…Ці ёсць у нашай душы крылы? Кс. Павел Гедройць, пробашч парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў в. Галынка, а таксама парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў в. Перстунь Гродзенскага раёна, музыказнаўца, выкладчык Гродзенскай Духоўнай семінарыi і Інстытута тэалогіі імя св.св. Мяфодзія і Кірыла пры БДУ, з якім мы вядзем гутарку аб ролі музыкі ў касцёле, лічыць, што гэтыя крылы надае музыка. Не пагадзіцца з такім сцвярджэннем нельга, бо словы святара ў храме і гукі аргана адначасова могуць узняць у душы чалавека такі высокі строй пачуццяў, што ногі гатовыя адарвацца ад падлогі… Не гіпербала – рэальнасць, і пашчасціла таму, хто гэты цудоўны стан у сваім сэрцы адчуў.
– Паважаны ксёндз пробашч, скажыце, калі ласка, хто Вы ў першую чаргу – святар ці музыкант? І як спалучыліся ў Вас гэтыя дзве якасці?
– Дзякуй за ўвагу да маёй асобы, за пытанне. Але перш чым адказаць, павінен ўспомніць сваіх продкаў. Недзе ў ХIХ стагоддзі мой пра- прадзед купіў кавал зямлі ў засценку Aжулаўка, гэта ў Гервяцкай парафіі, і там заснава-ліся, там жылі, змяняючы адно аднаго, некалькі пакаленняў. Там нарадзіўся і я. Дзякуючы бацькам, а перш за ўсё маме, дзеці (нас сямёра, я самы малодшы), выхоўваліся ў любові да Бога, любові да музыкі і асабліва рэлігійнай. Памятаю, як у Варнянах адкрылася музычная школа, і мама, нягледзячы на 15-кіламетровую адлегласць, сказала пра мяне: “Няхай даязджае і няхай вучыцца!”. Яшчэ перад гэтым бацькі купілі піяніна, і я пачаў навучанне. Сёння я моцна ўдзячны Пану Богу, тым настаўнікам, якія вучылі мяне ў Варнянах, за далучэнне да цудоўнага свету музыкі. Касцёл ў Варнянах на той час быў зачынены, выкарыстоўваўся толькі для правядзення дыскатэк, і дарослыя людзі моцна абураліся. Мая мама таксама казала, што так не павінна быць, касцёл – не месца для танцаў, і не тая музыка ў ім павінна гучаць… Касцёл – месца для выхвалення Бога і падзякі Яму. Маміныя словы моцна запалі ў душу. Сама яна вельмі любіла спяваць і да спеваў прывучыла ўсю сям’ю. У нядзельку, як толькі ўставалі, яшчэ да снедання, усе спявалі на польскай мове “Kiedy ranne wstaj zorze…”, а пасля снедання – Гадзінкі да Найсвяцейшай Панны. І гэта было абавязковым. Зараз успамінаю той час з вялікай цеплынёю.
У школу я хадзіў у Гервяты, за 5 кіламетраў. Таксама няблізка, але якая прыгажосць была наўкола! Лес, балота, а водар стаяў… Здаецца, і сёння яго помню. Тая блізасць прыроды, якая прамаўляла без слоў і атуляла сваёй чысцінёю, выхавала ўдзячнасць Богу за сам дар жыцця, засталася ў душы на самых высокіх яе палічках. Яна быццам ператварылася ў неагучаную мелодыю, якая з цягам часу павінна была рэалізавацца… І Бог гэтай рэалізацыі дапамагаў! Прызнаюся шчыра: аб музыцы я марыў, яна ва мне жыла, таму паехаў у Вільню, каб паступіць у кансерваторыю. Там паслухалі, як спяваю, як іграю, і сказалі: праграма сельскай ДМШ не адпавядае ўзроўню патрабаванняў сталічнай кансерваторыі да сваіх абітурыентаў, таму трэба падвучыцца яшчэ. А як падвучыцца і дзе? У Вільні я жыў на кватэры, інструмента не было, не было нават месца, каб яго там паставіць. А каб часу не траціць, я пайшоў у станкабудаўнічы тэхнікум, пасля на курсы ДТСААФ, атрымаў павестку ў армію… На шчасце, у войска не забралі, сказалі, можаш яшчэ павучыцца дзе-небудзь… І бачу я такі сон: яшчэ малы, стаю насупраць зачыненых дзвярэй Гервяцкага касцёла, трымаю за руку маму; людзей многа, усе чамусьці хвалююцца, і адзін другога пытаюць: хто будзе ў нас ксяндзом? А я адказваю: “Я буду!”. Той сон мяне так моцна здзівіў і так моцна крануў – я ніколі не думаў аб святарстве, хоць быў міністрантам і ў Гервятах, і ў Вільні… Тады я адразу на матацыкл – і да таты з мамаю: “Пайду ў Духоўную семінарыю!”. Бацькі ўзрадаваліся, і гэта было пачаткам майго паклікання… Пасля – гады вучобы ў Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай семінарыі, абавязкі арганіста, праца вікарыем у Гродне, у Пабернардынскім касцёле. А праз два гады здзейснілася тое, аб чым марыў яшчэ ў Вільні, – мяне накіравалі ў Інстытут музыкалогіі пры тэалагічным факультэце Каталіцкага Ўніверсітэта імя св. Яна Паўла II у Любліне.
– Можна сказаць, юнацкая мара дагнала Вас… А не шкадуеце, што не сталі свецкім музыкантам, і зараз не на сцэне, а на амбоне?
– Як бы сказаць далікатней – мэты у нас са свецкімі музыкантамі розныя, і слухачы, часцей за ўсё, розныя. А што датычыцца мары… Дзякую Богу за тыя пяць гадоў у Любліне, калі я вучыўся і ўдасканальваўся як выканаўца на фортэп’яна і аргане, гэта быў найлепшы час у маім жыцці. У нас былі выдатныя выкладчыкі, цудоўныя знаўцы музыкі, якія набліжалі да музычных каштоўнасцей свету, раскрываючы таямніцы праслаўлення Бога праз мастацтва музыкі і песні, і для мяне гэта было самым важным. Менавіта там я атрымаў ступень магістра музыкалогіі.
– А калі касцёльная музыка захапіла Вас упершыню, і дзе гэта адбылося?
– У Гервятах, у касцёле Прасвятой Тройцы – тым велічным, з выдатнай акустыкай храме, пра які гавораць “беларускі Нотр-Дам”. Людзей заўсёды там было поўна, маліліся па латыні, на польскай мове, на літоўскай… А пасля, калі заспяваў весь касцёл (а мая старэйшая сястра іграла на фісгармоні), калі ўсе гукі зліліся ў адну прыгожую хвалю, здавалася, што зямля з небам сыходзіцца… Па запрашэнню пробашча прыязджалі арганіст з Вiльна, святая Імша з удзелам арганістa была проста непаўторнай. І гэта не адбывалася аднойчы – заўсёды.
– Асноўнае ў набажэнстве – малітва, музыка носіць больш спадарожніцкі характар. Калі Вы бываеце ў іншай парафіі, у іншым касцёле, да чаго прыслухоўваецеся ў першую чаргу – да слоў святара ці да гукаў аргана?
– Па-першае, арган – адзін з самых дарагіх інструментаў, і не ва ўсіх касцёлах ён ёсць. Па-другое, не ва ўсіх ёсць арганісты. Здараецца такое, што ў касцёл прыходзіць добры музыкант, мае пэўныя музычныя веды, валодае майстэрствам ігры на аргане, на іншых інструментах, але ён далёкі ад касцёльнай практыкі. І гэта ўжо праблема. Не можа існаваць слова ксяндза само па сабе, а музыка – сама па сабе. Гэта так сама, як, напрыклад, спяваць і не ведаць, аб чым спяваеш. Патрэбна, каб паміж словам святара і мелодыяй была гармонія; толькі тады адчуеш, як зямля з небам яднаецца… Калі бываю на парафіях, найперш хочу пачуць і зразумець змест, услухоўваюся, што перадаюць гукі, або аб чым спяваюць вернікі. Ёсць такое меркаванне: як адносіцца чалавек да музыкі, так адносіцца ён і да жыцця. Радуюся, калі гэта добрыя спевы – ад спеваў ідзе дабрыня. Дарэчы, у розных парафіях сустракаю часам рознае выкананне адных і тых жа касцёльных песень. Гэта прыгожая разнастайнасць. Відавочна, што, захаваныя людзьмі старэйшага ўзросту, гэтыя песні часта імі ж інтэрпрэтаваліся, яны і сёння з’яўляюцца адбіткам той культуры, якая існавала раней. Але наогул добра, што людзі спяваюць; як казаў святы Аўгустын, хто добра спявае – той дважды моліцца. Пажадана другое – каб ва ўсіх храмах былі адзіныя спеўнікі.
– Кс. Павел, скажыце, музыка павінна быць на кожнай святой Імшы ці толькі па святах і на ўрачыстасці? Якія існуюць патрабаванні да яе выканаўцаў?
– Існуе такая традыцыя: малітва падчас урачыстасцей, падчас свята і малітва ў звычайны дзень. Пэўна ж, маліцца патрэбна штодня, а іграць і спяваць – можна штодня, але самая высокая ступень музычнасці – падчас урачыстасці. Выканаўца павінен быць, па-першае, практыкуючым католікам, які добра ведае асаблівасці малітвы ў каталіцкім храме, па-другое, павінен быць прафесійным музыкантам, мець спецыяльную падрыхтоўку. Патрэбен той чалавек, які будзе дакранацца да глыбінь душы слухача і адкрываць іх для Бога. Трэба ўлічваць таксама, што ёсць людзі, якія прыходзяць у касцёл не толькі каб прыняць удзел у супольнай малітве, атрымаць святыя сакрамэнты, але таксама для таго, каб пачуць высокую духоўную музыку, насыціцца ёю, атрымаць ад яе асалоду… Маладыя просяць, каб падчас іхняга шлюбу іграў арган! Натуральна нармальная просьба… І яшчэ. Часам здараецца, што чалавек шукае Бога і Яго находзіць праз музыку! Таму місія касцёльнай музыкі – адметная, высокая!
– Хто рыхтуе арганістаў для касцёлаў Беларусі?
– Спецыяльнай такой школы няма, але ў Беларускай Акадэміі музыкі працуе вядомы арганіст і дырыжор, які ў свой час навучаўся ва Ўніверсітэце музыкі і мастацтваў г. Грац (Аўстрыя) і там атрымаў ступень магістра мастацтваў – Ўладзімір Неўдах, які час ад часу арганізуе курсы для арганістаў Мінска, Віцебска.
– …Дык можа прыйшоў час адкрыць спецыяльны музычны каледж, які б рыхтаваў арганістаў для касцёла, як лічыце?
– Гэта было б ідэальна. Але, ведаеце, нават яблык не адразу паспявае, патрэбны час і пэўныя ўмовы. Так і тут. Калі ў гэтым жаданні і імкненні аб’яднаюцца разам біскупы, святары, вернікі і асабліва самі музыканты – гэта абавязкова адбудзецца, я веру!
– Якія музычныя інструменты выкарыстоўваюцца ў храмах сёння? Так званае моладзевае выкананне, ці моладзевыя жанры, песні пад гітару – гэта тое, што трэба, ці гэта падмена сапраўднай музыкі?
– Выкарыстоўваюцца розныя інструменты, але я не стаў бы называць гэта падменай. Ідучы ў пілігрымку, нельга ўзяць з сабою раяль, няхай гучыць гітара. Толькі няхай праслаўляе Створцу – ні што іншае.
– Ксёндз Павел, што пажадаеце чытачам часопіса напярэдадні Свята Божага Нараджэння?
– Жадаю, каб кожны хрысціянін знайшоў час на прывітанне Нованароджанага Дзіцятка Езус. Нараджэнне дзіцяці – заўсёды вя-лікая радасць, а тут нарадзіўся Збаўца свету! Касцёл імкнецца перадаць гэтую радасць верным падчас Пастэркі – гучаць урачыстыя канты, прыгожыя спевы, людзі стаяць каля яселькаў, і сэрцы іх напаўняюцца пяшчотай і ласкай. Няхай гэтую пяшчоту, атрыманую з Божай ласкі, яны нясуць у свае сем’і, да сваіх родных, блізкіх, суседзяў. Няхай яна дапамагае ім жыць!
Размаўляла Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА.