“Аднойчы ўбачыў дзяцей з ранцамі і іх бацькоў з сумкамі з пакупкамі, якія ў штодзённай мітусні знайшлі час на ўдзел у Раратах. Гэта прыгожае сведчанне, што ў нашай штодзённасці можна заўсёды знайсці час для Пана Бога”, – заўважыў кс. доктар Рафал Моцны, душпастыр студэнтаў супольнасці «Параклетас» (г. Слубіцэ, Польшча), адказваючы на пытанні, якія часта задаюць вернікі. Пытанні наступныя:
– Паводле традыцыі, Рараты – гэтая першая святая Імша падчас узыходу сонца, навошта служыцца такім ранкам?
– Адвэнт – асаблівы час, які перажываецца ў Касцёле, час чакання і прыгатавання да перажывання Божага Нараджэння. Хрыстус, якія нарадзіўся ў Бэтлееме, прадстаўляецца як святло ўзыходзячага сонца, прыходзіць як той, хто можа выцягнуць чалавека з цемры граху, ”каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным” (Лк 1, 78-79). Таму прыходзім уранку, каб, трымаючы ў руках лямпы, станавіцца сведкамі святла Хрыстуса, якое носім у сэрцы.
– У некаторых парафіях Рараты адбываюцца вечарам. Ці замяняюць яны ранішнюю Эўхарыстыю?
– Рараты – гэта св. Імша, якая цэлебруецца на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. Традыцыйна гэта была Імша, якая цэлебравалася раніцай, і ва многіх парафіях і зараз так адбываецца. Аднак душпастыры прыйшлі да высновы, што было б добра заахвоціць да ўдзелу ў ёй перадусім дзяцей, якія пачынаюць свае школьныя заняткі можа раней, чым некалі. Таму часта здараецца, што Рараты пераносяцца на вячэрні час.
– У чым іх сэнс?
– Назва паходзіць ад лацінскіх слоў песні, якая часта спяваецца на іх пачатку: “Rorate caeli desuper” – “Спусціце росы, нябёсы”. Эўхарыстыя распачынаецца пры патушаным святле – яно запальваецца зноў падчас урачыстага гімну “Хвала на вышынях Богу”. Гэта адзін з мноства выпадкаў на працягу літургічнага году, калі гэты гімн спяваецца кожны дзень – вы-ключна падчас Раратаў. На працягу Раратаў разам з Марыяй перажываем час чакання на прыйсце Хрыстуса. Літургічныя чытанні, казанні ў гэты перыяд павінны нас да гэтага прыгатаваць.
– Чаму так важна, каб на Рараты прыносіць з сабою лямпы?
– Сімволіка святла ў хрысціянстве надта багатая. На Раратах дадаткова запальваецца свечка – раратка, якая сімвалізуе прысутнасць Марыі, якая чувае. Удзельнікі Раратаў трымаюць запаленыя свечкі або лямпы, якія звязваюць іх з чуваючай Марыяй. Іх значэнне можна знайсці таксама ў Евангеллі, дзе гаворыцца пра паннаў глупых і паннаў разважлівых, якія чакаюць з лямпамі ў руках. Мудрыя паклапаціліся, каб хапіла алівы, а тыя, якія пайшлі сабе купіць, прамаргалі важнейшы момант. Таму, маючы ў руках лямпы, можам выпрацаваць у сябе гэтую прыгожую рысу – чаканне. Пасля Раратаў запаленыя лямпы нясуць дадому як сведчанне святла Хрыстуса, які ў нашым сэрцы.
– На Рараты дастаткова многа прыходзіць дзяцей. Ці можам гаварыць пра рызыку, што праз некаторы час гэтыя дзеці звычайна “вырастаюць” з удзелу ў Раратах?
– Дзеці спецыяльна запрашаюцца святарамі. Ксяндзы з думкаю аб дзецях рыхтуюць цыкл катэхез, якія аглашаюцца на Раратах, але зразумела, што не толькі дзеці з’яўляюцца ўдзельнікамі св. Імшы гэтага перыяду. Найпрыгажэйшым спосабам перажывання Раратаў ёсць перажыванне іх сям’ёй. Таму хацеў бы сказаць, што не “вырастуць”, а “дарастуць” да таго, каб у будучым прыйсці ў якасці бацькоў са сваімі дзецьмі. Вядома, што душпастыры часта арганізуюць Рараты для студэнтаў або іншых спецыяльных груп, але Рараты – гэта Імша для ўсіх.
– Абавязкі, а часам і іншае бываюць прычынаю таго, што не ходзім на Рараты. Ці можам, нягледзячы на гэта, прыступіць да св. Камуніі?
– Гэта праўда. Сённяшні свет са сваімі хуткасцямі моцна “забеганы” і нават не хапае часу на штодзённыя Рараты. Аднойчы бачыў дзяцей з ранцамі і іх бацькоў з сумкамі з пакупкамі, якія ў штодзённай мітусні знайшлі час на ўдзел у Раратах. Гэта прыгожае сведчанне, што ў нашай штодзённасці можна заўсёды знайсці час для Пана Бога. Хацеў бы таксама прывесці некалькі прыкладаў з гісторыі, якая паказвае, як моцна занятыя людзі, якімі былі каралі, безупрэчна знаходзілі час на Рараты. Напрыклад, штодзённага ўдзелу ў гэтай св. Імшы прытрымліваліся каралі Зыгмунт Стары і Зыгмунт Аўгуст, каралева Бона, Ганна Ягелонка і Марысенька Собеска. Зыгмунт I Стары і Ганна, яго дачка, стараліся, каб у каралеўскай капліцы на Вавелю Рараты адбываліся не толькі падчас Адвэнту, але раз на ты-дзень на працягу ўсяго года. На гэтыя мэты прызначаліся пэўныя фонды і ў 1545 г. пры зыгмунтаўскай капліцы Ўнебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі была ўтворана спецыяльная капэла спяваючых “рарантыстаў”. Калі ўжо каралі мелі час на Рараты, то што ж мы можам сказаць? Запаведзі Божыя і Касцёльныя гавораць нам пра абавязак нядзельнай Эўхарыстыі. Няўдзел у Раратняй Імшы не з’яўляецца грахом.
– Як падрыхтавацца, каб добра перажыць Адвэнт і Рараты?
– У агульных нормах літургічнага года і календара можна знайсці наступныя вызначэнні: “Адвэнт мае падвойны характар. Ёсць перыядам прыгатавання да ўрачыстасці Божага Нараджэння, калі ўспамінаем аб першым прыйсці Сына Божага да людзей. Адначасова ёсць перыядам, у часе якога праз успамін першага прыйсця Хрыстуса накіроўвае душы на чаканне Яго паўторнага прыйсця ў канцы свету. З абедзвюх кропак гледжання Адвэнт ёсць перыядам пабожнага і радаснага чакання”. Прыгожае перажыванне Адвэнту і Раратаў звязана з разважаннем над тымі дзвюма праўдамі: прысутнасцю Хрыстуса ўжо зараз, які вядзе нас праз жыццё, мэтаю якога ёсць вечнасць. Варта ў гэтым надта кароткім часе трохі затрымацца, каб не даць панясці сябе атмасферы Божага Нараджэння заўчасна, якім фактычна святы толькі пачынаюцца, бо тады рызыкуем перажыць Божае Нараджэнне без Бога… Чуванне выпрацоўвае прыгожыя рысы: працы над сабою, гатоўнасць на спатканне з Панам з чыстым сэрцам. Таму варта перажыць Адвэнт, удзельнічаючы ў Раратах, прыступіць да Сакрамэнту Пакуты і ўзяць удзел у рэкалекцыях, арганізаваных у парафіі.
Марта ЯЦУКЕВІЧ.