Хвала Хрысту!
Добры дзень, дружа! Хочацца запытаць: ці перажываў ты адзіноту, самотны стан? Ці адчуваў сябе пакінутым, незразумелым альбо сумным нават сярод кола блізкіх людзей, сярод грамадства? Ці задумваўся аб тым, чаму так адбываецца? Дзе прычына? Давайце паразважаем. А калі захочаце напісаць – напішыце па адрасу: na-ty@list.ru
Застацца ў самоце?
АКТУАЛЬНА
“Дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне, каб я не хваліўся. Таму я тройчы маліў Пана, каб адвёў гэта ад мяне. Але Пан сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці». Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста. “ (2 Кар 12:7-9)
Часта ў нас узнікае пытанне: чаму Бог дапускае ў нашым жыцці смутак, боль, расчараванне і г.д. Здаецца, мы ўсё робім правільна, вядзем пабожнае хрысціянскае жыццё, але ўсё адно час ад часу становімся, нібы перасохлы ручай.
Вядома, Бог не хоча павяргаць нас у смутак і роспач, тым больш наш Бог – Бог радасці. Бог усё робіць дзеля нашай карысці, а значыць, згаданыя вышэй цяжкасці Ён дае нам для таго, каб нешта адкрыць, нечаму нас навучыць.
З чым можна параўнаць такі стан душы – самотнасць, адзіноту? Хіба больш трапнай рэчы, як пустэльня, не знайсці. А што мы ведаем пра пустэльню? Там горача ўдзень, холадна ўначы, няма жывой вады, амаль няма ежы і зусім пуста. Прынамсі таму яна і мае такую назву – пустэльня. Наш стан самоты – ні што інакш, як духоўная, жыццёвая пустэльня. Але чаму Бог перыядычна вырывае нас з аазісу жыцця і літаральна кідае ў такую духоўную пустэльню? Дзеля таго ж, дзеля чаго і Сам Езус пайшоў у пустэльню, каб пасціць там сорак дзён.
Выйшаўшы ў пустэльню, Хрыстус пазбавіў сябе асяроддзя лю-дзей, стасункаў з імі, пазбавіў сябе ежы, усяго магчымага, што можа хоць неяк звязваць, а дакладней – прывязваць нас да гэтага свету, каб застаўся толькі Бог. Каб максімальна адлучыцца ад зямнога і засяро-дзіцца на Богу.
Нашая адзінота – ні што інакш, як духоўны пост у жыццёвай пустэльні. Бог хоча пабыць выключна з намі і выключна блізка. Таму нашыя самота, адзінота, цяжкасці – гэта не жыццёвыя няўдачы, а патрэба Бога пабыць сам-насам з намі, без уплыву гэтага свету, па-за яго метуснёй. Гэта – час адказаць самім сабе ў прысутнасці Бога на важныя жыццёвыя пытанні аб нас саміх, аб нашых блізкіх, аб нашай веры, жыцці і ролі Бога ў ім. Так, як Езус у сваёй пустэльні падчас спакусаў шатана расстаўляў жыццёвыя акцэнты – “Не хлебам адзіным буду жыць, але кожным словам, зыходзячым з вуснаў Божых”, “Не буду спакушаць Госпада Бога”, “Госпаду Богу буду пакланяцца і Яму аднаму служыць”.
Як мы ведаем, Езус не застаўся ў пустэльні, а выйшаў адтуль. І выйшаў узмоцнены, зацверджаны ў сваёй веры і сваёй жыццёвай дарозе. Так і мы па прыкладу Хрыста павінны з такой жа верай і ўдзячнасцю перажываць свае духоўныя пустэльні, каб выйсці з іх у жыццё ўзмоцненымі.
Напрыканцы хачу прывесці невялічкі ўрывак з кнігі Нікаласа Спаркса “Апошняя песня”:
– Не, – адказаў той, – адзінота для мяне немагчыма. Таму што я размаўляю з Богам.
– Хочаце сказаць, што моліцеся?
– Не, – паўтарыў пастар. – Менавіта размаўляю. Ніколі не забывай, што Бог – твой сябар. І як усе сябры, Ён прагне пачуць, што адбываецца ў тваім жыцці. Добрае тваё жыццё або дрэннае, поўнае смутку ці гневу… Ён чакае цябе. Таму я размаўляю з Ім.
– Пра што менавіта?
– Пра ўсё, што ты распавядаеш сваім сябрам.
– І вы Яго чуеце?
– Так, але не вушамі.
Ён паклаў руку на грудзі:
– Тут я атрымліваю адказы. Тут я адчуваю Яго прысутнасць.
А зараз скажы: чаму аддаеш перавагу ты – адзіноце ці сябрам?