Хвала Хрысту!
Міласэрнасць Хрыста не мае межаў. Будзем маліцца Хрысту аб супакоі і любові ў нашых сэрцах і ва ўсім свеце.
Не забывайся пісаць мне на адрас Dialog-na-ty@tut.bу
Міласэрнасць да нас і да ўсяго свету…
АКТУАЛЬНА
Міласэрнасць Хрыста ў сваёй паўнаце праявілася на крыжы, калі Ён за кожнага з нас аддаў сваё жыццё, каб мы маглі жыць вечна ў радасці і шчасці, без болю і цярпення, без крыўды і нянавісці. Хрыстос самім сабою адчыніў браму да вечнага жыцця, але шлях да гэтай брамы вельмі цярністы і нам часта не хапае сіл, каб не звярнуць са шляху веры.
Верым Яго Міласэрнасці, якая не мае межаў і прытуляе кожнага з нас.
Езус, аб’яўляючыся Святой сястры Фаўстыне, гаворыць словы, якія скіраваныя да кожнага з нас: «Не бойся, грэшная душа, свайго Збаўцы, Я першы набліжаюся да цябе, бо ведаю, што сама па сабе ты не здольная ўзняцца да Мяне. Не ўцякай, дзіця, ад свайго Айца, пажадай завесці размову сам-насам са сваім Богам міласэрнасці, які Сам хоча сказаць табе словы прабачэння і абсыпаць цябе сваімі ласкамі. О, якая дарагая для Мяне твая душа. Я запісаў тваё імя на сваіх руках, і ты ўрэзалася глыбокаю ранаю ў Маё сэрца… Я – твая сіла, Я дам табе моц для змагання…» (Дз. 1485).
Кожны з нас важны для Езуса, кожны – непаўторны і любімы. Няма такога бруду ў гэтым свеце, каб Езус не выцягнуў нас з яго, калі мы самі Яго аб гэтым па-просім. Кожнага з нас Езус хоча прывесці да Сябе. Нават у найвялікшай роспачы і цемры духоўнай Езус звяртаецца словамі з Дзённіка: «Душа, пагружаная ў цемру, не ўпадай у роспач, яшчэ не ўсё страчана, распачні размову са сваім Богам, які – сама Любоў і сама Міласэрнасць… Менавіта ты, дзіця Маё, маеш выключнае права на Маю міласэрнасць» (Дз 1486).
Вяночак да Божай Міласэрнасці вядомы ва ўсім свеце. Варта звярнуць увагу, колькі разоў у вяночку выкарыстоўваюцца словы: «Будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету», «каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету». Увесь час молімся «…да нас і да ўсяго свету». Мы часам думаем, што ўвесь свет – гэта нейкая незразумелая, аддаленая зямля, ці нейкія незразумелыя людзі, недзе там далёка. А давай паспрабуем у гэтых словах «усяго свету» убачыць канкрэтных людзей, якія, напрыклад, адышлі ад Бога, якія перасталі маліцца, прымаць сакрамэнты. Кожны раз, калі скажам «усяго свету», давай успомнім чалавека, які мае патрэбу ў Божай Міласэрнасці. Або, калі будзем казаць «увесь свет», падумаем аб месцы на зямлі, дзе цяпер вельмі патрэбна Божая Міласэрнасць, аб пакутуючых людзях, якія маюць вялікую патрэбу ў міласэрнасці. Каб гэтыя словы «ўсяго свету» не былі агульнымі фразамі, але канкрэтнай малітвай за канкрэтных людзей.
А зараз пытанне: ці лічыш сябе міласэрным чалавекам?