На Ты-01-2018

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Хто я? Хто ты? ”Я – адзін з тых, хто адданы ісці да канца. Я – вучань Езуса Хрыста. Да Яго прыходу я павінен ісці. Я павінен аддаваць – пакуль маю, прапаведаваць – пакуль усе не спазнаюць, і працаваць – пакуль Ён не спыніць. І калі Ён прыйдзе забраць сваіх, Яму не будзе цяжка пазнаць мяне, таму што я прысвяціў сваё жыццё, каб быць адным з тых, хто адданы ісці да канца”. А як ты лічыш? Пішы мне  na-ty@list.ru.

 

 

Тваё сведчанне

 

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Гэта здарылася 15 красавіка 1912 г., калі магутны «Тытанік» патануў у халодных водах Атлантычнага акіяна, –  вялiкая катастрофа XX стагоддзя. Але мала хто ведае, што з гібеллю “Тытаніка” звязана хвалюючая гісторыя адважнага пастара па імені Джон Харпер, які быў вялікім евангелістам свайго часу. У 1912 г. Джон атрымаў запрашэнне прапаведаваць у знакамітай царкве ў Чыкага, і 11 красавiка таго ж года сеў на “Тытанік” са сваёй шасцігадовай дачкой, каб плыць у Амерыку.
На караблi Джон адразу пачаў размаўляць з людзьмі пра Езуса. Увечары 14 красавіка, калі большасць пасажыраў танцавалі ў зале і гулялі ў карты, Джон паклаў сваю дачку спаць і пачаў маліцца. У гэты вечар “Тытанік” сутыкнуўся з айсбергам, і карабель, атрымаўшы прабоіну, пачаў павольна тануць; паднялася паніка. Джон разбудзіў дачку, закутаў у коўдру і падняўся на верхнюю палубу. Пацалаваў малую і перадаў яе члену экіпажа, які пасадзіў дзяўчынку ў выратавальную шлюпку. Джон разумеў, што ён больш ніколі не ўбачыць сваю дачку, яна  застанецца круглай сіратой (перад гэтым у яго памерла жонка). Людзі панікавалі; сваю выратавальную камізэльку ён аддаў пасажыру. Часу на разважанне не было, і Джон пачаў евангелізаваць. Відавочцы распавядалі, што бачылі маладога чалавека, які ішоў да людзей і задаваў ім пытанне: “Твая душа выратавана?” Джон свяціўся, выконваючы дадзенае яму Богам пакліканне… Калі “Тытанік” пачаў сыходзіць пад ваду, Джон скочыў у Атлантычны акіян. Больш за тысячу чалавек  не змясцілiся ў выратавальныя шлюпкі. У Джона атрымалася знайсці нейкі абломак, і, схапіўшыся за яго, пастар пачаў падплываць да людзей і задаваць ім усё тое ж пытанне: ”Твая душа выратавана?”. Сярод хаосу і крыкаў ён накіроўваў людзей да Езуса. Джон Харпер памёр, як і жыў, з адным  іменем  на  вуснах – Езус Хрыстус.
Праз некалькі гадоў пасля той трагічнай падзеі на служэнні ў адной царкве мужчына распавёў сведчанне: “Я – адзiн з тых, хто выжыў у водах Атлантыкі ў тую страшную ноч. У момант, калі я боўтаўся ў вадзе, сярод крыкаў і стогнаў людзей адзін мужчына крыкнуў мне: ”Твая душа выратавана?”. “Не”, – адказаў я. Але раптам хваля накрыла таго чалавека,  Праз некаторы час ён вынырнуў і зноў крыкнуў ужо слабым голасам: ”Твая душа выратавана?” Я адказаў: “Не”. Тады ён пракрычаў: ”Вер у Госпада Езуса Хрыста і ты атрымаеш выратаванне!”. Зноў вялікая хваля накрыла яго, і больш я яго не бачыў. Там, у халодных водах Атлантыкі, я прымірыўся з Богам”. Падсумоўваючы сваё сведчанне, ён сказаў: ”Я – апошні плод пастара Джона Харпера”…
Наколькі сённяшні свет нагадвае нам “Тытанік”? Марнасць, клопат, занятасць важнымі справамі, i ва ўсiм гэтым, мы не ведаем, хто мы i куды iдзем. Нягледзячы на  тое, што ўсё выглядае прыгожа і стабільна, ёсць адна праблема – гэта прабоіна. Рана ці позна мы ўсе апынёмся ў вечнасці. Мы можам мітусіцца і тусавацца, а можам, як Джон Харпер, выконваць сваё пакліканне. І калі мы прыйдзем у вечнасць, можа, сустрэнемся з людзьмі, якія скажуць: ”Я паверыў у Езуса, дзякуючы твайму сведчанню”…

 

Пытанне: а ты ўжо ведаеш,  хто ты i кiм хочаш быць?    


 

ШЧЫРА

 

 Юлiя Коц (г. Мiнск, парафiя св. Лукi і св. Марцiна):Юлия Коц
– Хто я? Любімая дачка майго Пана. Упэўнена, што адчуваць сябе прынцэсай Госпада мне дапамог мой цярплівы, лагодны і добры тата. І мне як Яго дачцы, хочацца быць падобнай да дасканалага Айца, паказваць Яго сапраўдную Любоў. Езус кажа вучням: “Вы –святло свету”(Мц 5, 14). Мне хочацца быць менавіта такім агеньчыкам Божай любові. Агеньчыкам, ад якога могуць загарэцца іншыя, падобна, як маленькая свечка асвятляе цемру і напаўняе радасцю чакання. Ведаю, што запаліць некага можна толькі тады, калі сам гарыш Любоўю, сваім прыкладам – так складана і  адначасова проста.

Анжэлiка Федарэнка (г. Мiнск, парафiя Ўзвышэння Святога Крыжа):Анжелика Федоренко
– На жаль, штодзённыя клопаты адбіраюць у сучаснага чалавека шмат сіл, пакідаючы нават веруючаму мала часу на духоўнае развіццё і рост. Аднак мірскія справы не павінны стаць апраўданнем для нас, хрысціянаў, у чый абавязак уваходзіць быць “сапраўднымі вучнямі Хрыста”. Шчыра кажучы, мне хочацца дакладней спасцігаць і перажываць сваю веру, больш пранікнуцца Божым Словам, каб жыць Ім, а таксама зразумець, які план мае Пан Бог адносна мяне. Чым я магу дапамагчы супольнасці Касцёла ці нават проста сваім блізкім і родным ў пытаннях адносна веры? Каб зразумець усё гэта, я распачала вучобу ў Мінскім тэалагічным каледжы імя Св. Яна Хрысціцеля, спадзяючыся добра скарыстаць час і атрымаць глыбокі плён для сябе асабіста і для служэння ў супольнасці.
Каралiна Кулiч (г. Мiнск, парафiя Мацi Божай Ружанцовай):Каролина Кулич
– Я звычайны чалавек. Хрысцiянка. Каталiчка. I насамрэч, я не вельмi добра ведаю сябе. Магу думаць, што я такая i такая, а потым паводзiць сябе зусiм не так. Напрыклад, я хачу стаць святой, апынуцца ў Небе, але… Але не заўседы заслугоўваю абяцанага Неба. Толькi Езус ведае мяне. Ведае ўсе мае заганы, мае цяжкасцi. I ўсероўна мяне любiць. Таму я шчаслiвая!
 Калашнiкава Вольга (г. п. Ждановічы, парафія Багародзіцы Апякункі сем’яў):Калашникова Ольга
– Лічу, што сваё вызначэнне варта шукаць на працягу ўсяго жыцця. Каб зрабіць гэта, трэба спазнаць сябе сапраўднага, такога, якім бачыць нас Бог. Часам толькі дазволіш сабе думку, што ўсё дасканала ведаеш пра сябе, – як мяняюцца абставіны і ўжо новыя пытанні чакаюць адказаў. Таму ўпэўнена магу акрэсліць толькі накірунак, у якім зараз іду, – я хачу быць годнай прыладай у руках Хрыста. Для мяне гэта азначае: вучыць Яго Слова, дапамагаць людзям, Касцёлу. У большай ступені гэта датычыцца і паўсядзённага жыцця нашай сям’і – быць добрай жонкай і маці, стаць прыкладам для дзяцей, выхоўваць іх у веры і любові. Здаецца, простыя словы, простыя паняцці. Але, калі ўбачыш за імі большае, сутнае,  Божае – будзеш сапраўды шчаслівы.

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий