На Ты-01-2017

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Хвала Хрысту!
Што сталася са словам “любоў”? Нiчога не сталася. Толькi разбурана слова ў нашых сэрцах. «Хтосьцi сапраўды любiць i любiмы, а хтосьцi не. А любоў не змяняецца, яна iснуе незалежна. Хочаш прымай яе i жывi з ёй, а хочаш не прымай. Вось i ўсё» (С.К.) Пра свае адчуванні пішы на na-ty@list.ru

 

 

Любоў не патрабуе ружовых  акуляраў

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Ведаеш, што я табе скажу? Ты можаш колькі хочаш лiчыць, што вакол, у свеце шмат несправядлiвасцi, нянавiсцi, абыякавасцi, цемры… Можаш i далей быць рэалiстычным песiмiстам. А калi раптам «прачнешся», ведай… Галоўнае святло, промень любовi – унутры цябе, ён здольны шмат змянiць. I як толькi ты пачнеш «карыстацца» гэтым святлом у сваiм жыццi, а не шукаць цi патрабаваць яго, павер, усе вакол цябе засвецiцца любоўю. Усе проста, хочаш змянiць свет – пачнi з сябе.
Так шмат напiсана пра любоў, так шмат сказана. I разам з тым пра любоў казаць цяжка, але яна, напэўна, адзiная варта слоў. I хочацца запытацца: «А што сталася са словам “любоў”?» Любоў праходзiць праз усё нашае жыццё. Толькi якая гэта любоў? Якая яна ў тваiм жыццi? Чыстая, доўгацярплiвая, дзейсная – якой яна насамрэч ёсць? Цi заношаная,  бессэнсоўная, зарэкламаваная, якой зрабiлi яе мы, ужываючы гэта слова да ўсяго, што рухаецца… І,  на жаль,  не толькi.
Любоў – пульс хрысцiянства, гэта самае яго жыццё. Бо верым у Таго, хто Сам ёсць Любоў (1 Ян 4, 16). I гэта дзейсная любоў, якой было б добра навучыцца i нам. «Станем любiць не словам…, але справай…» (1Ян 3, 18). Гэта найлепшыя словы, бо «любоў» – гэта «дзейнiк». Гэтае слова патрабуе дзеянняў, а не ружовых акуляраў. Усе ведаеце гiмн любовi «Любоў доўгацярпiць, умiлажальваецца, любоў не зайздросцiць…» (1Кар 13, 4). Перачытай i заўважыш, што любоў «дзейнiчае». Разумееш?! Любоў… Любоў недасягальная, бо яна большая за ўсiх нас. Таму што «нiколi не перастане», нават калi «часу ўжо не будзе» (Адкрыццё 10, 6).
Першай справай, сябар, задай сабе пытанне: я кахаю свайго мужчыну/сваю дзяўчыну? А што гэта значыць – «Я цябе кахаю»? Як кажаш ты гэтыя словы? Цi кажаш наогул? Можа для цябе сказаць iх так проста, як і сказаць «люблю марозева цi пiва»? «Кахаю яго», як «я не магу без яго», «ён – сэнс майго жыцця» i г. д.? Гэта, канешне, добра, але як наконт «мм, я кахаю яго так моцна… але Хрыстус – Валадар майго сэрца». Не думайце, што так кажуць людзi, якiя нiколi не кахалi, не ведаюць, што гэта такое. Сэнс у тым, каб правiльна расставiць прыярытэты – тады столькi “войнаў” можна было б пазбегнуць у галовах лю-дзей.
Так, нам пашанцавала, мы маем два словы: «любоў» – у дачыненнi да кнiгi i «каханне» – да мужчыны/дзяўчыны. Не губляйце сэнс гэтых  слоў. «Колькi, напрыклад, розных слоў у свеце, i нiводнага няма без значэння (1 Кар 14, 10).
Бог даў дзве запаведзi любовi, дзе  першая –  мера другой i наадварот.
Сябар, я заахвочваю цябе палюбiць i звярнуцца да Крынiцы Любовi. Да таго, хто Сам ёсць Любоў. Гэта тая Любоў, сэнс якой не зменiцца праз усё iснаванне свету.

Паразважаем: што сталася со словам “любоў”?


 

ШЧЫРА

 

Яна Пташынская (г. Мінск, парафiя Найсвяцейнай Тройцы (св. Роха):Яна Пташинская
–  Цікавае пытанне, на якое так цяжка знайсці правільны адказ.Спачатку хочацца сказаць, што такое любоў асабіста для мяне. Для мяне любоў там, дзе проста, там, дзе мой супакой. У сучаснасці мы згубілі яго. Ён згубіўся за рэкламай, шумам, палітыкай, войнамі.
Слова “любоў” спужалася гэтага. Любоў немагчыма знайсцi, адыйшоўшы ад Бога. А Яго не шукаюць. За  шумам знiкла патрэбнасць у Iм?

Сяргей Хмарскi (г. Любань, парафiя Мацi Божай Фацiмскай):Сергей Хмарски
– У сучасным свеце слова “любоў” страцiла тую моц, якую мела раней. Сёння большасць людзей клапоцiцца аб атрыманнi багацця, грошай, улады. У многiх краiнах iдуць ваенныя дзеяннi, канфлiкты, таму што нiхто не хоча саступаць адзiн аднаму, праяўляючы любоў, мiласэрнасць. Для мяне любоў асацыіруецца перш за ўсё  з павагай да чалавека, незалежна ад яго статусу i адукацыi. Таму, каб наш свет жыў без войнаў, крызiсаў, трэба, каб людзi праяўлялi любоў да блiжняга i дапамагалi па магчымасцi.
 Ксенiя Аскерка (г. Лiда, парафiя Ўзвышэння Святога Крыжа):Ксения Аскерко
– Мабыць, людзі забыліся сапраўдны сэнс любові. У разуменні некаторых любоў – гэта нейкае эмацыйнае пачуццё, калі ты адчуваеш сябе добра, калі побач людзі, з якімі прыемна правесці час. Сучасная любоў – гэта заўсёды нешта станоўчае, лёгкае, з ружовымі акулярамі. Таму,часам, яна «праходзіць», альбо зусім не знаходзіцца ў жыцці людзей.
Толькі разуменне Любові як Хрыстовага крыжа можа дапамагчы зразумець яе сапраўдны сэнс, знайсці яе ў сваім жыцці.
 Валера Баброўскi  (г.п. Калодзiшчы, парафiя св. Сымона i св. Алены):Валера Бобровский
– Современные фильмы, музыка, клипы и Интернет испачкали это святое слово «любовь».  Раньше ради любви готовы были жизнь отдать, а теперь это благородное и чистое чувство путают с самыми низменными блудными желаниями.  Общество стало аморальным. О 6-й заповеди нужно говорить  всем и всегда… Молодые люди просто не знают,  что такое любовь, и принимают карикатуру за любовь.

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий