На Ты-01-2024

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Глядзі, слухай і любі сам. І тады адбудзецца найвялікшае з цудаў – чалавек, які насупраць, адкрыецца ў неверагоднай прыгажосці свайго сэрца. І тваё ўласнае сэрца зменіцца.

Пішы мне, ці назіраеш падобнае ў жыцці, на Dialog-na-ty@tut.bу

 

 

 

Прысутнасць любові

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Любоў, сутнасць якой заключаецца ў самаадданасці і ахвярнасці, з’яўляецца найвялікшым праяўленнем міласэрнасці. Езус памёр на крыжы, каб усе мы былі збаўленыя. Гэта самая высакародная ахвяра для ўсіх нас, зробленая з бясконцай любові.

Любоў патрабуе ахвяры, патрабуе адмовіцца ад сябе і сваіх эгаістычных жаданняў. Як ў прыгожым абяцанні… «Я абяцаю быць з табой ў шчасці і ў няшчасці, у радасці і ў горы…». Гэтае абяцанне кажа не толькі пра веру ў непахісную сувязь, але і заклікае да пастаяннай гатоўнасці быць побач, нават у выпрабаванні і цяжкасці. Вялікая моц у тым, каб навучыцца аддаваць. І аддаваць не проста тое, што ёсць, а самае лепшае. Вялікая моц, каб навучыцца ахвяраваць сябе. Але мы глядзім і не можам убачыць, таму што нам важней, каб убачылі нас. Мы чуем і застаёмся глухімі, таму што мы хочам сказаць, а не слухаць. Мы можам закахацца, але не здольныя любіць, таму што нам трэба, каб любілі нас.

Часам самая цяжкая любоў – гэта любоў звычайная, самая, здавалася б, простая. Як цяжка быць добрым дома, у сваёй сям’і. Часам на працы умеем быць добрымі, а ў сваім доме бурчым, сварымся, уцякаем адзін ад аднаго… Цяжка быць добрым у сваёй сям’і, са сваімі блізкімі. Лёгка казаць, слухаць пра любоў – цяжка любіць штодня.

Адносіны ў сям’і – гэта наша жыццё. Ёсць сярод гэтых адносін і такія, пра якія хацелася б не думаць, не гаварыць, забыцца, схаваць, але ўнутры нас яны застаюцца – яны баляць, мы перажываем з-за іх, нават плачам. Езус уваходзіць у такія месцы, дакранаецца, нават калі нам балюча. Ён не хоча рабіць балюча – Ён хоча вылечыць і выратаваць.

Бог – ёсць Любоў. Гэта тая Любоў, якая можа выправіць скалечанае сэрца, падняць таго, хто ўпаў, і даць надзею тым, хто згубіўся. Яна гатова прабачаць. З яе дапамогай мы можам знайсці сілу. Яна дапамагае пераносіць цяжкасці, дапамагае зразумець сябе і іншага чалавека.

Вось гэта і ёсць любоў, якая ахвяруе сабой, якая аддае сваё жыццё, каб паслужыць іншым.

 

Пытанне: ці прысутнічае ў тваім жыцці ахвярная любоў?


 

ШЧЫРА

 

 Кацярына Сідлярэвіч  (г. Паставы, парафія Св. Антонія Падуанскага):кацярына сидлярэвич

– У маім  жыцці ахвярная любоў займае цэнтральнае месца, напаўняючы кожны дзень глыбокім сэнсам і цяплом ад блізкіх адносін. Вера ў Бога прыдае майму жыццю духоўную настаўленасць і натхняе на духоўны рост. Мая сям’я — гэта вялікая падтрымка, якая стварае атмасферу шчасця, дзе ёсць любоў і ўзаемаразуменне. Яна дае энергію, жаданне самаразвіцця і робіць кожны момант каштоўным і насычаным.

Аляксандра Шпілеўская  (г. Мінск, парафія Св. Роха):аляксандра шпилевскя

– Пан Бог любіць мяне ахвярнай любоўю. Ён ніколі не пакідае і церпіць мае глупоты, як маці, якая безумоўна любіць сваё дзіця. Гэта любоў узаемная. Я грэшніца, але прагну быць з Ім блізка, наколькі гэта магчыма. Праз рэгулярную споведзь, часты ўдзел ў Святой Эўхарыстыі. У малітве прашу Яго ніколі не адпускаць ад Сябе, а таксама даваць сілы, каб бараніцца ад спакусаў. Спадзяюся, што з часам навучуся любіць блізкіх так, як Ён любіць мяне.

Вікторыя Лоскутава  (в. Новая Мыш, парафія Перамянення Пана):викторыя лоскутава

– Любоў дазваляе нам правільна зразумець значэнне ахвяры, пра што так часта чуем у кантэксце веры, адносін. Напрыклад, у маім жыцці прысутнічае такая любоў, яна ўсё больш адчувальная, калі я прыношу нейкую ахвяру – гэта мой уласны час, малітва, мае думкі, у некаторых абставінах – грошы. Дзякуючы гэтай ахвяры, я разумею, што мая любоў – жывая, і я не чакаю ў адказ на свае дзеянні таксама падзякі. Безумоўная ахвярная любоў – вось чаго не хапае сучаснаму свету, бо кожны хоча ўзнагароду нават за дробныя рэчы (прыдумалі ж: ”за ўсё трэба плаціць”), а калі мы робім гэта безумоўна – становімся духоўна лепшымі.

Вікторыя Губар  (г. Смаргонь, парафія Св. Міхала Арханёла):викторыя губар

– Як мама траіх скажу: ахвяруючы сябе дзецям, ніколі не ведаеш, якія цяжкасці цябе чакаюць. Нават у думках не можаш дапусціць, якой смяротнай можа быць руціна. Тут немагчыма разлічыць сілы. На алтар сям’і можна пакласці і здароўе, і эмацыйны стан… Таму зноў як мама скажу: не пакідайце матуль сам-на-сам з іх цяжкасцямі, мама ў дэпрэсіі – гэта страшна. Часам здаецца: усё зроблена, парадак, хутка наступны прыпынак, але выйсці нельга (хіба толькі гарбаткі папіць, калі паспееш)… І рухаемся далей, бо, як кажа мая бабуля, –я ж ужо ахвяравалася…

 


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий