Хвала Хрысту!
Гэй, сябры! Гэй, сябра!
Адчуй смак жыцця. Звяртай увагу на маленькiя радасці, на простыя штодзённыя задавальненні. I памятай, кожны дзень тоiць у сабе маленькi цуд! Як толькі заўважыш яго, пішы мне адразу на na-ty@list.ru
«Заўсёды радуйцеся» (1 Тэс 5, 16)
АКТУАЛЬНА
«… Можна падумаць, я буду адэкватным чалавекам, калi, нягледзячы на свае праблемы, да што там “праблемы”, на сваё жыццё, – буду радавацца. Трэба быць рэалiстам. Напэўна, той, хто напiсаў “Заўсёды радуйцеся”, не жыў у XXI стагоддзi, што, канешне, так i ёсць. Ён не бачыў усяго бруду свету і таго, як зло пранiкла ў кожны момант жыцця чалавека…»
«Заўсёды радуйцеся». Ведаеш, складаней за ўсе разважаць пра радасць, калi знаходзiшся ў паўся-дзённай пустэльнi. I здаецца, усё, што можна сказаць, будзе гучаць як «правiла», якiм, несумненна, трэба карыстацца, а не будзе той вольнай, жывой асалодай, якая сцiснута і жыве дзесьцi ў грудзях…
Што выклiкае ў цябе радасць? Падумай… Што выклікае ў цябе штосьцi станоўчае, добрае? Ці, можа… Ты майстар сарказму? Можа, твая радасць штучная, аднаразовая? Бо падмурак яе – пясок… Дом на пяску. Падзьмулі ветры, а далей сам ведаеш – расчараванне…
Скажы, ты ведаеш, што Бог цябе любiць? Спынiся на хвiлiну, не бойся гэтых слоў, не трэба ад iх уцякаць. Бо, як мне здаецца, дарослыя баяцца такiх слоў. Ты ведаеш, што Бог любiць цябе, нягледзячы нi на што? Ты ведаеш, на што здольна Яго любоў? Хiба гэта не радасць, ведаць, што Ён першы палюбiў цябе? Той (!) Бог, якi стварыў увесь Сусвет i ўсё, што яго напаўняе! Той Бог, якi ведае, колькi валасоў на тваёй галаве (пар. Мц 10, 30)! Няўжо ты думаеш, што Ён забыўся пра промень радасцi для цябе? Няўжо ты думаеш, што Бог, якi ёсць Любоў (1-е Ян 4, 16), Мiласэрны Бог, хоча для цябе, няшчаснага, вар’яцтва? Не, канешне, не!
Д’ябал хоча скрасці ў цябе ўсё. Але Езус сказаў: «Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку». Не маленькую пясчынку радасці, якой бы табе ледзь хапіла, а ўсю паўнату жыцця, паўнату радасці, якая будзе павялічвацца, узрастаць, пакуль не стане вылiвацца праз край на ўсiх вакол.
Ты зразумееш, што меў на ўвазе св. апостал Павел, калi казаў «заўсёды радуйцеся», калi прыйдзеш да Яго. Нiчога не адбудзецца ў тваiм жыццi, пустэльня паўсядзённасцi застанецца, пакуль словы будуць заставацца толькi словамi.
Прыйдзi да Яго. Давер Яму сябе, і няхай бушуе шторм. Няхай хвалi паўсядзённасцi б’юцца вакол. Iдзi побач з Езусам па вадзе, як iшоў Пётр.
Толькi не бойся, не сумнявайся нi на сякунду. Калi Бог з табой, хто супраць цябе? Ён – твой Правадыр. Калі ты будзеш спадзявацца на Яго і на самой справе дазволіш Яму быць правадыром у тваім жыцці, у тваiх бурах, Ён дасць табе велізарны свет мудрасцi, ты навучышся больш глыбокай i жывой радасцi, i супакой сыйдзе на цябе. Канешне, не ўсе так проста. Я б сказала, што нiчога простага не бывае. Прыйдуць часы, калі ты патрапiш у моцны шторм. Ён будзе настолькі велізарным, што адчуеш, быццам стаіш на самым краі, і быццам хвалi цябе затопяць, i смерць чакае цябе дзесьцi ўнізе. Але заўсёды памятай, што Ён па-ранейшаму твой Правадыр… У любой буры. У цемры ты, магчыма, не зможаш убачыць Яго, але ў цябе ёсць Яго вечнае абяцанне, што Ён нiколi цябе не пакiне. Калі ты заўсёды будзеш спадзявацца на Яго, Езус запалiць тваё сэрца такой радасцю, якая насыцiць цябе i будзе пералівацца ў жыццё іншых.
Заўсёды радуйцеся!
А зараз пытанне: што выклікае радасць асабіста ў цябе?