(Размова Мілены Кіндзюк з кс. Янам Твардоўскім)
Ксёндз Ян Твардоўскі (1915 – 2006) – найпапулярнейшы польскі рэлігійны паэт, феномен якога сягае далёка за літаратурныя межы ; яго вершы і проза трактуюцца як душпастырскае пасланне і парады добрага жыцця.
Твардоўскі стварыў у польскай паэзіі “новую мову веры”. Замест разумовага, тэалагічнага пазнання прапанаваў францішканскую “веру радасную” і абсалютны, падобны да дзіцячага давер Богу. Знакам Бога ў паэзіі кс. Твардоўскага – Яго стварэнне: прырода і іншы чалавек. Ключавой вартасцю ёсць любоў – Бога да чалавека, а таксама чалавека – да Бога і бліжніх. Парадаксальнай, адначасова істотнай ёсць радасная згода на самотнасць і цярпенне, упісанае ў парадак свету і дазваляючае чалавеку стаць “празрыстым”, адкрытым на дзеянне Бога. Правадніца ў веры Маці Божая – моцная марыялагічная тэндэнцыя ў паэзіі кс. Твардоўскага.
Характэрнае для яго творчасці – прадстаўленне складаных праблемаў веры і філасофіі простым спосабам, даступным для меней падрыхтаваных чытачоў. Мова кс. Твардоўскага – блізкая да штодзённай, у ёй часта з’яўляюцца выразы звычайныя. Яго паэзія ахвотна чытаецца, бо гаворыць аб справах найпрасцейшых і блізкіх кожнаму – пра любоў, пра сум, веру, цярпенне, таксама пра дасканаласць свету. З другога боку, Твардоўскі не раз выглядае аднамерным, як “ксёндз, які ўсміхаецца”. На маргінэзе застаецца прысутным у гэтай паэзіі элемент болю, усведамлення ўласных грахоў і хістанняў веры.
– Для чаго Свята Божага Нараджэння? Для чаго ўглядваемся ў зорку на небе? Для чаго спяваем Калядкі? Праз жытло ксяндза кожны дзень прайходзіць мноства людзей, але Вігілію ксёндз праводзіць заўсёды адзін. Чаму?
– На самой справе ўсе вігілійныя вячэры ў маім святарскім жыцці спажываў у самотнасці, не выкарыстоўваю ў гэты дзень ніякіх запрашэнняў. Чуюся тады салідарны з тымі, хто ў вігілійны вечар таксама застаецца адзін.
–У сваіх вершах ксёндз успамінае Вігілію ў бацькоўскім доме…
– З зоркай, як з ясным тварам – вігілія перадваенная
– З домам, што яшчэ застаўся на тонкай фатаграфіі,
– З мамусяй, што ад няшчасцяў засланіць хацела слязамі, –
– Калі падавала чырвоны боршч, што смяшыў нас вушкамі!
– Вігілія ў бацькоўскім доме заўсёды станавілася радасным святам. Разам з братамі і сёстрамі прыбіралі ёлку, вялікую, аж да столі. Пад ёю ляжалі падарункі. Перад вячэраю складалі сабе пажаданні, пасля садзіліся за стол з сенам і пустою талеркаю для незнаёмца, які можа прыйсці. Гэтая традыцыя жыве як і традыцыя спеву Калядак.
– А ці зараз таксама падабаецца ксендзу “Bog sie rodzi” – Ваша любімая песня?
– Так, моцна падабаецца мне гэтая Калядка. Яна – збор парадоксаў – з’яў, якія, з чалавечага погляду, нелагічныя: “моц трухлее”, “агонь застывае”, “бляск цямнее”. Гэта пацвярджае, што Бог знаходзіцца па-за нашай логікай і вучыць, што павінны мы памятаць і аб тым, чаго не разумеем. А мы пераважней не хочам памятаць таго, як і незразумелага сну. Для чаго спатканні, калі пасля – расстанні, чаму хтосьці памёр, а быў такі па-трэбны? Патрэбна ўсё гэта разважыць, запомніць сабе, бо ўсе здарэнні, нават тыя, якія не раз так нас раздражняюць, з цягам часу адкрываюцца як мудрасць Бога. Аказваецца, ні спатканні, ні расстанні не выпадковыя, а той, хто памёр, памятае пра нас у небе лепей і апякуецца намі болей, чым тады, калі хадзіў па гэтай зямлі.
– Калі б мы самі Цябе прыдумалі,
– Быў бы болей зразумелы і эластычны
– Споўніліся б па чарзе нашы жаданні
– Нарадзіўся б не ў Бэтлееме, але ў Мудраліне
– і цяпер ужо быў бы сапраўды немагчымы.
– Ксёндз многакратна падкрэсліваў, што Свята Божага Нараджэння – гэта свята дабра і любові.
–Божае Нараджэнне – гэта ўзбуджаючыя Каляды аб Бэтлееме са снегам, аплаткамі, падарункамі, пошукамі блізкіх, раскіданых па свеце, з радасцю спаткання пры стале. У Божае Нараджэнне сварымся, але хочам памірыцца, грашым, але хочам быць святымі. Божае Нараджэнне абуджае ў чалавеку многа дабра, добразычлівасці. У чалавеку існуе сум ад невыказаных пачуццяў, на што не хапае часу ў штодзённым жыцці. Свята абуджае патрэбу паяднання і жаль з-за недахопу любові. Калі б не Божае Нараджэнне, чалавек адчуваў бы сябе ашуканым. Не можа быць самадастатковым, заўсёды сумуе па кімсьці большым за сябе. Таму нават у кампаніі з другім чалавекам ёсць месца на самотнасць. Любоў зямная заўсёды пад пагрозаю, нават тыя, хто між сабою блізкія, жывуць бояззю, што нехта іншы зменіць іх адчуванні, памрэ, захварэе. Божае Нараджэнне напамінае, што ў свеце болей дабра, чым зла. Праз бег падзей, праз зусім не чаканыя здарэнні, такія, як, напрыклад, факт, што на нашых вачах скампраментыравалі сябе дзве велізарныя сілы на Ўсходзе і Захадзе, Пан Бог дае довад сваёй моцы. Таму ўсё, што так моцна нас уражвае, у пэўны час губіцца. Такі сэнс па-дзей. Апакаліпсіс таксама заканчваецца аптымістычна, напамінае, што выйграе дабро.
– Што азначае, што Бог нараджаецца Чалавекам?
– Мала сказаць, што свята прыпамінае нам прыйсце Бога на свет. Божае Нараджэнне – гэта найбольшае свята для чалавека. Бог нараджаецца такім самым чалавекам, як мы. Акрамя граху, нішто людское не было яму непрыхільным: ні слёзы, ні радасць, ні цярпенне, ні людская смерць. Ён прыняў нашае людское жыццё, а да таго ж усё, што людское, можа стацца святым: наша праца, наша стомленасць, любоў, самотнасць, цярпенне. Бог хацеў так моцна быць чалавекам, што нават стаўся немаўляткам, якое на працягу дзевяці месяцаў прабывала ў лоне маці. Бог такі вялікі, што цэлы сусвет не агорне Яго, і можа быць такі безабаронны, як дзіця ў часы Ірада. Столькі Пан Езус адрокся ў святую Бэтлеемскую ноч. Адрокся ад зямной велічы, утульнага памяшкання з фіранкамі ў вокнах, але не адрокся ад зямной людской любові. Матчынай любові, клопату свайго апекуна – святога Юзафа, сардэчнасці пастухоў, мудрацоў. Запаліў людскую любоў у нашых сем’ях.
– І падумайце, як гэта –
– Бог меў дзіцячыя гады,
– маці, осліка, Бэтлеем…
– Свята Божага Нараджэння – гэта вялікі для нас дар. Не толькі ёлачка і падарункі, але сам Пан Езус з’яўляецца для нас падарункам. І гэты падарунак павінен быць раздаваны. Пан Езус нарадзіўся на пачатку нашай эры, але прыходзіць да нас праз людзей. З’яўляецца ў постаці тых, хто нам многае дае, хто ад нас чакае дабраты, добразычлівасці, нашай паправы і чыстасці жыцця. Не атрымалі мы веру толькі для сябе. Павінны пераказваць яе іншым. Даючы праз сябе веру іншым, мы перадаем найважнейшы падарунак, якім з’яўляецца сам Езус.
– Божае Нараджэнне сёння часам страчвае сваё рэлігійнае вымярэнне, замяняецца адзіным “пухнатым агнём традыцыі”, як заўважыў ксёндз у вершы “Вігілія”. Чаму Пан Езус прыходзіць не раз “зарана”, “запозна”, “не ў пару”?
– Бог не ў пару прыходзіць тады, калі Свята ўспрымаем толькі як традыцыю, калі чалавек не разумее таго, што самае істотнае. Божае Нараджэнне – гэта таямніца, якую немагчыма ні зразумець, ні сабе ўявіць.
– Снежань, ёлачка,
– асёл ушанаваны,
– вол ганарысты,
– толькі Бог не стыдзіцца,
– што ёсць такі малы.
– Навошта нам Свята Божага Нараджэння?
– Для таго, каб вучыцца любові да Пана Езуса, каб падаваць сабе руку, усміхацца да сябе, прабачаць сабе.
– Падчас Вігіліі, калі складаем адзін другому пажаданні, найчасцей прамаўляем: жадаю табе здароўя, шчасця і ўсялякіх поспехаў. “Але ўсё гэта пажаданні язычніцкія!” – напісаў ксёндз калісьці. Чаму?
– Згодна з імі, прагнем укласці нашае жыццё паводле асабістых капрызаў. Як часта пажаданні, якія споўніліся, становяцца пеклам для чалавека. Не раз хтосьці, як конь, здаровы, і ад таго яшчэ горшы. Іншы ёсць шчаслівы і думае толькі сам пра сябе. Яшчэ іншы становіцца дэспатам, бо ўсё робіцца толькі па яго намерах. Вельмі шкада, што пабожныя людзі так рэдка моляцца аб тым, каб споўнілася тое, чаго Бог жадае сабе ад нас.
– Памолімся ў Ноч Бэтлеемскую,
– У ноч шчаслівага нараджэння,
– Каб усё нам распляталася –
– Вузлы, канфлікты, ускладненні.
– Чаго ў такім выпадку павінны жадаць мы сабе на Свята?
– Каб мы заўсёды шукалі Божай дарогі ў свеце, дарогі, якою ішоў Пан Езус, дарогі даверу Богу ва ўсіх нашых слабасцях і цяжкасцях людскога жыцця.
Каб мы патрафілі дзякаваць Пану Богу за тое, што мы ёсць і ёсць у Яго любячых руках. Бог заўсёды нас патрабуе, нават тады, калі нам здаецца, што мы да нічога не здольныя. Пакуль жывём, Бог нас патрабуе. Гэтую шакуючую праўду пра Божую любоў прыпамінае нам Божае Нараджэнне
– Дзякую за размову.
(“Госць Нядзельны”, 51-52, 1998).