Хвала Хрысту!
Кожны раз, калі хочам пачаць працаваць над сабой, чакаем… «панядзелка»; а калі ён прыходзіць, у нас знаходзіцца мільён прычын, каб не пачынаць. Вось настаў Святы Юбілейны год. Можа, гэта той самы час, каб пачаць без адгаворак? Не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.bу
Мы – запрошаныя!
АКТУАЛЬНО
Вялікая падзея, якая дае ўнікальную магчымасць не толькі пазнаць багатую гісторыю хрысціянства, але і дакрануцца да яе. Чарговы Святы Юбілейны год 2025 з’яўляецца важнай вехай у жыцці католікаў усяго свету.
Peregrinantes in spem – «пілігрымы надзеі» – такі дэвіз Папа Францішак абвясціў, каб адрадзіць пачуццё еднасці хрысціян ва ўсім свеце. «Пілігрымы надзеі» – гэтыя словы добра дапамагаюць зразумець пасланне. Мы быццам запрошаныя быць салідарнымі, запрошаныя быць братамі адзін аднаму і ўсім людзям на зямлі, быць аб’яднанымі верай у Хрыста.
Няхай гэты год стане для цябе годам духоўнага адраджэння, годам асабістай сустрэчы з Хрыстом. Жадаю, каб ты адкрыў у сабе чыстую любоў да Бога, шчодрую любоў да бліжніх.
Юбілейны год – час, які заўсёды асабліва нагадвае пра магчымасць працаваць над сабой, сваім сэрцам. Стаць тым, хто прабачае, шукае прымірэння з Богам і блізкімі. Час вяртання да Бога – крыніцы любові і вечнага жыцця. Час, каб аднавіць сваё жыццё і прынесці сведчанне сваёй веры.
Адзін з важных момантаў Святога Юбілейнага года – магчымасць прайсці праз Святую Браму Базілікі. Гэты сімвал паказвае нам пераход ад граху да ласкі. Цудоўная традыцыя, але напэўна не ва ўсіх ёсць такая магчымасць, таму запрашаю цябе сустрэцца з Госпадам у малітве і пакаянні ў сваім мястэчку – там, дзе ты жывеш, працуеш, вучышся…
Кожны такі год напоўнены не проста традыцыямі, якія нагадваюць нам пра гістарычныя і святыя падзеі, але таксама і традыцыямі, якія натхняюць на шляху да святасці. Мы можам скарыстаць гэты час для таго, каб узмацніць нашу веру, нашу салідарнасць і палепшыць нашу духоўную практыку.
Дзяліцеся святлом сваёй веры, вялікім жаданнем жыць Евангеллем, жаданнем сустрэцца з Госпадам у малітве. Няхай гэты час стане для нас натхненнем і сілай, каб жыць больш дастойным і духоўным жыццём.
А верыць – значыць разбураць сваю ганарыстасць, любіць тых, хто не любіць цябе, не адказваць злом на зло, не асуджаць, не зайздросціць. Верыць – значыць любіць Госпада ўсім сэрцам, душою, моцаю, розумам.
А зараз пытанне: якія планы будуеш сабе на Святы Юбілейны год?