Вочы Нябеснай Маці

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Абразы Маці Божай, святых і благаслаўлёных, як і наогул біблейскія сюжэты, напісаны стагоддзі таму вялікімі майстрамі жывапісу свету. Мастачка Ядвіга Сянько  з Маладзечна не стварае іх нанова –  робіць з іх спісы, надаючы ім сваё асабістае бачанне Бога.

 

 

Святло  таямніцыf-str-13

…Ніколі не апісвала знешні выгляд маіх герояў, а сёння не магу ўстрымацца, каб не пераказаць вам, шаноўныя чытачы, хто  адчыніў нам дзверы. Жанчына, узрост якой на вока вы-значыць  цяжка, але ад яе сыходзіў свет. Так, без усялякага перабольшвання, была падобная да прыгожа вылепленай статуэткі: прапарцыянальная вытанчаная фігура, апранутая ў прыгожы млечнага колеру гарнітур, белакурыя валасы, быццам кранутыя гарэзлівым  ветрыкам. Але не, ніякага ветрыку, мы ж у памяшканні… Постаць жанчыны можна было параўнаць з клапатліва дагледжанай кветкай. Прыязная ўсмешка кранала яе вусны, і весь знешні  выгляд  абяцаў нам знаёмства з прыроджанай далікатнасцю, а нават какетлівасцю…  Так,  знешні выгляд не падмануў – нас сустрэла святло, якое сыходзіць з нетраў  душы.

 

Палачанка

Першай працягнула руку для знаёмства: “Ядвіга”. Калі хто пытаецца ў яе незнарок: “Адкуль Вы родам?”,–  на пытанне адказвае пытаннем: – “Чулі вёску Палачаны каля Маладзечна? Адтуль…”. “А-а-а, – гучыць працяглае, – значыць, палачанка…”.  Канешне, не належыць (ці належыць?) Ядвіга да нашчадкаў тых абарыгенаў, якія жылі на паўднёвай ускраіне Полацкага княства некалькі стагоддзяў таму, але назва “палачане” за жыхарамі гэтых мясцовасцей захавалася і напэўна будзе цягнуцца за імі праз пакаленні “аж да сканчэння свету”.

Значыць, палачанка…  Падумалася мне: можа гэта пра Ядвігу, ці пра такіх, як яна, палачанак наш слынны Янка Купала, ураджэнец гэтай жа мясцовасці, напісаў шмат паэтычных твораў. Некаторыя радкі сталі сведчаннем,  іншыя – прароцтвам: “Кукавала зязюля ў зялёным лесе, не згадала матуля, што выйдзе з Алесі”. Ну і Ядзіна матуля не згадала, што выйдзе з гэтай  яе дачушкі. Яна толькі шчыра малілася Богу, каб вёў яе дачок па Хрыстусовай дарозе. Сёння 92-гадовая Яніна Адамаўна моліцца ў той жа інтэнцыі, але моліцца ўжо не на свой шлюбны абраз, а на новы і вялікі – абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які выканала Ядвіга ў падарунак на мамін дзень нараджэння.

У дзяцінстве, як і многія дзяўчынкі, адразу яна марыла стаць артысткай, пасля журналісткай, пасля шмат кім яшчэ… Але ма-міна мама, бабуля Марыя, падсела аднойчы да свае ўнучкі: “Ядзінька, Бог даў табе такі талент, ты ж так прыгожа малюеш. Вучыся далей, станеш сапраўднай мастачкай, намалюеш усё, што захочаш”. Згоду ўнучка не дала, аднак семечка ўпала на падрыхтаваную глебу. І, калі бабуля Марыя ў некага заказала ікону на благаслаўленне дому, а пасля прывезла дамоў, Ядвіга, кінуўшы вокам на абраз, сказала сабе рашуча: “І я змагу!”.f-str-14

Праўду кажучы, задаткі таленту да малявання ў падрастаючай Ядзі заўважыў і бацька, Іван Аляксандравіч Кадушкевіч. Шчыры католік, ён не нёс сваю веру напаказ, але трымаў сэрца ў чыстаце і боскасці, з задавальненнем выконваючы просьбы святароў каталіцкіх і праваслаўных. Учынкі свае “апраўдваў”: “Бог адзін, Маці Божая адна…”. Майстра-залатыя рукі, столяр па спецыяльнасці, ён з радасцю дапамагаў храмам: у Свята-Успенскім саборы Маладзечна выканаў іканастас, у касцёле Ўнебаўзяцця  Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Краснае рабіў лаўкі, рамы да абразоў, да таго ж – іграў на аргане. А калі Ядзя падрасла, нечакана прапанаваў: а давай  зробім падарунак нашаму храму – ты напішаш абраз, а я раму зраблю. Так і вырашылі. І першая праца-абраз “Сэрца Марыі”, напісаны юнай Ядвігай, і сёння захоўваецца ў касцёле яе дзяцінства, як называе сама яна касцёл у вёсцы Краснае.

 

 Той храм, як калыска…

– У тым касцёле прайшло ўсё першае, – з пяшчотай удакладняе жанчына. – І першая споведзь, і першае Святое Прычасце, і бежмаванне. Мне было тры гады, як  нашая  сям’я пераехала на пастаяннае жыхарства ў Маладзечна. Касцёла тут не было, і на святы ці ў нядзельку ўсе разам  (бацькі і трое нас, сясцёр) садзіліся  ў электрычку –  і ў Краснае, на святую Імшу. Той храм для мяне, як калыска, дзе былі пачутыя і першыя маміны песні, і першыя словы пра Бога і створаны  Ім сусвет.  А што датычыцца першага абраза, то ён захоўваецца ў тым самым касцёле, але сёння я напісала б яго іначай…

Напэўна б, іначай. Паміж той юнай асобай і сённяшняй вядомай мастачкай Ядвігай Сянько, якая займаецца іканапісам, – вялікая адлегласць часу, ды якога плённага! Гэты плён вымяраецца цыфрай болей за 2000 напісаных абразоў і карцін, а таксама каля 300 арганізаваных выставаў у касцёлах, праваслаўных цэрквах, музеях, бібліятэках, Дамах культуры… Яе творчыя работы  знаходзяцца таксама ў прыватных калекцыях ва Украіне, Расіі, Арменіі, краінах Балтыі, Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі, Англіі, ЗША, Бельгіі. 

Фрагмент выставы з аўтапілігрымкі копій цудадзейных абразоў Маці Божай у Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, жнівень 2021 года.

Фрагмент выставы з аўтапілігрымкі копій цудадзейных абразоў Маці Божай у Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, жнівень 2021 года.

Скончыўшы факультэт выяўленчага мастацтва Маскоўскага ўніверсітэта мастацтваў, працавала ў Маладзечне звычайным мастаком-афарміцелем, але  ў падсвядомасці ў той самы час  даспявала прагнае жаданне дакрануцца да нечага іншага, больш глыбокага ў выяўленчым мастацтве. Неяк, будучы ў Мінску, зайшла ў “Духоўную кнігу”, зацікавілася прадукцыяй, якая ляжала на прылаўках, паразмаўляла з уладальнікам крамы… І здарылася так, як здараецца часта ў нашым жыцці, калі Бог бярэ чалавека пад сваю апеку: ёй прапанавалі спрабаваць  свае здольнасці  ў жанры іконапісу. Першыя спробы былі ўдалымі, у хуткім часе Ядвіга атрымала благаслаўленне мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта на стварэнне спісаў ушанаваных абразоў, у тым ліку для продажу і на заказ. На дварэ стаяў 1997 год. Хвала Табе, Усемагутны Божа!

Сёлета адзначыла 25-годдзе сваёй творчай дзейнасці. Падзея – хвалюючая і знакавая – прайходзіла ў Палацы культуры Маладзечна і была прымеркавана да выставы копій цуда-дзейных абразоў Маці Божай з Марыйных санктуарыяў Беларусі, перэгрынацыя якіх ужо другі год адбываецца па парафіях нашай краіны. Пры мностве жыхароў і гасцей горада, прыхіль-нікаў яе творчасці, а таксама прадстаўнікоў улады, касцёла і праваслаўнай царквы гучалі словы падзякі ў яе адрас, і з усіх 13 копій абразоў на яе глядзелі вочы Нябеснай Маці, у якія ўглядалася і над якімі як мастачка шчыра карпела працяглы час…

Звяртаючыся да Ядвігі, прысутныя ўзгадвалі словы пра талент, які не закапала, як адзін з прыпавесці Езуса Хрыста, а развіла, падарыўшы людзям сваё бачанне Бога, бліжніх і самых сябе ў хутка зменлівым сённяшнім свеце… А яна слухала і перажывала, быццам вучаніца на экзамене: урок вывучыла, а пазбавіцца хвалявання не змагла… У памяці адзін за адным паўставалі эпізоды з нядаўняга мінулага, якія  – зноў жа, так Бог дае! – трэба перажыць занава.

 

 

Уздоўж межаў

На адной з выставаў абразоў на Гомельшчыне прысутнічалі дзеці, сацыяльныя сіраты, і адзін   чуллівы хлопчык, які, напэўна, сумаваў па матчынай ласцы, не мог адарваць свае маленькія далоні ад твару Маці Божай Казанскай: заглядаў Ёй у вочы, гладзіў па шчацэ і плакаў… На Віцебшчыне пасля прагляду экспазіцыі абразоў мастачку акружылі жанчыны, выказвалі гарачыя словы падзякі, а адна з іх кінулася цалаваць ёй рукі… Не ведае Ядвіга, ці то каталічка была, ці праваслаўная, але папрасіла наведвальніца, каб Ядвіга выканала для яе копію  абраза Маці Божай Вострабрамскай…

Да дробязей успомніўся і пачатак гэтай незвычайнай аўта-пілігрымкі, абрад асвячэння і благаслаўлення копій абразоў Найсвяцейшай Маці Апостальскім Нунцыем у Беларусі Антэ Ёзічам мінулым летам. Ініцыятарам праекта быў кс. канонік Ўладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску. Першапачаткова планавалася выканаць копіі з васьмі найболей вядомых Марыйных Санктуарыяў – Буд-слава, Браслава, Брэста, Бялынічаў, Гродна, Гудагая, Лагішына і Тракеляў – і правезці іх уздоўж межаў краіны, молячыся за мір, супакой і згоду ў свеце,  а таксама аб адраджэнні веры і абароне ад каранавірусу. А пасля, калі аўтапілігрымка з адначасовай перэгрынацыяй рушыла ў дарогу, пераадольваючы тысячы кіламетраў, пасля таго, як вандруючая Маці Божая сабрала вакол сябе сотні соцень веруючых хрысціянаў, – пачала ажываць старажытная гісторыя… Аказалася, што Марыйных Санктуарыяў у нашай краіне значна болей, і копій цудадзейных і каранаваных абразоў Нябеснай Апякункі ў выкананні Ядвігі праекту спатрэбілася таксама болей.  

…Яскрава паўсталі перад вачыма эпізоды Свята Святой Сям’і, якое адбылося летась ў маладзечанскай парафіі Святога Юзафа, калі ў касцёл прыбыла аўтапілігрымка з копіямі Марыйных абразоў. Моцны снежаньскі вецер збіваў з ног, у вочы ляпіла кудаса, а сямейныя пары, адна за адной, з шанаваннем заносілі ў храм копіі абразоў Найсвяцейшай Нябеснай Маці. Замыкаючай парай у шчыльным людскім патоку была аўтарка прац са сваім мужам Сяргеем: яна — мастачка, а ён – яе “першая” рука, якая рыхтуе палотны… Сужэнцы неслі копію абраза Маці Божай Браслаўскай, з напісання якога, дарэчы, пачынаўся весь цыкл.

 

Калі цяжкае бывае лёгкім і наадваротf-str-16

– Абразы Маці Божай, святых, як і ўсіх біблейскіх сюжэтаў наогул,  – разважліва тлумачыць Ядвіга, – напісаны стагоддзі да мяне вялікімі майстрамі жывапісу свету. Не магу стварыць іх нанова, але тое, што раблю  (дакладна называецца “спісам” з іконы), вымагае ад мяне вялікай адказнасці, бо праз ікону перадаецца Евангелле. Разумею, што, калі чалавек набывае сабе ікону, ён будзе перад ёю  маліцца, “спавядацца”, сузіраць Бога, Божую Маці, Езуса Хрыста, анёлаў, і душа яго набудзе супакой, які сыйдзе ад Госпада… Іншымі словамі, праз канкрэтны абраз ён будзе звяртацца да Бога. Менавіта па гэтай прычыне, перад тым, як распачаць працу, узяць у руку аловак для нанясення малюнка ці асобных элементаў яго… Ведаеце чаго пазбаўляюся? Пачуцця гневу, раздражнення, крыўды, прабачаю  і сама прашу прабачэння. Пераканалася: за кожную сакральную працу трэба брацца ў стане асвячальнай ласкі, далікатна абыходзіцца з Божым наваколлем, таму прашу Пана Бога, Святога Духа даць мне разуменне тых канонаў, якія хачу перадаць, глыбіню тых вобразаў, якія хачу захаваць. Працэс стварэння спісу складаны, выконваецца ў некалькі этапаў і для кожнага падбіраюцца колер, фарбы, адценні, робіцца лесіроўка. Словамі перадаць гэта цяжка – лепей спрабаваць самому…   Але павінна шчыра прызнацца: чым складаней і цяжэй праца – тым большая палёгка ад таго, што атрымалася, што перамог сябе, свае слабасці, недасканаласці…  А перамога над сабой чалавеку заўсёды патрэбная! Без яе нічога добрага не атрымаецца.

…Кажуць, што  першае ўражанне ад чалавека, якога сустрэў ўпершыню, самае дакладнае. Калі гэта так – то ўражанне, якое пакідае аб сабе Ядвіга,  – загадкавасць і таямнічасць, ад якой ва ўсе бакі разыходзіцца святло.

 

 

 

Раіса СУШКО.

Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий