…Памятаем, канешне, памятаем беларускую выцінанку! Каб вырабіць яе, патрэбны былі якая-небудзь папера, часам кардон і нажніцы. Можа, хіба яшчэ аловак, каб зрабіць на паперы малюнак. А астатняе – справа лоўкіх рук. Сурвэткі, фіранкі, карункі для ўпрыгожвання абразоў, вокнаў, паліц і палічак, калядныя зоркі, цацкі на ёлку з кардону, абажуры для лямпы, – аздоба такога кшталту сустракалася амаль у кожнай сялянскай хаце, але рэальна дазволіць яе сабе мог толькі той, хто недзе здабыў паперу, не інакш – у пасляваенны час яна была сапраўды дэфіцытам. Пасля пайшла мода на фабрычныя ўпрыгожванні памяшканняў, на розныя далікатныя сурвэткі, занавескі і гардзіны, і спосаб выразання ўзораў на паперы на доўгі час застаўся толькі ва ўспамінах. Дзякаваць Богу, не назаўсёды!
Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што зараз выцінанка перажывае чарговае адра-джэнне, бо на самой справе карані яе сягаюць у вельмі глыбокую гісторыю. Як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адразу ўзнікла ў Кітаі, разам з прамысловай вытворчасцю паперы, пасля – і ў іншых краінах. Часам з’яўлення выцінанкі на Беларусі да-следчыкі называюць ХVI ст. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага гэта была папяровая кустодыя (упрыгожванне для захавання васкавых і сургучных пячатак на дакументах); кавалак паперы складваўся ў 4 столкі і па краі выразаўся рознымі зубчыкамі, атрымоўвалася нешта падобнае да прыгожай каробачкі. Але, сапраўды, гэта ўжо вельмі сівая даўніна… А на самой справе кожны гістарычны перыяд пакідаў свае “адмеціны” на выцінанцы, і яна то расквітала, то зноў прыходзіла ў заняпад, але ў сучаснае мастацтва сіганула смелай творчай задумкай, удыхнуўшы у рамяство продкаў дух высокага ўяўлення, перш за ўсё, пра сусвет, пра боскае ў жыцці, пра тое, што складае нашы нязменныя хрысціянскія каштоўнасці.
Прызнаюся шчыра, не буду рызыкаваць, імкнучыся словамі перадаць усю прыгажосць непаўторных вобразаў, якія створаны тут, пад дахам музычнага каледжа імя М.Агінскага ў Маладзечна, дакладней кажучы, на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва навучальнай установы, бо нават самыя трапныя словы не перададуць таго ўражання, якое выклікаюць гэтыя незвычайныя мастацкія вырабы. Вялікая колькасць іх (дыпломныя працы выпускнікоў) знаходзяцца ў музеі аддзялення, і любавацца імі патрэбна на ўласныя вочы. Адчыняеш дзверы – і… О Божа! Няўжо гэта пры дапамозе толькі нажніц такая натуральная прыгажосць, такая вытанчанасць мастацкага густу?! Хочацца набраць паболей паветра ў лёгкія і проста стаяць нерухома, стаяць моўчкі, стаяць доўга…
Праўду кажучы, едучы ў Маладзечна, мы ўжо ведалі, што выцінанкаю тут займаюцца не на народным узроўні, а прафесійна на працягу двух дзесяцігоддзяў, што сярод калектыва выкладчыкаў ёсць сёстры Лізавета і Наталля Чырвонцавы і што каля вытокаў маладзечанскай школы выцінанкі стаяла іх маці – мастачка, педагог Вікторыя Чырвонцава (два гады назад адыйшла з жыцця), якая пачынала з распрацоўкі канцэпцыі школы, аб-грунтавання мэты навучання і распрацоўкі вучэбных праграм. Гэтыя абставіны моцна прываблівалі і надавалі яшчэ больш зацікаўленасці. І нам пашанцавала – спачатку сустрэліся з Лізаветай, пасля падышла і Наталля. Забягаючы крыху наперад, скажу, што сёстры аказаліся цудоўнымі расказчыцамі, правялі экскурсію па музеі.
– Пры выбары тэмы дыпломнай працы нашы навучэнцы свабодныя, – падкрэсліла Лізавета, – мы нікому нічога не навязваем, толькі прапаноўваем. Адзінае пытанне, якое задаём на той момант, – гэта “Хто ты па канфесійнай прыналежнасці?” (вучацца ў нас дзеці з каталіцкіх сямей, з праваслаўных, з пратэстанцкіх), для таго, каб нешта падказаць, параіць адпаведную літаратуру. Тады вобраз, за які бярэцца маладая творчая натура, будзе больш зразумелы, значыць, і падатлівы ў стварэнні, выразны ідэйна. У цэлым жа акцэнт робім на традыцыйную культуру – як матэрыяльную, так і на духоўную, спалучаем архаічныя сімвалы з хрысціянскімі. Гэта ўзбагачае далягляд вучняў, дабаўляе ў скарбонку іх творчага вопыту, больш правільна накіроўвае іх філасофскае мысленне.
Надоўга затрымаліся мы каля працы “Шлях да ісціны”, створанай Алесей Карповіч па матывах духоўнай спадчыны Францыска Скарыны.
–У аснову кампазіцыі,– тлумачыла кіраўнік дыпломнай працы Наталля
Чырвонцава, – пакладзены шрыфты, бук-віцы і гравюры з Бібліі Скарыны, стылізаваныя пад вы-цінанку.
“Шлях да ісціны” – гэта вертыкальная структура, у аснове якой ляжыць крыж. У яго ніжняй частцы сюжэты стварэння Сусвету: ад раздзялення свету і цемры – да стварэння чалавека. Наступны рэгістр – духоўная праца чалавека, якую сімвалізуюць жняцы і жнеі. Далейшы ўзровень адлюстроўвае атрыманне ведаў праз поўныя годнасці фігуры мужчыны і жанчыны на фоне стылізаванага тэксту, якія стаяць абапал брамы, якая павінна правесці іх да спазнання Боскай ісціны. Наступны рэгістр – стылізацыя таямнічых знакаў Скарыны, якія паказваюць вышэйшыя веды, даступныя толькі выбраным. Цэнтр кампазіцыі – крыж Боскай ісціны ў вы-глядзе крыжа і разеткі, якую трымаюць анёлы; на думку аўтара, яны завяршаюць ідэю шляха да ісціны.
Асветнік Скарына ў тэкстах Бібліі паўстае чалавекам, які садзейнічаў пашырэнню пісьменнасці, ведаў, нашчадкам пакінуў такія радкі: «Усялякаму чалавеку трэба чытаць, бо чытанне — люстра нашага жыцця, лекі для душы».
У экспазіцыі сабраныя не толькі выцінанка, але і вырабы з саломкі, а таксама вырабы, выкананыя ў тэхніцы эксперыментальнага тэкстылю, якая спалучае вышыўку, апрацоўку ільнянога валакна, тканіны і нітак. Тут можна ўбачыць і знаёмыя калядныя сюжэты – “Ражаство” (аўтары В. Ліхота і К. Вяжэвіч), “Каляда” (А. Мельнікава), “Зімовыя хрысціянскія святы” (Г.Гарбачэўская), і біблійныя – “Райскі сад” (А.Кунцэвіч), “Сусветнае дрэва” з тэмаю крыжа (А.Цясленка), “Божая Маці” (Т.Бабровіч), велікодныя “Віленскія пальмы” (В. Еўланава), анёлаў, а таксама мноства казачных і міфалагічных вобразаў. Кожны з іх – плён працы вучняў і выкладчыкаў, якія ўздымаюць народныя рамёствы да ўзроўню дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Менавіта гэты ўзровень адзначылі ўдзельнікі сёлетняга VI Міжнароднага сімпозіума па праблемах выразання з паперы, які адбыўся на базе аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа і быў пры-свечаны тэме “Мастацкае выразанне: форма і колер”. Мастакі з Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы , іншых рэгіёнаў Беларусі былі прыемна ўражаныя тым духоўным патэнцыялам, які створаны і развіваецца, узбагачаецца ў гэтым горадзе, дзякуючы таленавітым і неабыякавым людзям. Гонарам для мясцовых творцаў прагучала з вуснаў гасцей сведчанне аб тым, что сёння каледж у Маладзечна – адзіная ў Еўропе навучальная ўстанова, дзе выкладаецца выцінанка і ўведзена ў спецыялізацыю “Мастацкія вырабы з саломкі, ільну, паперы”.
А ці ёсць у выцінанкі будучае? З гэтым пытаннем звярнуліся мы да Лізаветы, чый творчы дыяпазон вельмі шырокі і чые працы знаходзяцца ў фондах музеяў, асабістых калекцыях у Польшчы, Расіі, Германіі, ЗША, Японіі (працу “Дрэва жыцця” атрымаў у падарунак апостальскі Нунцый, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, які працаваў на Беларусі да леташняга году).
– Лічу, што ёсць добрая перспектыва. Па-першае, выцінанка ўжо даўно перайшла са сферы быту ў сферу мастацтва і займаюцца ёю прафесійныя мастакі, гэта значыць, пастаянна, скрупулёзна, глыбока вывучаючы пры гэтым яшчэ і гісторыю мастацтва, і народны фальклор, даследваючы шэраг памежных рамёстваў і г. д. Па-другое, дзякуючы таму, што выцінанка мае вельмі выразныя, графічныя формы, яна з поспехам выкарыстоўваецца дызайнерамі ў рэкламнай, паліграфічнай, сувенірнай прадукцыі, пры стварэнні арыгінальнага адзення, вытворчасці цацак для дзяцей. Прыедзьце да нас бліжэй да Свята Божага Нараджэння, пад Новы год – убачыце, як навучыліся ўпрыгожваць вокны (асабліва!) мясцовыя жыхары, колькі ў іх выдумкі, творчых знаходак. Ды не толькі жылыя памяшканні ўпрыгожваюцца – агульна-адукацыйныя школы, іншыя навучальныя ўстановы, гандлёвыя кропкі. Сама я таксама ствараю выцінанкі на вокны ў выглядзе вітража, дапамагае старэйшая дачушка Сафія, яна ўжо на трэцім курсе ў нас вучыцца… Дарэчы, зараз на чытырох курсах аддзялення вучацца каля 50 студэнтаў, пасля заканчэння яны атрымоўваюць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай мастацкай адукацыі. Як складаецца далейшы іх лёс? Па-рознаму. Некаторыя працягваюць адукацыю ў Акадэміі мастацтваў, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Віцебскім педагагічным універсітэце імя П.Машэрава, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, а таксама за мяжой (Чэхія, Расія, Літва). Працуюць вы-кладчыкамі, мастакамі-афарміцелямі, метадыстамі Цэнтраў народных рамёстваў.
Наш роспавед пра мала-дзечанскую выцінанку і таленавітых людзей будзе няпоўным, калі мы прамаўчым пра яшчэ адну справу адраджэння – гісторыка-этнаграфічны клуб “Кола”, створаны актыўнымі творчымі людзьмі горада пры ўдзеле выкладчыкаў каледжа, які ўзнаўляе аўтэнтычныя традыцыі, сярод якіх спевы, танцы, абрады, рамёствы. Ён мае на мэце захаванне, развіццё і забеспячэнне пераемнасці беларускай аўтэнтычнай культурнай традыцыі.
– З цікавасцю заняліся саломкай, удзельнічаем у абрадах, – расказвае Наталля. – У вёску Краснае ездзілі з Калядою, у Раёўшчыну вазілі Валачобнікаў, гасцілі і ў каталікоў, і ў праваслаўных. Зараз займаемся народнымі спевамі, – Наталля далікатна прылажыла пальцы да шыі і ўсміхнулася, – ставім народны голас, вывучаем спецыфіку выканальніцкіх манер. Гэта прыгожа, гэта нашае, беларускае, і не павінна быць страчаным.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з калекцыі музея і асабістай калекцыі Лізаветы Чырвонцавай.