Яе голас нібы крынічны ручаёк – чысты, імклівы… Нібы спеў жаўрука – высокі і звонкі, нябачны і прысутны… Нібы лёгкі подых свежага ветрыка ў спякоту – прыносіць аджыўленне. Голас Юлі Шэдзька суправаджае літургію ва многіх каталіцкіх храмах Мінска. І не толькі… Юлін спеў-малітва застаецца жыць у сэрцах тых, хто пачуе… А што адчувае, спяваючы, яна сама? Аб гэтым – наша з ёю размова.
– Перш чым пачаць размову, я віншую цябе з надыходзячым вясновым святам Вялікадня і жадаю радасна перажыць урачыстасць Змёртвыхпаўстання Збаўцы! Скажы, калі ласка, ці маеш любімую песню з гэтага цыкла?
– У мяне шмат улюбёнай ве-лікоднай музыкі, але няма нічога лепш за старажытную пасхальную секвенцыю “Victimae Paschali laudes” – “Пасхальную ахвяру праслаўляйце” на грыгарыянскую мелодыю. У ёй і таямніца перамогі над смерцю, і радасць Уваскрасення – усё дасканала. Блізкая мне яна яшчэ і таму, што ёсць у ёй словы ад імя жанчыны, і можна нібыта ад свайго імені заспяваць: “Нам скажы, Марыя, што ў дарозе бачыла? – Гроб пусты, Хрыста жывога, хвалу Ўваскрасення святога!”. Я неімаверна люблю хвіліну, калі ў Пасхальны ранак на Рэзурэкцыйнай Імшы магу заспяваць: “Смерць з жыццём страшэнны бой правялі паміж сабой, смерці моц перамог і жыве Бог”. Гэта адна з самых радасных хвілін, надыход якой чакаю кожны год. Шчыра жадаю ўсім такой сапраўднай пасхальнай радасці!
– Юля, а чым для цябе з’яўляецца літургія і якую ролю адыгрывае ў ёй спеў? Што табе дае малітва спевам? Ці бывае, што часам хочацца проста сесці ў касцёльную лаўку і не спяваць?
–Наўрад ці я скажу нешта новае адносна свайго разумення літургіі – пра гэта столькі ўжо напісана і сказана, што мне нават няёмка раўняцца са святымі і тэолагамі, нашмат разумнейшымі. Мяне не перастае здзіўляць і захапляць у літургіі тая “пазачасовасць”, якая ёй уласціва, калі ўсе перакрыжаванні часу сыходзяцца ў адно, і ўсе этапы Хрыстовай Ахвяры становяцца нашай рэальнасцю ў кропцы, дзе святар уздымае ў руках Гостыю, перамененую ў Божае Цела. Гэта неімаверна, калі пачынаць асэнсоўваць гэтую рэальнасць.
Спеў тут мае абсалютна другаснае значэнне, няправільна было б надаваць яму першую ролю. Ціхую Імшу я таксама люблю, як і Імшу з аркестрам і арганамі. Але і змяншаць значэнне музыкі не стала б. Спевам людзі заўжды славілі Бога і ўсклікалі да Яго. У даўнія часы, напрыклад, спевы былі для простага люду цэлым катэхізісам, дзе ў 20-30 куплетах, бывала і больш, простымі словамі тлумачылася біблійная і касцёльная навука, і ў такой форме яна запаміналася лепш. Вера, укладзеная кампазітарамі, аўтарамі слоў, выканаўцамі ў музыку, перадаецца і слухачам. Я асабіста ведаю людзей, якія прыйшлі да Бога менавіта праз духоўную музыку. І, апроч усяго гэтага, музыка – гэта прыгожа, і ў гэтай прыгажосці таксама водбліск Божай славы.
Мне музыка дапамагае лепш выразіць тое, што я перажываю падчас Імшы, і глыбей яе перажываць. Бывае, што хочацца адпачнуць і паўдзельнічаць у Імшы не з касцёльных хораў, бо там патрэбна нашмат больш канцэнтраванасці і засяроджанасці, але доўга я ўсё адно не вытрымліваю і, калі сыходжу ўніз, таксама пачынаю спяваць.
– Наогул, Юля, што азначае спеў у тваім жыцці? Што хочаш перадаць людзям праз яго?
– Спеў стаў неад’емнаю маёю часткаю, мне лёгка выяўляць тое, што я адчуваю і што думаю, праз музыку. Супольны спеў чыніць людзей блізкімі, я цешуся, калі спрычыняюся да гэтага, калі ў касцёле або на канцэртах дапамагаю слухачу лепш адчуць прыгажосць свету, адкрыцца Богу і іншаму чалавеку. Асабіста мне музыка з гэтым вельмі дапамагае.
– А як ставішся да моладзевых Імшаў, падчас каторых іграюць на тамтамах, гітарах і г.д.?
– Залежыць ад таго, што выходзіць на першы план у такіх Імшах, важна, каб яны не пера-твараліся ў канцэрт. Музыка павінна адпавядаць той таямніцы і таму цуду, сведкамі якога мы становімся падчас Імшы, нічога не парушаць. Ад таго, што ў песні дзесяць разоў гучыць слова «Бог» або «Езус», яна яшчэ не становіцца сапраўды пабожнаю; важна, які дух у гэтай песні і ў якім духу яна выконваецца. Яшчэ адна заўвага: духоўная музыка ўсё адно будзе дзяліцца на літургічную і нелітургічную. Для святой Імшы ўсё ж трэба выбіраць адпаведную музыку, каб грукат ударных, круты гітарны “запіл” або шыкоўны джазавы вакаліз не перашкаджалі галоўнаму – яднанню з Хрыстом, унутранай малітоўнай засяроджанасці, глыбокаму перажыванню літургіі. Уся іншая хрысціянская музыка будзе цудоўна гучаць у канцэртнай зале або на канцэртнай пляцоўцы. Вядома ж, праслаўляць Бога можна не толькі ў святыні.
– Ці памятаеш калі ўпершыню спявала ў касцёле? Якім быў твой шлях да Бога?
– Калі спявала ўпершыню, не памятаю. Памятаю, як мы, малыя, вучылі разам з а. Янушам, дамініканінам з маёй роднай Віцебскай парафіі, калядкі на Божае Нараджэнне, і атмасферу той дзіцячай весялосці. Мне пашанцавала з дзяцінства быць побач з Богам. Добра памятаю, калі мая вера з “натуральнай” дзіцячай стала асэнсаванай і сталай. Але пытання “ці я сапраўды веру” не было ніколі.
– Юля, зараз цябе многія ведаюць не толькі як спявачку ў Касцёле, але і як аўтара перакладу гімна Сусветных дзён моладзі ў Кракаве. Скажы, калі ласка, якія словы з яго табе больш блізкія і чаму? Як атрымалася, што менавіта ты пераклала гэты тэкст?
– У тэксце гімна мне найбольш блізкі заклік быць міласэрнымі. Гэта тая душэўная якасць, якой не хапае сучаснаму свету і якая вельмі яму патрэбная. Я ўпэўненая, калі заўжды памятаць пра міласэрнасць і вучыць сваё сэрца міласэрнасці, многае ў жыцці стане прасцей і правільней.
Тэксты гімнаў СДМ я перакладала ўжо не раз, але гэты праект запісу і стварэння відэа-гімна па-беларуску, задуманы а. Сяргеем Трысценем, OCD, – зусім іншае. Справа патрабавала шмат высілкаў, і а. Сяргей звяртаўся па дапамогу да людзей, творчыя здольнасці і магчымасці якіх ведаў, і сабраў такім чынам добрую каманду. Вельмі няпроста напісаць спеў, які запомніцца людзям і будзе мець жыццё пасля заканчэння міжнароднай сустрэчы. Думаю, у гімна, напісанага для СДМ у Кракаве, ёсць шанец спадабацца беларусам-слухачам і выконвацца надалей, у тым ліку і дзякуючы зробленай намі працы.
– Думаю, ён ўжо спадабаўся многім (больш за 5000 праглядаў гімна і 14 000 кліпа на YouTube); асабіста я дадала яго да музыкі ў vk і слухала некалькі разоў на тыдзень, хаця кліп, шчыра кажучы, мне спадабаўся не да канца, мне не хапіла абразкаў з праяўленнем міласэрнасці, напрыклад, як хтосьці дае беднаму хлеб ці бавіцца з дзецьмі-сіротамі (не тэатральна, але на самой справе), як у чэскай версіі гімна… Хаця, калі б сама была ў кліпе, можа б іначай казала (усміхаюся). Ці можа менавіта такое было заданне – паказаць тых, хто спявае?
– Тут справа ў спецыфіцы стварэння відэакліпа. Я сябрую з яго рэжысёрам, Дзянісам Жыгуновым з мінскай кампаніі AuriosStudios, які дабрачынна дапамог нам са здымкамі, і, калі мы абмяркоўвалі канцэпцыю, былі падобныя ідэі. Дзяніс растлумачыў нам, у чым тут складанасць:“відэабаза” такіх сапраўдных, не пастановачных кадраў часцей за ўсё платная, і даволі дарагая, гэта пытанне аўтарскіх правоў. Можна знайсці бясплатныя кадры, але гэта па-трабуе шмат часу, да таго ж, патрэбна і адпаведная якасць відэа і г.д. Нам не хацелася мець праблем з парушэннем аўтарскіх правоў, таму мы выбралі такі адносна просты шлях, як зрабіць кліп з “працоўных” момантаў падрыхтоўкі праекта. Мне падаецца, галоўная задача гэтага праекта – не паказаць дарагі сацыяльны ролік, а заклікаць гледачоў і слухачоў саміх увасабляць у жыцці прынцып міласэрнасці. Тыя, каго вы бачыце ў відэа, ужо робяць крокі ў гэтым напрамку, таму – далучайцеся! Калі ў відэакліпе ўяўляюцца кадры з магчымымі праявамі міласэрнасці — трэба проста ісці і рабіць кадры са свайго ўяўлення – рэальнасцю.
– Юля, а ці ўдзельнічаеш у падрыхтоўцы беларускай групы да паездкі ў Кракаў? Калі так, то як?
– Мне здаецца, Кракаў ад нас так недалёка, што шмат беларусаў захочуць паўдзельнічаць у СДМ, і вельмі спадзяюся, што беларускіх груп будзе шмат. Я належу да ІІІ Ордэна свецкіх дамініканцаў і збіраюся ўдзельнічаць у сустрэчы разам са сваімі братамі і сёстрамі ў Ордэне. Кракаў вядомы сваімі даўнімі дамініканскімі традыцыямі, там знаходзіцца труна святога Гіяцынта, якога прыняў у Ордэн сам святы Дамінік і які евангелізаваў таксама і на нашых землях, таму для мяне важна пабываць там разам з нашай дамініканскай супольнасцю.
– Што значыць быць свецкім дамініканцам?
– На гэтае пытанне цяжка адказаць у межах аднаго інтэрв’ю. Дарэчы, пра гэта я падрабязна пісала ў № 12 часопіса Ave Maria за 2015 год, нагадаю толькі некалькі думак: “Належаць да сям’і, якой 800 гадоў (маецца на ўвазе дамініканская сям’я, якая складаецца з чатырох галінак), — гэтаму можа пазайздросціць арыстакратыя! І гісторыя Ордэна для нас — як сямейная гісторыя ў асобах і па-дзеях. Яны могуць быць і лепшыя, і горшыя, як у звычайнай сям’і. Мець такую вялікую духоўную сям’ю, якая пранізвае ўсе вымярэнні геаграфіі і часу, — незвычайны досвед. Адзін пажылы айцец дамініканец сказаў неяк у прыватнай размове: «Повязі духу бываюць мацнейшымі, чым повязі крыві», і гэта чыстая праўда. Бог збірае нас разам, братоў і сясцёр, і дае магчымасць служыць Яму там, дзе мы знаходзімся: і пры алтары, і з іншага яго боку. Мы, свецкія дамінікане, стаім цяпер у авангардзе нашай сям’і, маючы магчымасць размаўляць са светам на яго мове, уласным прыкладам даводзячы, што неабавязкова жыць за мурамі кляштара, каб абвяшчаць Хрыста, што можна праслаўляць Бога, выконваючы добра сваю працу, і благаслаўляць, адараючы любоўю тых, хто побач”. Калі вас цікавяць свецкія дамініканцы, на ўсе пытанні мы гатовыя адказаць, старонкі супольнасці ІІІ дамініканскага Ордэна ў Беларусі лёгка знайсці на фэйсбуку і ў кантакце.
– Ведаю, Юля, што спяваеш не толькі ў Касцёле. Раскажы пра хор Salutaris. Ці ёсць адрозненні, калі спяваеш у свецкім хоры ад спеваў у касцёльным?
– У камерным хоры Salutaris пад кіраўніцтвам Вольгі Янум, выбітнага музыканта і цудоўнай жанчыны, я спяваю ўжо чацвёрты год. Мы паспяхова ўдзельнічаем ў шматлікіх музычных конкурсах і фестывалях у Беларусі і за мяжою, ладзім канцэрты і імпрэзы. Нашая кіраўнічка мае талент збіраць вакол сябе добрых і таленавітых людзей, мне камфортна ў гэтым калектыве і вельмі падабаецца разам рабіць нешта сапраўднае і прыгожае. Мы выконваем абсалютна розную па стылі музыку, у тым ліку і духоўную. Большасць удзельнікаў хору – практыкуючыя праваслаўныя хрысціяне. Адрозненне ад касцёльнага хору хіба толькі ў магчымасці спяваць больш складаны і разнастайны рэпертуар, які нават найлепшы парафіяльны хор выканаць проста не здолее. Спяванне ў Salutaris адкрыла для мяне не вядомыя раней пласты духоўнай музыкі, а спадарыня Вольга, якая і сама актыўная праваслаўная хрысціянка і рэгент царкоўнага хору, вучыць нас выконваць духоўную музыку так, каб спеў станавіўся не проста наборам прыгожых гукаў, а сапраўднаю малітваю. Часта слухачы на канцэртах не могуць стрымаць слёзы, і хочацца верыць, што нашая малітва тады стано-віцца і іх малітваю.
– Ведаю таксама, што пішаш вершы? Што цябе натхняе на паэзію?
– Вершы–гэта спосаб у некалькіх словах і радках выказаць цэлы “стос” думак, сканцэнтраваць іх да максімуму, каб нічога больш не дадаць-не адняць. У мяне добрая паэзія асацыіруецца ў пэўным сэнсе з вырабам парфумы, калі з мільёнаў кветкавых пялёсткаў здабываецца зусім няшмат рэчыва з дасканалым водарам. Да гэтага мне хочацца імкнуцца ў творчасці. Натхняе жыццё, што ж яшчэ… Дадам: для напісання вершаў, як і для малітвы, вельмі важная цішыня – неабавязкова знешняя, але ўнутраная.
– Дзякую за цікавую размову.
Людміла БУРЛЕВІЧ.
Здымкі з фотаальбома
Юлі Шэдзька.
ГІМН СУСВЕТНАЙ СУСТРЭЧЫ МОЛАДЗІ. КРАКАЎ 2016
1. Узношу свой позірк у нябёсы, хто ж мне дапаможа?
У Пану мая дапамога, бо Ён — міласэрны Бог.
Усіх заблуканых шукае Ён, прагне ласкава абняць,
Вылечыць раны крывёй уласных ран, нам вярнуць жыццё.
Ref: Будуць шчаслівыя міласэрныя, таму што самі міласэрнасць спазнаюць.
2. Хто, калі б Пан не прабачыў він, уратавацца б змог?
Ён жа заўжды прабачае, і мы будзьма як наш Бог.
Ref: Будуць шчаслівыя міласэрныя, таму што самі міласэрнасць спазнаюць.
3. Сына крывёй знішчыў Бог наш грэх,
Сын знішчыў смерць і ўваскрос.
Езус наш Пан — кажа ў сэрцах Дух.
Чуй жа гэта, увесь свет.
Ref: Будуць шчаслівыя міласэрныя, таму што самі міласэрнасць спазнаюць.
4. Адкінь жа страх і верным будзь,
Свой клопат Богу давер.
Надзея ў Ім, бо Ён уваскрос,
Езус Пан жыве.
Ref: Будуць шчаслівыя міласэрныя, таму што самі міласэрнасць спазнаюць.