанцін Леанардавіч. – У драме “Цар Ірад” пасыл да Марыі і Юзафа быў, Апосталы, пастухі панеслі кожны ў сваю краіну Добрую навіну аб Нараджэнні Хрыста, і гэта ў прадстаўленнях ёсць. Глядзіце, вось ніша, дзе ставіўся абразок Марыі, Юзафа і  Немаўляткі,  або  лялек з гэтымі  вобразамі. А спецыяльна  распрацаваных  роляў для батлеечных  прадстаўленняў не сустракаў. І, шчыра кажучы, сёння  перакананы ў тым, што вобраз  Багародзіцы  і  яе  Абранніка – гэта элемент сакрума, недасягальнае, недакранальнае і святое. Ён і павінен застацца  як сакрум, а  перарабляць, каб гаварылі яны, як звычайныя людзі, – вялікая рызыка: можна ператварыць у народную рэлігійнасць, апусціцца  да  паўсядзённасці… І  яшчэ  адзін  момант:  выкананне (агучванне) ролі. Каб мне сёння прапанавалі  агучыць, напрыклад,   словы  Хрыста –  не  згадзіўся  б, вялікая адказнасць. І перад  людзьмі,  і перад Госпадам Богам.

…Мы  развітваліся  з Канстанцінам Петрыманам, маючы перакананне: калі  такі светлы праменьчык  прабіваецца  скрозь шэрасць штодзённасці – гэта і ёсць цуд, створаны  нашымі  сучаснікамі.  Для ўсіх нас.

 

 

Раіса  СУШКО.

    Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD

і з архіва батлейкі.

Гродзенская вобласць  


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий