Хвала Хрысту, даражэнькі! Як сёння прайшоў твой дзень? Ці адчыніў ты дзверы свайго сэрца чалавеку, які меў у гэтым патрэбу? Хтосьці скажа, што не ведае, каму патрэбна дапамога, хтосьці – што не мае чым дапамагчы. Але відавочна тое, што мы павінны пакінуць свой адбітак любові ў жыцці людзей, як гэта рабіў Хрыстус. Спяшайся да таго, хто чакае тваёй падтрымкі. А яшчэ – пішы аб тым, што цябе хвалюе, на na-ty@list.ru.
Дабро вяртаецца
”Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў Нябёсах”. Мц 5,16
АКТУАЛЬНА
Дабро вяртаецца. Нават калі мы гэтага не заўважаем – яно вяртаецца. Вось якую гісторыю са свайго жыцця распавёў мой сябра.
Падчас абедзенага перапынку на працы ён часта бываў на дзённай Імшы ў касцёле. А перад Імшой, звычайна, маліўся ў капліцы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. І вось аднойчы, памаліўшыся ў капліцы, мой сябра накіраваўся ў касцёл, у якім павінна была распачацца Імша. Але на выйсці дарогу яму перагарадзіў малады хлопец з таблічкаю на грудзях. Ён заахвочваў пачытаць напісаны на ёй тэкст. Падобныя відовішчы даводзілася бачыць не аднойчы – мноства людзей у электрычках, метро, аўтобусах і ў іншых месцах просяць дапамогі, пішучы на таблічках і картках аб тым, што яны глуханямыя. На жаль, часта гэта здаровыя людзі, залежныя ад алкаголю. Таму мой сябра раўнадушна прайшоў міма гэтага хлопца. Але праз некалькі крокаў спыніўся: “У касцёле, перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, хлопец з карткай… Я павінен хоць пачытаць гэтую таблічку”. І ён вярнуўся да яго… Жадаючы праверыць юнака на падман, мой сябра нечакана ўголас задаў яму пытанне, для чаго яму грошы. Але той паказаў, што не разумее нічога. Тады мой сябра дастаў з кішэні тэлефон і набраў тое ж пытанне СМСкай. Той пачытаў і бадзёра заківаў галавою на знак таго, што зразумеў. Потым папрасіў у рукі тэлефон і стаў даволі спрытна набіраць адказ. Напісаў, што грошы яму патрэбныя на ежу. Але майму знаёмаму падалося, што ён чуе ад свайго суразмоўцы па х алкаголю і запытаў яго тым жа спосабам. Той напісаў у адказ, што гэта пахне лекамі, якія ён спажывае. У гэта верылася цяжка, але, узгадаўшы словы Хрыста аб тым, што не здаровыя маюць патрэбу ў дапамозе лекара, але хворыя, ён вырашыў усё ж такі дапамагчы гэтаму чалавеку. Сумніву ў прыняцці рашэння дадавала яшчэ адна значная прычына. Сябра мой з’яўляецца шматдзетным татам, адказным за ўтрыманне сваіх шасці дзяцей. Да таго ж да зарплаты быў цэлы тыдзень і невялікія грошы, што ён меў у кішэні, былі апошнім сямейным бюджэтам на той момант. Паўстаў выбар – накарміць гэтага чалавека, ці пакінуць некранутым сямейны бюджэт. Гэта быў вельмі цяжкі выбар, але мой сябра ўбачыў у гэтым чалавеку жывога Хрыста, які нібы ўвасобіўся з Найсвяцейшага Сакрамэнта ў капліцы ў гэтага хлопца. Таму ён загадаў новаму “знаёмаму” чакаць яго каля касцёла, а сам накіраваўся ў бліжэйшую краму рашуча, нібы топчучы кожным сваім крокам тыя сумнівы, што ўсё яшчэ краліся ў яго сэрца. Купіўшы рознай ежы, пітва і нават прысмакаў, ён уручыў гэты пакет чакаючаму яго хлопцу. На здзіўленне майго сябра, гэты хлопец шчыра ўзрадаваўся таму, што ўбачыў у пакеце і нават абняў майго сябра ў знак падзякі. Пасля Імшы, як распавёў мне сябра, не паспеў ён выйсці з касцёла – зазваніў тэлефон. Гэта была яго жонка, якая радасным голасам паведаміла аб тым, што нейкія спадары з нямеччыны перадалі праз знаёмую 50 эўра для іхняй сям’і. На той час гэта была даволі значная сума.
Усё ж – дабро вяртаецца! У пададзенай гісторыі Бог узнагародзіў за дабрыню імгненна. Гэта быў бачны знак Божай міласці. Але галоўную сваю ўзнагароду мой сябра спадзяецца атрымаць у Небе. Таму тут, на зямлі, мы павінны чыніць дабро ад чыстага сэрца, не чакаючы зямной адплаты.
А як лічыш, ці Ты – добры чалавек? Ці здольны на міласэрныя ўчынк