Духоўная камунія – магутны лек на хваробы жыцця
Эпідэміялагічная абстаноўка ў нашай (і не толькі) краіне нарадзіла шмат складаных пытанняў, на якія людзі шукаюць адказу. Сярод іх – адно з важнейшых, якое часта агучваецца вернікамі і пра якое пытаюцца нашыя чытачы ў тэлефонных званках: што такое Духоўная камунія і як яе атрымаць?
З просьбай растлумачыць сэнс і плёны Духоўнай камуніі рэдакцыя звярнулася да канцлера Пінскай курыі кс. Андрэя РЫЛКА.
Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне,
не будзе галодны, і хто верыць у Мяне,
ніколі не будзе прагнуць». (Ян 6, 35)
Што азначае “Святая Камунія”?
Слова “камунія” ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “еднасць”. Святая Камунія – гэта з’яднанне з Хрыстом, уваход у сакрамэнтальную (таямнічую) еднасць з Ім праз прыняцце (спажыццё) Яго Цела пад відам Хлеба і Яго Крыві пад відам Віна, якія мы атрымліваем у сакрамэнце Эўхарыстыі (падчас святой Імшы). Святая Камунія – гэта прыняцце з верай і ў стане асвячальнай ласкі (без граху) Цела і Крыві Хрыста, што азначае асаблівую лучнасць з Богам не толькі духоўна, але і фізічна – праз спажыванне Яго як Хлеба (Ян 6, 35. 53- 58). Святая Камунія – гэта неспасцігальны і найсвяцейшы дар, які дае нам Езус у сакрамэнце (таямніцы) Эўхарыстыі (Мц 26, 26-28). Святая Камунія дае нам магчымасць з’яднацца са Святой Тройцай, увайсці ў жыццё з Богам і ў Богу ўжо тут на зямлі (ККК, 1391).
Што такое “Духоўная камунія”?
Акрамя сакрамэнтальнай Святой Камуніі існуе яшчэ адна магчымасць асаблівага з’яднання з Богам. Гэта Духоўная камунія. Яна прадугледжана на тыя выпадкі, калі няма магчымасці звычайна фізічна прыняць найсвяцейшыя сакрамэнтальныя постаці Эўхарыстыі. Духоўная камунія – гэта асаблівы малітоўны акт веры і прагненне з’яднання з Богам. Гэта не пачуццёвае прагненне, хоць пачуцці заўсёды напаўняюць кожнае нашае перажыванне.
У Духоўнай камуніі вернік імкнецца паяднацца і злучыцца з Богам на ўзроўні розуму, волі і ўсяго жыцця. Разумовы ўзровень азначае свядомае вызнанне веры ў рэальную прысутнасць Езуса ў таямніцы Эўхарыстыі. На ўзроўні волі ўзнікае жаданне адказаць Богу любоўю на Яго любоў, выражаную ў Ахвяры Крыжа і дадзеную кожнаму з нас у таямніцы Эўхарыстыі і Святой Камуніі. Такі акт волі ператвараецца ў малітву, у якой выказваем Езусу нашу любоў і жаданне, каб Ён увайшоў, перамяніў нашае жыццё і навечна з’яднаў яго з Богам. Гэта малітва глыбокага духоўнага яднання ўсяго сябе з Богам.
Практыкаванне Духоўнай камуніі – гэта азнака або немагчымасці прыняцця “звычайнай” Святой Камуніі, або выраз глыбокага прагнення верніка з’яднацца з Богам. Знакаміты тэолаг Юзэф Ратцынгер (пазнейшы Папа Бэнэдыкт XVI) у сваёй кнізе “Соль зямлі” называў неад’емнымі элементамі перажывання Духоўнай камуніі стан цярпення па прычыне немагчымасці фізічна прыняць Цела і Кроў Хрыста, а таксама стан тугі па поўнаму з’яднанню з Богам, пераадоленню ўсіх існуючых перашкод на гэтым шляху.
Хто можа прымаць Духоўную камунію?
Кожны вернік, які выконвае ўсе ўмовы, неабходныя для звычайнага прыняцця Святой Камуніі ў сакрамэнце Эўхарыстыі, але не мае на гэта фізічнай магчымасці, можа прыступаць да Духоўнай камуніі. Акрамя таго, да нейкай формы Духоўнай камуніі заахвочваюцца тыя вернікі, якія маюць перашкоды ў прыняцці Святой Камуніі. Напрыклад,у некаторых выпадках, сужэнцы ў паўторным шлюбе.
Калі вернік знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі (без граху), то ў часе Духоўнай камуніі атрымлівае такія самыя ласкі, як у прыняцці звычайнай Святой Камуніі падчас Святой Імшы (гл. Кангрэгацыя веравучэння, “Sacerdotium ministeriale”, 6.08.1983, 4). Пры гэтым неабходна падкрэсліць, што гаворка ідзе пра сітуацыю рэальнай немагчымасці прыняць Св. Камунію. Гэта звязана з выпадкамі поўнай адсутнасці святара або немагчымасці ўдзелу ў св. Імшы. З такімі выпадкамі сустракаемся ў краінах, дзе адбываецца пера-след Касцёла, або, так як часта здараецца сёлета, падчас эпідэмічнай ізаляцыі ці немагчымасці ўдзельнічаць у св. Імшы і прымаць св. Камунію па прычыне хваробы. Да такой катэгорыі асобаў адносяцца і вязні, і ўсе іншыя вернікі, якія фізічна не могуць прыйсці ў касцёл на св. Імшу або па нейкіх прычынах не прымаць фізічна св. Камунію. Трэба дадаць, што да Духоўнай камуніі можна прыступаць бясконцую колькасць разоў, незалежна ад таго, ці ў да-дзены дзень прымаў Св. Камунію ці не.
Духоўную камунію прымаем у выглядзе малітоўнага акту. Варта спачатку ўсвядоміць, чым ёсць дар Езуса ў сакрамэнце Эўхарыстыі і Святой Камуніі. Гэтая свядомасць нара-джае глыбокую ўдзячнасць і прагненне паяднання з Богам. І першае, і другое можна выказаць Богу ў выглядзе малітвы, узятай з малітоўніка, а можна – сваімі словамі.
Часам прапануецца напоўніць Духоўную камунію некаторымі элементамі таго, што мы перажываем падчас святой Імшы: вызнаць жаль за грахі (“Спавядаюся Богу Ўсемагутнаму….” або “Пане, змілуйся…”), прачытаць фрагмент Евангелля (напрыклад, праду-гледжаны на сённяшні дзень у літургіі Касцёла), прачытаць “Ойча наш…”, “Баранку Божы…”, пасля чаго перайсці да малітвы Духоўнай камуніі. Гэтая малітва можа быць доўгай, а можа быць зусім кароткім заклікам, напоўненым прагненнем дасканалага з’яднання з Богам і запрашэннем Езуса напоўніць усё нашае жыццё.
Паяднанне з Богам – гэта мэта жыцця кожнага хрысція-ніна. Святая Камунія – гэта вяршыня і неспасцігальны дар з’яднання з Езусам, які дадзены чалавеку ўжо тут, у зямным жыцці. Усведамленне гэтага дару і ўсяго, чым ён напаўняе зямное жыццё хрысціяніна на шляху да вечнасці, нараджае натуральнае жаданне прабываць у стане камуніі з Богам пастаянна. Выразам такога злучэння з Хрыстом з’яўляецца Духоўная камунія. Яна стано-віцца асабліва важнай тады, калі няма магчымасці ўдзель-нічаць у сакрамэнце Эўхарыстыі, у св. Імшы. Тады такое духоўнае, малітоўнае з’яднанне з Богам дапамагае нам хоць у нейкай ступені перажыць тое, што прымаем у Святой Камуніі і што дадзена нам будзе ва ўсёй паўнаце ў небе (ККК, 1405).
Акт духоўнай святой камуніі Папы Францішка:
“Схіляюся ля Тваіх ног, о Езу мой, і ахвярую Табе пакаянне майго скрушанага сэрца, пакорнага ў сваёй мізэрнасці і ў Тваёй святой прысутнасці. Адарую Цябе ў сакрамэнце Тваёй любові. Прагну прыняць Цябе ў гэтай убогай святыні, якую прапануе Табе маё сэрца. У чаканні радасці сакрамэнтальнай камуніі хачу прыняць Цябе духоўна. Прыйдзі да мяне, о Езу мой, каб я прыйшоў да Цябе. Няхай Твая любоў распаліць усяго мяне на жыццё і на смерць. Веру ў Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе”.
Кс. Андрэй РЫЛКА