На Ты-02-2022

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Каб быць міласэрнымі, мы маем патрэбу ў веры, таму што вера – гэта міласэрнасць у дзеянні! Чакаю тваіх разважанняў на гэтую бясконцую тэму… Пішы мне на Dialog-na-ty@tut.bу

 

 

Дзе ёсць міласэрнасць,

там няма разліку

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Езус Хрыстус вучыць нас, што чалавек павінен не толькі прымаць і перажываць міласэрнасць Бога, але што ён таксама пакліканы «рабіць учынкі міласэрнасці». «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны самі міласэрнасць пазнаюць» (Мц 5, 7). У Энцык-ліцы Dives in Misericordia (Бог, багаты Міласэрнасцю) Святы Ян Павел ІІ піша “У гэтых словах чуем заклік да дзеяння і імкнемся практычна ажыццявіць справы міласэрнасці. Хоць усе запаведзі Нагорнай Пропаведзі паказваюць шлях да навяртання і перамянення жыцця, запаведзь аб міласці мае ў гэтым стаўленні асаблівую значнасць. Чалавек дасягае любові Бога, Яго міласэрнасці па меры таго, як сам унутрана перамяняецца ў духу такой любові да бліжняга”.

Міласэрнасць пачынаецца там, дзе заканчваецца разлік. Міласэрнасць – гэта не пытанне толькі матэрыяльных даброт. Міласэрнасць без межаў пачынаецца тады, калі ты адкрыты на бліжняга як на Хрыста. Можа быць, табе цяжка бачыць Хрыста ў іншых людзях менавіта таму, што ты не бачыш Яго ў самім сабе? Калі мы не любім сябе, як мы можам любіць бліжняга?

Кожны з нас унікальны. Кожны асаблівы. Кожнаму з нас Бог даў розум, якім мы павінны карыстацца. Часам так здараецца, што асяроддзе, у якім мы жывём, быццам хоча ўпіхнуць у нас сваю нейкую філасофію, сваю мудрасць. І пэўныя шаблоны, межы закрадаюцца ў наш розум, а пасля і ў сэрца. У міласэрнасці няма гадзін працы і раскладу.

Уяві, што перад табой патрабуючы, які прыйшоў не ў той час, не на тое месца. Як ты паступіш? Зробіш выгляд, што не бачыш яго, што спяшаешся? Станеш за шырму сваіх жыццёвых правіл? Пачнеш філасофстваваць і таргавацца? Хіба Езус даў нам такі прыклад? Хіба, сутыкаючыся з чалавечай бядой, Ён не паступае міласціва?

Часам так больш выгадна – размераць сваё жыццё кавалачкамі: кавалак Богу, кавалак іншым і самы лепшы – сабе. Але ці гатовы ты выйсці за межы? Даць больш, чым планаваў? Езус падкрэслівае, як важна быць міласэрным да кожнага чалавека незалежна ад статусу, нацыянальнасці, незалежна ад абставін. Для абвяшчэння Божай Міласэрнасці трэба выходзіць вонкі. «Выходзіць з храмаў і парафій, выходзіць на пошукі людзей там, дзе яны жывуць, церпяць і спадзяюцца», –  падкрэслівае Папа Францішак.

 

Пытанне: як разумееш міласэрнасць? Як можна навучыцца ёй?


 

ШЧЫРА

 

Алёна Жульпо  (г. Ашмяны, парафія Св. Міхаіла Арханёла): алёна жульпо

   – Думаю, што так як Бог з’яўляецца Міласэрным, а мы створаныя па Яго вобразу, то міласэрная любоў таксама з’яўляецца часткай сутнасці чалавека. Менавіта міласэрнай, бескарыснай любові не хапае сучаснаму свету. Словы Нюты Федермесэр, заснавальніцы фонда дапамогі хоспісам «Вера»: «У нас няма павагі да чалавечай слабасці, няма яе прыняцця. Сучаснае грамадства –  гэта грамадства пераможцаў, яно мае фарысейскі характар». Міласэрная любоў напамінае нам пра чалавечую годнасць і з’яўляецца апорай і маятнікам, каб крочыць далей.

Вольга Бранавец-Янковіч  (г. Мінск, парафія імя Найсвяцейшай Панны Марыі):вольга бранавец-янкович

– На маю думку, адна з галоўных вартасцяў учынкаў міласэрнасці  – у прыпадабненні чалавека да Міласэрнага Езуса, Які на Сваім прыкладзе вучыць нас жыццю, годнаму Валадарства Нябеснага: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе». Ахвяраваць сябе за і для іншых – гэта найвышэйшая праява любові, любові дасканалай, калі ўласнае эга з усімі прагненнямі і слабасцямі ставіцца на службу іншаму чалавеку. Служыць сваёй сям’і, блізкім, знаёмым заўсёды проста і радасна, але большым скарбам для нашай душы з’яўляецца дапамога церпячым, тым, каму сапраўды не стае падтрымкі і любові.

Ганна Скрыпко  (г. Маладзечна, парафія Святога Казіміра):ганна скрыпко

   – Вельмі цікаўлюся тэмай міласэрнасці ў апошні час. Размаўляю аб гэтым з сябрамі- каталікамі і няверуючымі. Задаю сабе гэтае пытанне штодзённа: а навошта нам міласэрнасць? Пакуль адказаў назбірала няшмат, але ўдаленькіх! Лічу, што гэта – спосаб наблізіцца да таго вобраза, якім ствараў нас Бог першапачаткова, да таго як нас запляміў першародны грэх. Быць міласэрным – гэта ўжо пачынаць будаваць Божае Валадарства на зямлі, клапаціцца аб Яго спадчыне.

Наталля Гайбовіч   (г. Мiнск, парафія Св.Яна Хрысціцеля):наталля гаибович

   – У сучасным свеце трэба вучыцца міласэрнай любові, трэба вучыцца адкрываць сэрцы на патрэбы іншага чалавека. Час ляціць, і ў нас ніколі яго не хапае на тое, каб наведаць хворых і выслухаць іх. Мы не спяшаемся дапамагчы старым, якія засталіся ў адзіноце ў сваёй кватэры. Галодныя дзеці з матуляй, якія патрабуюць ежы ў зімні снежны вечар, таксама чакаюць на дапамогу. У кожным патрабуючым трэба бачыць Таго, Каго шукае нашае сэрца. Спяшаймася любіць!


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий