Часопісу-25

Знак часу

 

 

 

Бискуп Ежи Мазур-2Str-1-1994Ініцыятарам і першым рэдактарам  нашага часопіса быў біскуп Ежы МАЗУР, SVD, з якім вядзем размову аб першых кроках і місіі “Дыялога”.

 

 

 

 

 

 

 

 

– Стварэнне часопіса – гэта вялікі вызыў. Як дайшло да яго заснавання?

–25-годдзе “Дыялога” –  цудоўны срэбраны юбілей. Гэты юбілей падказвае нам, каб з удзячнасцю кінулі погляд у мінулае, з запалам – на дзень  сённяшні і  з надзеяй – на будучыню. “Дыялог” – гэта “дар Божы  для адраджэння Касцёла на Беларусі”, так я лічыў ад  самага пачатку.
З моманту распачацця евангелізацыйнай дзейнасці нашых айцоў на Ўсходзе, на Беларусі нам заўсёды спадарожнічала думка, каб абавязкі ўсёй супольнасці  выконваліся  згодна з яе харызматам. Адным з ключавых харызматаў  з’яўляецца праца з Евангеллем, з Добрай Навіной  аб збаўленні – праз сродкі масавай інфармацыі. Будучы  адказным за дзейнасць нашых айцоў  на Ўсходзе, я думаў аб гэтым. Нарадзіліся  пытанні, якім чынам  маглі б мы ўсё гэта здзейсніць. Шукалі магчымасці, каб мець  свой часопіс, бо на Беларусі  падобнага не было. Імкнуліся, каб з друкаваным словам дайсці да католікаў,  таксама да многіх асоб, якія мелі каталіцкія карані, але не належалі да Касцёла, каб дапамагчы  ім у фармацыі веры. Гэтая ідэя ў мяне дамініравала.

 
– Шлях ад ідэі да канкрэтнай рэалізацыі ксёндз біскуп пераадолеў  вельмі  хутка…

Першы рэдактар часопіса, былы пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах кс. Ежы Мазур

Першы рэдактар часопіса, былы пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах кс. Ежы Мазур

– Ведаў, што, акрамя афіцыйнага дазвалення на выданне  культурна-рэлігійнага часопіса,  па-трэбны людзі. Пачаў прыглядацца. З 1992 г. у Баранавічах  працаваў Катэхітычны каледж. Гэта давала магчымасць сустракацца  з рознымі асобамі, якія былі гатовыя ўключыцца ў такую справу. Так сталася, што на занятках каледжа прысутнічала студэнтка-журналістка Таццяна Шымковіч, якая  хутка адказала на вызыў і працяглы час працавала ў часо-пісе “Дыялог”. Вялікую дапамогу аказалі Аліна Новікава з Мінска, таксама парафіянка Маргарыта Свірыдава, бр. Кшыштаф  Мішчык, SVD.  Добра ўсведамляў, што Касцёл на Беларусі, які перажывае сваё адраджэнне, не мае ніякага часопіса. Гэтая свядомасць тым больш матывіравала, каб распачаць справу. На здзіўленне,  дазваленне выдаваць культурна-рэлігійны часопіс мы атрымалі вельмі хутка.

 

– Адкуль назва яго і што яна падразумевала?
– Ад самага пачатку прасіў Духа Святога, каб указваў мне шлях, і адчуваў  дапамогу, Божую  моц у пераадоленні цяжкасцей. Дух Святы суправаджаў, і гэта справа евангелізацыйная.Затрымліваліся над назваю, разважалі над гэтым шмат разоў, былі розныя ідэі. Мы хацелі, каб была яна звязана з надзеяй, у сваіх пошуках бралі пад увагу розныя аспекты. Найбольш трапным аказалася назва “Дыялог”, дыялог з культурамі, рэлігіямі – дыялог экуменічны, дыялог  моўны.
Спачатку  часопіс выдаваўся на трох мовах – беларускай, рускай і польскай.  Тым самым мы хацелі падкрэсліць, што імкнемся  дайсці  да як найбольшай групы  асоб і не толькі католікаў. На Касцёл, на хрысціянства гля-дзелі шырэй.  І калі з большага ўсё нам удалося, паўстала пытанне: дзе размесціцца рэдакцыя? Не мелі мы ніякага абсталявання, ніякіх прылад. Прапанаваў паставіць кампутар,  прынтар і ксеракс у маім пакоі. Хоць быў гэта невялікі пакоік, але затрымлівацца на такіх празаічных цяжкасцях было нельга, трэба было іх пераадольваць. Як  запаведаў нам св.  Арнольд, “чым больш  цяжкасцей, тым болей патрэбна давяраць Богу”. І мы давяралі.

 

 

– Першы нумар невыпадкова выйшаў ужо у студзені 1994 года?

Рэдакцыйная планёрка. Кс. Ежы Мазур (у цэнтры), сястра Фабіяна, адзін з першых аўтараў  Здзіслаў  Сіцька і Таццяна Шымковіч  (здымак 1994 г.)

Рэдакцыйная планёрка. Кс. Ежы Мазур (у цэнтры), сястра Фабіяна, адзін з першых аўтараў Здзіслаў Сіцька і Таццяна Шымковіч (здымак 1994 г.)

– З атрыманнем дазволу на выданне мы атрымалі абавязак выдаваць мінімум  адзін  нумар на працягу года. Але самі вырашылі прыкласці намаганні, каб першы нумар часопіса “Дыялог” выйшаў  на Тыдзень малітваў аб адзінстве  хрысціян.  Ён  выйшаў у колькасці 200 экзэмпляраў, размножаных на ксераксе. Часопіс быў выдатна прыняты чытачамі, да якіх удалося нам дайсці. Гэта дало імпульс для далейшага  развіцця. Да рэдакцыйнага штаба хутка далучыліся  а. Збігнеў Ольдынскі, а. Ян Глінка,  а. Уладзімір Сек, а. Конрад Патыка,  чарговыя нашы субраты, а таксама сёстры -місіянеркі Святой Сям’і і сярод іх – сястра Фабіяна, MBF. Думаю, што “Дыялог” даў імпульс для заснавання іншых часопісаў культурна-рэлігійнага зместу: у Мінску – “Авэ Марыя”,“Слова Жыцця” – у Гродне. У тыя гады была вялікая патрэба ў рэлігійнай літаратуры, часопісах, інфармацыі з жыцця Паўсюднага Касцёла і Касцёла на Беларусі. Тую інфармацыю з жаднасцю праглыналі чытачы, лічба якіх хутка расла.  Ужо трэці нумар “Дыялога” выйшаў  тыражом 3, 5 тыс. экзэмпляраў.  Першыя нумары былі  чорна-белыя, з цягам часу, калі  ў  рэдакцыю прыйшоў  Юрый  Серафімовіч, паспяхова  дадаваўся  колер.

 

 – Як удавалася вам дайсці да далёкіх куткоў Беларусі?

Здымак з нагоды  першай гадавіны выхаду часопіса ў свет. Злева направа: Маргарыта Свірыдава, Людміла Хілевіч,  а. Збігнеў Ольдынскі, кс. Ежы Мазур, Таццяна Шымковіч з мужам і с. Фабіяна.  (здымак 1995 г.)

Здымак з нагоды першай гадавіны выхаду часопіса ў свет. Злева направа: Маргарыта Свірыдава, Людміла Хілевіч,
а. Збігнеў Ольдынскі, кс. Ежы Мазур, Таццяна Шымковіч
з мужам і с. Фабіяна. (здымак 1995 г.)

– Я ўжо казаў, вялікую дапамогу атрымаў ад  студэнтаў Катэхітычнага каледжа. У той час я выконваў функцыі духоўнага айца Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Кожны месяц сустракаліся мы са святарамі, а гэта давала шырокія магчымасці для  распаўсюджвання часопіса. У хуткім часе наш тыраж вырас да 13,5 тыс. экзэмпляраў. Для нас гэта было знакам, што  людзі па-трабуюць такога часопіса.
Ад самага пачатку  меў пад-трымку  кс. кардынала Казіміра Свёнтка.  Па-першае, гэта была навіна, якой раней на Беларусі не было, па-другое,  кс. кардынал таксама адчуваў  неабходнасць выхаду да верных са словам друкаваным. У тыя часы верныя стваралі спецыфічны клімат. Некаторыя асобы як католікі былі моцна  адданымі Касцёлу, але мелі сваіх родных, якія былі рассеяныя па рэгіёнах і не былі звязаныя ні з якімі супольнасцямі. Перасылалі ім “Дыялог”, і такім чынам ён вандраваў па Беларусі, Расіі, Украіне. Дзякуючы нашаму часопісу, людзі даведваліся пра касцёлы, пра верных, пра святароў.  Усведамлялі сабе, што карані маюць каталіцкія, і многія прыходзілі да ксяндзоў, да супольнасцей, якія адраджаліся, каб нанова распачаць жыццё веры.  Менавіта ў тыя першыя гады  было відаць, якую незвычайную ролю адыграў “Дыялог”. Са справаю распаўсюджання інфармацыі, якая перадавалася з рук у рукі, людзі прыходзілі да Бога, да Касцёла.

 

– Евангелізацыя праз друкаванае слова – ці мае сілу сёння?
–Думаю, што заўсёды мела, мае сёння і будзе мець заўтра. Будуць мяняцца формы, бо чытача патрэбна зацікавіць. Павінна быць даволі многа інфармацыі. Сёння  болей паглынаем інфармацыю вобразаў, таму яна павінна быць насычанай, пад-трыманая здымкам, сказаў бы, такая СМС-авая. Інфармацыя павінна падавацца ў “таблетцы”. Артыкулы павінны быць цікавымі, кароткімі. Часопіс па-трабуе таксама жывых матэрыялаў – рэпартажаў, інтэрв’ю. Людзі моцна зацікаўленыя інфармацыяй пра Касцёл, пра яго місійную дзейнасць.  Для таго павінна быць разнароднасць формаў перадачы.

 

– Як кс. біскуп ацэньвае  сённяшні “Дыялог”?
– Першыя чатыры гады сам быў галоўным рэдактарам “Дыялога”. Калі працаваў на Сібіры, мае субраты рэгулярна прысылалі мне нумары часопіса.  Сёння знаходжуся ў Элку і атрымліваю кожны нумар “Дыялога” таксама. Бачу змены, якія  сведчаць, што “Дыялог” развіваецца. Думаю, што застаўся верным  той першай ідэі, каб дайсці да чытачоў з інфармацыяй, з фармацыйнымі матэрыяламі. Зменьваюцца формы, памеры, графіка, выкарыстоўваюцца новыя тэхнікі… Фота прыгожа падаецца братам Карнэліем Консэкам, SVD. Цэлая група людзей займаецца стварэннем сённяшняга “Дыялога”, многае змянілася на плюс. Цешуся, што на працягу 25 гадоў выконвае ролю, да якой быў пакліканы.
Рэдакцыі “Дыялога”,  а таксама Чытачам жадаю, каб Святы Дух вёў вас далей, бо дыялог міжрэлігійны – экуменічны, з культурай, дыялог з убогімі, неверуючымі будзе магчымы тады, калі будзем падатныя для вядзення Святым Духам. Калі  будзем паказваць, як істотна  наша  ідэнтычнасць, але і таксама  адкрытасць на  вернікаў іншых веравызнанняў або людзей культуры. Жадаю, каб Маці Божая  Фацімская, якая ад самага пачатку з’яўляецца патронкай гэтай справы,  апекавалася Вамі і каб у Яе Непакаляным Сэрцы знайшлі прытулак і шлях да Бога.

 

 

З кс. біскупам размаўляла
 Моніка РОГІНСКА
Элк  (Польшча)    


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий