На Ты-02-2024

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Хочаш змяніць свет – пачні з сябе. Пачні не з панядзелка, пачні з папяльцовай серады. І пра свае адчуванні напішы мне на  Dialog-na-ty@tut.bу

 

 

 

 40 дзён наперадзе

 

 

 АКТУАЛЬНА

 

Папяльцовая серада. Чарговая ў нашым жыцці. Пачатак шляху. Вельмі хочацца добра пачаць гэты шлях, каб наступныя 40 дзён не прайшлі бясследна.

З чаго б пачаць? На пачатку Вялікага посту, у папяльцовую сераду, асабліва звярніся да Духа Святога і прасі аб святле, каб Ён адкрыў табе, над чым у гэты час табе працаваць, каб ты мог здзейсніць пост, годны Госпаду. Варта паразважаць, якім ты бачыш сябе сваімі вачыма? Якім бачыць цябе Бог? Вось мы пасыпаем галаву попелам. Няхай гэты попел нагадвае нам пра тое, хто мы і дзе мы.

Попел быццам пустыня… Можа,  падарожнічаючы па свеце, хтосьці пабываў у пустыні? Пясок, спякота, шмат месца, дзе няма нічога, дзе нішто не можа жыць, няма раслін, дрэў, жывёл, людзей… І калі раптам убачым, што ўсё ж нешта там жыве, думаем: а  ці   гэта  магчыма? Як тут  можна  жыць?

Калі Дух і нас вядзе ў пустыню, то хоча, каб мы вызваліліся ад усяго, каб у нас нічога не было, каб мы адарваліся, адчапіліся ад усяго, што нас трымае, ад чаго ў нейкай ступені мы залежныя. Трэба нам выйсці туды, дзе няма нічога. Пражыць пост у пустыні. Літаральна, мусіць, не атрымаецца, але гэты выраз – «выйсці ў пустыню» шмат нам кажа, шмат чаму вучыць. Выйдзі ў пустыню – адыйдзі ад таго, што цябе трымае, што цябе адцягвае, што табе перашкаджае. Жыццё ў пустыні не простае, працаваць над сабой цяжка.

Асноўнае для нас у гэты перыяд – гэта малітва, пост і ўчынкі міласэрнасці. Але каб атрымаць плён Вялікага посту, трэба пачынаць ужо зараз. Пачні з малога, галоўнае пачаць дзейнічаць. Калі адчуваеш, што трэба больш маліцца – маліся больш. Адчуваеш, што патрэбны пост, устрымайся, і справа не толькі ў ежы. Калі адчуваеш, што трэба нешта міласэрнае зрабіць – не адкладай гэта на лепшы час. «Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення» (2 Кар 6, 2).

Малітва, пост і міласціна – гэта месцы, у якіх Айцец хоча аздаравіць нас,  узмоцніць. Малітва стварае нашыя адносіны з Госпадам, каб мы маглі размаўляць з Ім, задаваць пытанні і слухаць Яго адказы ў Яго ж Слове, пост паказвае нашыя ўласныя абмежаванні, накіраваныя на тое, каб вызваліць час і месца ў сэрцы, каб напоўніцца Словам, а міласціна – не праява нашай перавагі, а праява чулага сэрца на патрэбы бліжніх.

Выкарыстай магчымасць зрабіць добрае для самога сябе і для бліжняга. Наперадзе 40 дзён асаблівай Божай ласкі. Бог чакае.

 

Пытанне: ці пасыпаеш галаву попелам? Што гэта азначае для цябе?


 

 

ШЧЫРА

 

 Анастасія Білімава   (г. Мінск, парафія Св. Яна Евангеліста і Св. Максімільяна Кольбэ):анастасия билимова

– Пепельная среда имеет для меня особое значение. Я посыпаю на святой Мессе голову пеплом в знак покаяния перед Иисусом Христом. Пепел для меня – символ скорби и скоротечности человеческой жизни, символ милосердного  Иисуса Христа, который прощает меня. А я доверяю Ему и верю в Него. Также пепел является символом конечности физической жизни, ведь рано или поздно жизнь земная  закончится, и человек станет прахом.

Алёна Жульпа   (г. Ашмяны, парафія Святога Міхаіла Арханёла):алёна жульпа

–Пасыпаю галаву попелам, згодна з традыцыяй Касцёла, як напамінак, «што ты – прах і ў прах вернешся». Для мяне асабіста – гэта сімвал засяроджання. Пасыпаючы галаву попелам, я распачынаю перыяд цішыні, калі больш уважліва буду прыслухоўвацца, слухаць, адчуваць. Перыяд цішыні дзеля самой цішыні. Перыяд цішыні, каб больш разумець сябе  і чуць голас Бога.

Ірына Шэлег   (г. Мінск, парафія Божага Цела): Ирына шэлег

–Для мяне – гэта знак маёй недасканаласці. Словы, якія кажа ксёндз «Ты прах і ў прах вернешся», азначаюць, што чалавек – смяротны, а наша жыццё на зямлі – гэта шлях да Бога ў вечнасць. Таму зямное жыццё скончыцца, застанецца толькі пыл. Попел утвараецца ад спальвання, праз шчырае пакаянне грэх павінен памерці ў кожным з нас, і  Вялікі пост – спрыяльны для гэтага час. Пасыпанне галавы попелам з’ яўляецца знакам надзеі на перамены да лепшага.

Павел Слізевіч   (г. Ліда, парафія Ўзвышэння Святога Крыжа):павел слизевич

–Пасыпанне галавы попелам – гэта акт пакаяння. Але гэтае пакаянне не толькі безнадзейная жалоба за правіны: «З пылу ты быў узяты – у пыл вернешся». Не, пасыпанне галавы попелам яшчэ і акт, поўны даверу Богу. Бо, акрамя разумення таго, што я грэшны, веру, што Бог мае ласку прабачэння, калі я шчыра буду жадаць гэтага, і, галоўнае, змяняцца дзеля вызвалення з палону граху праз Божую любоў. Гэта не проста пачатак чарговага Вялікага посту ў маім жыцці. Гэта – запрашэнне  Езуса Хрыста да саўдзелу ў справе майго Збаўлення, якое я магу ў чарговы раз адхіліць або прыняць і зрабіць крок наперад да Божага Валадарства.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий