Хвала Хрысту!
“Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных” (Мц 5, 45). Адчуваеце, якія ўсе мы каштоўныя ў вачах Бога і як Ён апякуецца кожным з нас! А зараз прыгледзімся на хвілінку да самых сабе…
І пішыце мне на Dialog-na-ty@tut.bу
Годнасць і вартасць
АКТУАЛЬНА
Яшчэ з дзяцінства нас вучаць, што ёсць дабро і зло. Добрыя людзі – гэта героі, якія ўсім дапамагаюць, пра ўсё клапоцяцца, а злыя – злачынцы, якія сядзяць у турмах. Але ў рэальнасці ўсё складаней. І хоць мінулае стагоддзе было стагоддзем вялікіх бедстваў для чалавека, вялікага спусташэння, не толькі матэрыяльнага, але і маральнага, быць можа, нават першым чынам – маральнага, але правы чалавека парушаюцца і зараз, самымі рознымі спосабамі. У сваёй Энцыкліцы “Laudato Si” Папа Францішак піша:”Біблія вучыць, што кожны чалавек створаны з любові, створаны паводле вобраза і падабенства Божага (пар. Быц 1, 26). Гэтае сцвяр-джэнне паказвае нам невычэрпную годнасць кожнай чалавечай асобы. Чалавек “не толькі нешта, але і нехта”. Творца можа сказаць кожнаму з нас “перш чым Я ўтварыў цябе ва ўлонні, Я спазнаў цябе” (Ер 1, 5). Мы былі зачатыя ў сэрцы Божым, і такім чынам, кожны з нас – плён думкі Божай. Кожны з нас жаданы, кожны любімы, кожны неабходны.
Хто з вас, пераасэнсоўваючы сваё жыццё, свае грахі, памылкі, не хацеў бы атрымаць другі шанец? Якому паспяховаму чалавеку не давалі другога шанцу? Над гэтым пытаннем павінны задумацца мы – хрысціяне, менавіта таму, што Хрыстос надзяліў нашыя сэрцы здольнасцю пранікацца клопатамі і патрэбамі іншых людзей. Але гэтае ж пытанне павінен задаць сабе кожны чалавек. Калі не даваць людзям шанец на выпраўленне, аднаўленне, гэта пазбаўляе іх будучыні, пазбаўляе надзеі.
Святы Ян Павел ІІ, якога называюць “Папа правоў чалавека”, у сваёй першай Энцыкліцы “Redemptor hominis” падкрэслівае, што “Хрыстус злучаны з кожным чалавекам”. З кожным з нас, з намі такімі, якія мы ёсць, а значыць, з чалавекам паўшым, якога Ён як Збаўца прыйшоў выратаваць, да якога Ён хоча наблізіць міласэрную любоў у аднаўленні нашай чалавечай годнасці.
Ян Павел ІІ нагадвае, што дасканалая ўнікальная любоў Творцы да кожнага чалавека “паведамляе гэтую бязмежную годнасць”. Якая цудоўная ўпэўненасць ведаць, што жыццё любога чалавека не гіне ў адчаі хаосу. Сувязь чалавека з Хрыстом ёсць таямніца. У гэтай таямніцы нараджаецца “новы чалавек”, нанова створаны ў Хрысце, які атрымаў усю паўнату ласкі, праўды, прабачэння. Момант, калі хтосьці прабачае, і момант, калі хтосьці атрымлівае прабачэнне, – гэта дар, у якім праяўляецца годнасць – асноўная каштоўнасць чалавека.
Старайся глядзець на іншага “вачамі Хрыста”, каб міласэрная любоў Бога ў поўнай меры заняла сваё месца ў свеце, каб у выніку гэтага годнасць і вартасць чалавека зноў заззялі ў поўным бляску.
А зараз пытанне: на чым заснаваныя, на чым трымаюцца чалавечая годнасць і вартасць?