Ці не хацелі б вы, паважаныя чытачы, каб прыляцеў да вас анёл? Не абавязкова ўсім вядомы Габрыэль, а нават хто з іх іншы? І не абавязкова перад Божым Нараджэннем, ці іншым хрысціянскім святам, а наогул, каб вашую хату не абышоў? Пэўна, усе хацелі б, каб прыляталі анёлы, каб прыносілі толькі радасныя весткі, каб дарылі нам добры настрой на святы і на штодня! І каб маліліся за нас у небе, перад Госпадам, а часам і нешта прадказвалі нам…
А якія яны, гэтыя анёлы? Пэўна ж, маладыя, з прыгожымі тварамі, у прыгожым белым або бліскучым адзенні, з крыламі за спіною, над галавою – німб… Такімі іх сабе і ўяўляла Валян-ціна Старавойтава, на той час студэнтка Баранавіцкага Катэхетычнага каледжа, прыступаючы да стварэння гэтых незямных істотаў. Як узнікла такая ідэя наогул? Зусім проста. Набліжалася Божае Нараджэнне, хацелася зрабіць падарункі родным, блізкім, сябрам… Да таго ж, хацелася зрабіць незвычайныя падарункі… Успомніла пра анёлаў і задала сабе пытанне: ці ўзрадавалася б ім сама? Без сумневу… Далей хацелася, каб яе анёлы ўзварухнулі чыесьці ўспаміны з дзяцінства, а каму, можа, і ўпершыню падарылі думку аб тым, што Пан Бог стварыў свет для таго, каб людзі жылі ва ўзаемнай любові і гэты свет упрыгожвалі. Раздумалася – дык для іх стварэння не патрэбна ніякіх матэрыяльных трат, толькі на ніткі і крухмал. Яшчэ свой час. Напэўна, яго таксама патрэбна было недзе знайсці маладой жанчыне, маці траіх дзяцей, якая паступіла вучыцца на першы курс Катэхетычнага каледжа. Але Бог, відаць, дабавіў ёй сілы, і першая спроба Валянціны завяршылася поспехам. Яна звязала адразу трох анёлаў, падарыла іх сваім родным і, калі прачытала на іх тварах здзіўленне і захапленне, зразумела, што анёлаў у яе будзе многа…
Шчыра кажучы, вязанне само па сабе для Валянціны не было дзівам – гэтай справе з дзяцінства яе навучыла мама. “Вязальныя пруткі прылаўчылася трымаць у руках раней, чым ручку”, – жартуе сёння майстрыха. Але то былі пруткі, а анёлкі вяжуцца кручком. Гэтаму навучылася самастойна, выкарыстоўваючы кнігі, часопісы. Ёсць такі “Валя. Валянціна”, быццам у гонар яе названы, які жанчына атрымоўвае з Расіі праз почту. Там – усё: узоры даўніх чароўных сурвэтак, абрусаў, карункі, упрыгожванні для кашуль, сукенак, вышыўкі з матывамі Божага Нараджэння, разлікі, як іх патрэбна выконваць. “Было б толькі жаданне!” – зноў смяецца Валянціна і расказвае, як хутка яе ангелы разышліся па розных кутках Беларусі. Справа ў тым, што аднакурснікамі Валянціны ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах былі сорак чалавек, з усіх рэгіёнаў Беларусі. І ўсім яна падарыла анёлаў. Зразумела, не адразу – з цягам часу. Пачала са шматдзетных маці, выкладчыкаў, законных сясцёр – анёлы падабаліся ўсім. Адна знаёмая дзяўчына нават павезла сваёго анёла ў Ірландыю… Дарэчы, моцна цешыўся анёлам, што “вылецеў” з удалых рук Валянціны, і светлай памяці кардынал Казімір Свёнтэк…
Вяжа Валянціна мноства ўсялякіх прыгожыў рэчаў: абрусы, сурвэткі, прадметы адзення для сваіх траіх дзяцей, навагоднія ёлачкі, удзельнічае у розных конкурсах, што праводзяцца ў горадзе Светлагорску, займае ў іх прызавыя месцы. А летась, убачыўшы ў Інтэрнэце, як вяжуцца слінгапацеркі, звязала ружанец, панесла яго на ўрокі катэхезы, якія вядзе ў сваёй парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа. Расказвала, як загарэліся вачаняты дзяцей. Выкарыстала яго ў якасці нагляднага дапаможніка, каб лепей растлумачыць дзецям, што такое поўная малітва на ружанцы, з якіх паасобных малітваў яна складаецца. Атрымалася цікава.
– Я вельмі люблю рабіць падарункі, – тлумачыць Валянціна (амаль дваццаць гадоў яна працуе на станцыі хуткай дапамогі ў Светлагорску) сваю занятасць вязаннем. – І пераканалася, што найлепей людзьмі ўспрымаюцца анёлкі. Хуценька звяжаш яго, накрухмаліш, надасі форму – і самой на душы светла становіцца. Многія з тых, каму дарыла анёлаў, прыспасобілі іх ў якасці ёлачных упрыгожванняў. Кажуць, што анёлы нясуць большую казачнасць, чым звычайныя шкляныя цацкі. А мне хочацца, каб яны прыносілі кожнаму, хто іх атрымае, найперш добрую вестку, надзею на лепшае жыццё, светлы настрой. Для мяне вялікая радасць, калі мой бліжні радуецца…
Раіса СУШКО,
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD.