…Зноў снежань — такі чаканы, жаданы, казачны. А разам з ім прыходзіць такое ж чаканае і жаданае Свята Божага Нараджэння. І незалежна, колькі табе гадоў, ці ты яшчэ малы, ці пажылы, а пачуццё надыходзячай радасці запаўняе тваё сэрца, прымушае прыслухацца да цішыні і пачуць Добрую вестку: так, грэшныя людзі, “нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях”! (Лк 2,11).
Спявайце, анёлы!
…У Тракелях пачынае шарэць, запальваюцца вулічныя ліхтары, і ў іх ледзь заўважных струменях сняжынкі здзяйсняюць свае фантастычна прыгожыя, бы танцавальныя, рухі. Цішыня, а каля Санктуарыя Маці Божай Тракельскай чутны галасы. Гэта збіраюцца дзеці – таксама радасныя, гарэзлівыя. Хутка прыбяруцца ў свае касцюмы, возьмуць з сабою патрэбныя рэчы – Бэтлеемскую зорку, пастушкі – посахі, анёлы – свае званочкі. Пойдуць з імі і старэйшыя хлопцы – таксама адпаведна ўбраныя – Тры Каралі.
–Згодна са Святым Пісаннем, – тлумачыць катэхетка Люцыя Лапко, – мудрацы з Усходу прыйшлі не разам з анёламі, не разам з нябесным войскам, якое праслаўляла Бога, і не разам з пастухамі, якія вартавалі ўначы свой статак у той ваколіцы. Каспар, Мельхіёр і Бальтазар прыйшлі пакланіцца Нованароджанаму Немаўляці і прынеслі свае дары праз некалькі дзён пасля Яго нараджэння ў Бэтлееме, але Касцёльная традыцыя, якая шліфавалася стагоддзямі, дазваляе сумяшчаць гэтыя дзеі, каб данесці людзям Добрую вестку і яе вялікі сэнс у зразумелай і даступнай форме. Пакланенне мудрацоў сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі. Мудрацы пакланіліся і самі адышлі кожны ў сваю краіну, каб расказваць пра Нараджэнне Збаўцы свету. Для ўшанавання гэтых трох евангельскіх мудрацоў 6 студзеня ў Касцёле ўстаноўлена свята, вядомае ўсім пад назваю Трох Каралёў. Згодна са старажытнай традыцыяй, гаспадар дома ў гэты дзень піша крэйдаю над уваходам у хату ці на дзвярах К+M+Б і пазначае год. Большасць вернікаў упэўнены, што такім чынам, пачатковымі літарамі абазначаюцца імёны трох мудрацоў, але Касцёл гэты надпіс тлумачыць як інтэрпрэтацыю першых літар лацінскай фразы: “Christus mansionem benedicat”, што азначае: “Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом”.
– Павінна сказаць,– дадала Люцыя, – што дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у гэтых сцэнках, якія называюцца ў народзе Калядкамі і спалучаюць Евангельскую навіну з добрай і шчырай беларускай абраднасцю. Робім мы гэта ў час зімовых канікулаў, калі дзеці вольныя ад заняткаў у школе. Дарэчы, са сваімі віншаваннямі і пажаданнямі ідзём з благаслаўлення нашага пробашча кс. Юрыя Беганскага і па запрашэнні гаспадароў.
Катэхетка Люцыя наведвае дамы мясцовых католікаў разам са сваімі юнымі калядоўшчыкамі – дапамагае ім спяваць, падказвае словы, калі хто з дзяцей крыху разгубіўся. Перад самым выхадам кідае позірк на кожнага, ці добра апрануты, просіць дзяцей паўтарыць словы прывітання, з якімі яны будуць заходзіць у дамы, надзявае свой надзвычай прыгожы капюшон (вялікай кашміроўцы з традыцыйнымі ружамі на чорным полі надала футравую абшыўку, атрымалася цудоўна!), і тэрыторыю Санктуарыя яны пакідаюць са спевам “Спявайце, анёлы!”, каб адчыніць дзверы першай хаты, дзе іх чакаюць гаспадары…
–Да каго першага пойдзем сёння? – удакладніла Люцыя.
–Да мае бабулі, – адказала дзяўчынка Саша.
Карзіна з пірагамі
Літаральна праз некалькі хвілін пад скляпеннямі шматпавярховага дома гучыць усім знаёмы спеў “Сёння ў Бэтлеем, сёння ў Бэтлеем…”, і анёлы па чарзе вітаюць гаспадыню, пытаюць дазвалення зайсці ў кватэру.
–Канечне ж, мілыя анёлкі, заходзьце, расказвайце, якую вестку і адкуль прынеслі?
Дзеці ў вершаванай форме апавядаюць пра Нованароджанага Хрыста, спяваюць Калядкі, складаюць пажаданні для ўсёй сям’і на новы, пасля Нараджэння Хрыстовага, год. А гаспадыня, у сваю чаргу, узрушаная спевамі і адраджэннем традыцый, якія існавалі ў яе далёкім дзяцінстве, дзякуе калядоўшчыкам за візіт і выносіць для іх пачастунак – цукеркі, пячэнне, мандарыны.
–Дзякуй вам вялікае, – са слязамі на вачах гаворыць Галіна Гваздоўская, Сашына бабуля. – Вы напомнілі, як і мы, будучы дзецьмі, калісьці хадзілі, спявалі Калядкі і радаваліся найлепшаму зімоваму святу. Я родам з вёскі Варашылкі Мінскай вобласці, і ў нас каледаванне было ў традыцыі. Да свята Божага Нараджэння рыхтаваліся загадзя. Канечне, час моцна змяніўся, мы не мелі ніякіх спецыяльных строяў, як сёння апрануты калядоўшчыкі, не выконвалі роляў, мы проста хадзілі і спявалі калядныя песні. Але заходзілі не па індывідуальнаму запрашэнню, як сёння, а ў кожны двор, пачыналі вітаць гаспадароў, і калі яны нас запросяць – тады ішлі ў хату. А запрашэнняў асобных ніхто не замаўляў, усе ведалі: каляда прыйшла – то прыйдуць і калядоўшчыкі! Не было тады і цукерак, як сёння, мандарынаў-апельсінаў… Але нас таксама частавалі. Кожная гаспадыня на свята абавязкова пякла многа пірагоў, ад іх такі прыемны водар распаўсюджваўся, і як зой-дзем, бывала, у некалькі хат, то пірагоў набярэцца поўная карзіна… Больш за сорак гадоў жыву ў Тракелях. Як была маладзейшая, то я і сама хадзіла (некалі калядоўшчыкі былі розных узростаў), а зараз ўжо толькі прымаю. І сённяшнія калядныя традыцыі ў Тракелях мне моцна падабаюцца, асабліва што да анёлкаў і пастушкоў далучыліся Тры Каралі.
“Вітаем, вітаем новага Госця!”
Наступны шматпавярховы дом, зноў паднімаемся па ступеньках, а перад намі, па тых жа ступеньках, уздымаюцца ўвысь словы: “Хрыстус радзіўся, Бог аб”явіўся, Анёлы славяць, цудна спяваюць, пастушкі іграюць, вол з аслом вітаюць, у Дзіцяці Бога знаюць!”. Прыгожа спяваюць каляднікі, і дзверы ім адчыняюць Леакадзія і Станіслаў Івуць:
– Заходзьце-заходзьце, чакаем на вас, – шчыра запрашаюць гаспадары, і кватэра адразу напаўняецца радасцю, калядоўшчыкі пачынаюць віншаванні, расказваюць, з якой нагоды прыбылі, спяваюць калядкі і складаюць пажаданні міру, моцнага здароўя і дабрабыту, а таксама багатых ураджаяў у новым годзе.
Пад уплывам знаёмых мелодый і слоў Леакадзія ўспамінае:
– Расказвалі яшчэ мае бацькі. Жылі яны ў Іўеўскім раёне, на хутарах Завяргані, а гэта на адлегласці, можа, кіламетр ці паўкіламетра адзін ад другога (зараз іх ужо няма), то калядоўшчыкі (у сённяшнім разуменні) там не хадзілі; а зімы ж моцна снежныя былі, марозныя, не надта ўжо лёгка ісці. Але, калі па Калядзе сем’і наведваў ксёндз, то было так. Перш на кані, у санях прыязджалі дарослыя людзі, зайходзілі ў хату і спявалі калядныя песні, а пасля за імі ўваходзіў ксёндз. Яго павінны былі прывітаць дзеці гаспадара; было вельмі добра і прыемна, калі яны былі яшчэ малыя і расказвалі верш: “Вітаем, вітаем новага Госця, з Калядой, з Калядой у доме сваім, ідзе Госць, ідзе Госць, і Юзаф з Марыяй, і нясе, і нясе ў руцэ Ён лілею”. Пасля ксёндз пісаў крэйдай на дзвярах літары К+М+Б, асвячаў памяшканне, благаславіў сям’ю, і бацькі запрашалі яго, калі яму дазваляў час, на абед.
Памятаю, якім прыгожым быў вечар напярэдадні Божага Нараджэння, як да яго рыхтаваліся, як збіралася ўся сям’я за вігілійным сталом, і якім шчырым было чаканне Нараджэння Езуса! І на самой справе, пасля Адвэнту, пасля сапраўднага посту надыходзіў вясёлы час са святымі вечарамі. Традыцыя вігілійнага стала, думаю, засталася некранутай. а што датычыць Калядак, то да іх моцна далучалася варажба. Яшчэ мама мая расказвала, як падчас іх збіраліся дзяўчаты пагадаць. Прынясуць ахапак колатых дроў і палічаць: калі парная колькасць іх, то пойдзе дзяўчына замуж, а калі не парная – то ў дзеўках застанецца. Або слухалі: у якім баку сабака мацней загаўкае – у той бок пой-дзе замуж дачка гаспадара хаты. І яшчэ: засцілалі стол прыгожым абрусам, а пад яго падкладалі салому, ці сена і выцягвалі, не падглядаючы: калі доўгая саломка выцягнулася, значыць, ураджай багаты будзе.
–У Воранаўскім раёне, – пачала смяяцца Люцыя, – патрэбна было тапак перакінуць цераз хату. Перакінеш – замуж пойдзеш. Я так тры тапкі кінула, віселі, за дах зачапіўшыся, пакуль снег не сышоў…
– Насамрэч, не ўспрыймалася гэта як прадказанне па-дзеяў ці лёсу, – гаворыць Леакадзія, – ўсё гэта мела характар вясёлай і смешнай забавы. Лічу, што і дзяцінства нашае было ў некаторым сэнсе лепшае, чым у сённяшніх дзяцей, не было гэтых тэлефонаў, гаджэтаў, малыя раслі ў больш натуральным і здаровым асяроддзі. Ну а зараз змянілася многае, у тым ліку і традыцыя каледавання, але важна яе захоўваць і праз яе перадаваць маладому пакаленню Божую праўду: нарадзіўся для нас Збаўца і толькі Ён кіруе нашым жыццём. Зараз вельмі цешуся, што нашыя дзеці і ўнукі вучацца катэхезе, і дзякую Вам, Люцыя, што займаецеся гэтым з імі.
– “Пойдзем хутчэй у святыню, дзе Панна люляе Сына. Занясём ім падарункі ад сябе і гаспадаркі. За Каляду вам шчырае дзякуй. Жадаем, каб Немаўлятка Езус благаславіў ваш дом, навучыў любіць Бога і прынёс мір на зямлю!”, – прамаўляюць калядоўшчыкі, і мы развітваемся з сужэнствам Івуць, каб ісці далей. У ледзь заўважных струменях вулічных ліхтароў сняжынкі працягваюць здзяйсняць свае фантастычна прыгожыя рухі, у руках Люцыі – спіс адрасоў, у калядоўшчыкаў добры настрой – спяваюць проста на вуліцы: “Сёння ў Бэтлеем, сёння ў Бэтлеем…”, а я вяртаюся ў думках да слоў Леакадзіі, што толькі Бог кіруе нашым жыццём, і думаю пра саму Люцыю, з якой ідзём.
У Санктуарыі Маці Божай Тракельскай ёсць кніга сведчанняў парафіянаў, дзе кожны з іх распавядае пра свой шлях да Бога і пра Ягоную прысутнасць у іх жыцці. Знайшла я там і сведчанне Люцыі. Прачытала і ўжо ў каторы раз паўтарыла для сябе словы з Евангелля: “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!”.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць.