Перыяд Божага Нараджэння звычайна вымагае ад нас паглыблення ў чары бэтлеемскай ночы, у атмасферу цуду прыйсця на свет Божага Сына. Адным з важных элементаў той цудоўнай гісторыі з’яўляецца здарэнне, звязанае з паяўленнем незнаёмых і важных асобаў з невядомых краёў, якія прыбылі, каб аддаць паклон Нованароджанаму. На тым здарэнні падрабязна затрымліваецца сёння а. Конрад ПАТЫКА, SVD.
У атмасферы цуду
Сярод усіх евангелістаў пра тое здарэнне ўспамінае толькі Мацвей (пар. Мц 2.1-12). Кім былі тыя людзі? Адкуль прыйшлі? Чаго прыйшлі? Як дазналіся пра Езуса? Якое значэнне для нас мае іх паяўленне? І яшчэ шмат іншых пытанняў, якія турбуць многіх з нас, можна сюды дадаць. Аднак аба ўсім – па чарзе.
Кім былі? Евангеліст Мацвей называе іх мудрацы-магі. Абапіраючыся на далейшую інфармацыю, запісаную ў Евангеллі, – “убачылі мы Яго зорку на Ўсходзе…” – можна дапусціць, што былі гэта людзі вучоныя, якія займаліся астраноміяй, валодалі ведамі аб тайнах свету. Не выключана, што маглі належаць да святарскага стану, моцна паважанага ў тыя часы. Тым не меней у Старым Запавеце знайходзім прароцтвы, якія гавораць пра каралёў, – “каралі Фарсіса і выспаў прынясуць дары, каралі Аравіі і Савы складуць даніну” (Пс 72, 10), а прарок Ісая прадказвае паяўленне вялікага каравана, які прынясе золата і кадзіла, напяваючы гімн на ўшанаванне Бога (Іс 60, 6). Да канца не можам вызначыць іх сацыяльны статус, тым не меней былі яны важнымі асобамі, калі іх паяўленне ўзбудзіла такое замяшальніцтва і зацікаўленасць ў супольнасці ерузалемскай.
Адкуль прыйшлі? Мацвей акрэслівае коратка: “з усходу”. Аднак, што гэта азначае? Можа, з Персіі, з Аравіі ці з Вавілону? А можа з якой азіяцкай супольнасці? Да канца невядома. Традыцыя паказвае іх як прадстаў-нікоў розных культур трох вядомых на той час частак свету – Афрыкі, Азіі і Еўропы. Традыцыя перадала нам таксама і іх імёны са значэннямі: Бальтазар – імя якога азначае “пан святла”, прадстаўляе Афрыку; Мельхіёр – “князь супакою” – прадстаўлены ў азіяцкіх рысах, а Каспер, імя якога тлумачыцца як “скарбнік”, прадстаўлены ў рысах еўрапейскіх. Для нас важны факт, што ўсе яны з’яўляюцца прадстаўнікамі не габрэйскай супольнасці. Тым самым іх паяўленне ў эпізодзе Божага Нараджэння дае выраз універсалізму ўвасаблення Божага Сына. На самой справе пасланне Месіі было завешчана ізраэльскаму народу і для яго збаўлення, але пра Яго нараджэнне даведаліся іншыя народы, і гэта іх прадстаўнікі прыйшлі, каб Яму пакланіцца, злажыць свае дары, каб аддаць сябе пад Яго апеку. Дакладна, у тым маленькім дзіцяці яны ўбачылі прыйшоўшага цара, арцысвятара і збавіцеля. Выразам таго з’яўляюцца дары, якія, як піша Мацвей, прынеслі: золата – сімвал царскай улады, кадзіла – прызначана для палення, каб яго дым узносіўся як малітва перад абліччам Божым, і міра – сімвал Яго збаўчай смерці, прынятай за ўсё чалавецтва.
Цікавым з’яўляецца спосаб, якім была перададзена ім інфармацыя аб нараджэнні Езуса. Мацвей піша, што “убачылі зорку”. Для мудрацоў было чымсьці відавочным, што зорка, якую ўбачылі, ёсць вестуном з’яўлення кагосьці нязвыклага, надзвычайнага. Не распытвалі, адкуль узялася, якая яе прырода, толькі заня-ліся пошукам таго, каго яна абвяс-ціла. Прынцыпова інакш падыходзілі да гэтай з’явы пазнейшыя тэолагі і навукоўцы. Ёсць такія, хто прызнаваў яе надзвычайнасць. Святы Ігнацый Антыахійскі прытрымліваўся думкі, што ў дзень нараджэння Езуса Бог стварыў новую зорку; святы Ян Хрызастам (Златавуст) меў меркаванне, што мудрацам явіўся анёл у постаці зоркі і гэта ён прывёў іх у Бэтлеем. Пазней навукоўцы і астраномы спрабавалі растлумачыць феномен бэтлеемскай зоркі з пункту гледжання навукі. Так, нямецкі астраном Ян Кеплер тлумачыў збліжэннем планет Юпітэра і Сатурна, што паўтараецца рэгулярна і выхад з частот гэтай з’явы акрэсліў дату нараджэння Езуса сёмым годам да нашай эры. Яго астранамічныя разлікі знайшлі пацвярджэнне ў астранамічных даследваннях іншых навукоўцаў. Яшчэ іншыя навукоўцы таксама выставілі гіпотэзу аб рэальным з’яўленні “суперновай” зоркі, што мела месца ў 5-м годзе да нашай эры, але тая гіпотэза не растлумачыла феномен перамяшчэння зоркі. Наканец, маем яшчэ адну тэорыю, якая гаворыць аб тым, што бэтлеемская зорка – гэта “камета Галея” (назва ўзятая ад прозвішча англійскага астранома Эдварда Галея), якая рэгулярна паяўляецца поблізу зямлі і добра бачная.
Як бы на гэтую з’яву ні паглядзець і як бы ні спрабаваць яе растлумачыць, з’яўляецца яна чымсьці асаблівым і вельмі глыбока ўвайшла ў хрысціянскае перажыванне свят Божага Нараджэння; бэтлеемская зорка стала для большасці сімвалам новага жыцця і святла, якое заяснела на нябесным гарызонце для ўсяго чалавецтва. А тыя, якія ўбачылі і за ёю пайшлі, знайшлі тое, чаго шукалі і “вельмі ўзрадаваліся”. Радасць Божага Нараджэння і стала часткай іх штодзённасці. Таму ў некаторых хрысціянскіх краінах з’явілася традыцыя “каледавання” – вандравання 6 студзеня, ва ўрачыстасць трох Каралей, з зоркаю, ад дому да дому, спявання калядак і складання святочных і навагодніх пажаданняў. У Аўстрыі распаўсюдзілася традыцыя такіх калядных адведванняў, спалучаная са збіраннем ахвяр для місій і місіянераў. У Польшчы, Германіі і многіх іспанамоўных краінах ёсць прыгожая традыцыя праезду трох мудрацоў праз горад з цэлай світай саноўнікаў, зваротаў да сабраных людзей, абдаравання іх рознымі падарункамі, каб напрыканцы затрымацца перад сімвалічна збудаванай шопкай і аддаць паклон Нованароджанаму. Гэтая традыцыя, асабліва ў тых краінах, дзе 6 студзеня з’яўляецца вольным ад працы днём, збірае натоўпы людзей, якія прыходзяць сем’ямі, каб насыціцца прыгажосцю гэтага здарэння і адначасова нанова прыпомніць сабе галоўную мэту нашага хрысціянскага жыцця – шуканне сапраўднага Бога, каб мы, калі Яго знойдзем, умелі аддаць Яму паклон і, перапоўненыя радасцю гэтага спаткання, вярнуліся да свае айчыны і апавядалі пра Яго іншым.
У некаторых краінах, як і на Беларусі, існуе традыцыя душпастырскага наведвання. У перыяд пасля Божага Нараджэння святары наведваюць сваіх парафіян, каб памаліцца з імі, асвяціць іх жытло, паразмаўляць з імі аб радасцях і праблемах. Калі Ян і Андрэй, пазнейшыя апосталы, першы раз спаткалі Езуса, то запыталі Яго: “Пане, дзе Ты жывеш?”. “Хадзем, убачыце”, – адказаў Езус. І тое спатканне так глыбока засталося ў памяці Яна, што нават у позняй старасці памятаў, што было гэта а дзясятай гадзіне (пар. Ян 1, 38-39). Для таго і душпастырскія наведванні існуюць, каб узмацняць сувязь паміж душпастырам і парафіянамі, узмацняць веру людзей, каб у шчырых размовах дапамагчы знайсці адказы на цяжкія пытанні, даць ім пачуццё, што нехта цікавіцца іх жыццём.
На памяць аб тых душпастырскіх наведваннях на ўваходных дзвярах святар або суправаджаючыя яго міністранты асвечанаю крэйдаю пішуць літары С+М+В (Christus mansionem benedicat – Хрыстус благаслаўляе гэты дом) або К+М+В (першыя літары імён Каспер, Мельхіёр і Бальтазар) і год, напрыклад, 2022. Так, як у Егіпце ізраэльцяне павінны былі абазначыць дзверы сваіх дамоў крывёю баранка, каб амінуў іх анёл смерці, так і гэты надпіс паказвае, што жывуць тут людзі, якія вераць у Бога і давяраюць яго клапатлівай апецы. Для тых, хто шукае Бога, як мудрацы з усходу, гэта знак, што тут можна сустрэць Езуса Хрыста ў сэрцах гэтых жыхароў, напоўненых дабратой і любоўю. Гэта знак: тут жывуць веруючыя і практыкуючыя католікі. Няхай і надалей гэты дзень і звязаныя з ім традыцыі будуць для нас узмацненнем ў нашым пошуку Бога і святло бэтлеемскай зоркі спадарожнічае нам ў трывалым перамаганні цяжкасцей пілігрымавання да дому Айца.
а. Конрад ПАТЫКА, SVD