Хвала Хрысту!
Ці можаш сказаць пра сябе, што ты міласэрны? І ў чым праяўляецца гэтая якасць – хіба не толькі ў тым, каб дапамагчы старэнькаму перайсці вуліцу. Жадаю табе навучыцца… слухаць іншых з любоўю. Пра свой вопыт у гэтай справе можаш напісаць мне на адрас Dialog-na-ty@tut.bу
Дзейнічай!
АКТУАЛЬНО
Часам, калі мы робім дабро, разлічваем на тое, што ў адказ атрымаем таксама нешта добрае, а можа і звыш. І гэта зусім нармальна, таму што мы створаны не толькі для таго, каб любіць, але і каб быць любімымі. Але да чаго нас заклікае Езус? Ён заклікае нас адмовіцца ад такой узаемавыгады. Дакладней, мы не павінны разлічваць ці чакаць адказу на нашыя добрыя справы.
Гасподзь цудоўна ўсё стварыў. Так з нашым сэрцам: чым больш мы даем любоў, тым больш мы напоўнены ёю. З кожным актам любові наша сэрца «пашыраецца», робячыся здольным больш прымаць тую любоў, якую Бог нам хоча даць.
Мы жывём у складаны час. Свет вакол нас напоўнены страхам, няўпэўненасцю, абыякавасцю… Уся гэтая атмасфера садзейнічае, каб мы закрыліся ў сваіх праблемах, адчувалі сябе непатрэбнымі, не бачылі нічога, акрамя нашай адзіноты. Гэта прыводзіць нас да засмучэння і бяссілля. Але менавіта зараз мы, хрысціяне, пакліканы стаць для нашых бліжніх маленькім «домам», дзе яны знойдуць любоў, разуменне і супакой. Для тых, хто няздольны нам даць нічога ўзамен. Прысвяціць свой час для гэтых людзей. Каб яны былі выслуханыя, зразумелыя, любімыя.
Дзе мы возьмем супакой? Дзе мы возьмем любоў? У Хрыста, які палюбіў нас!
…Чатыры чалавекі. Мы не ведаем іх імёнаў, мы не ведаем, кім яны былі самі і кім быў для іх чалавек, якога яны ратавалі, чалавек, якога яны прынеслі і апусцілі ў дом праз дах, можна сказаць, «на галаву» ўсім тым, хто быў унутры. Езус не задае пытанняў, нічога не кажа. Евангеліст Марк піша: «бачачы веру іх», даруе грахі і аздараўляе гэтага чалавека. Перад намі – прыклад веры людзей. Веры – дзейнай, гатовай пераадолець цяжар, ??нязручнасці, асуджэнне, непаразуменне. Гэтыя чатыры чалавекі прысвяцілі свой час «безнадзейнаму», і Гасподзь учыніў цуд, дзякуючы іх веры.
Гэта вера, якая прыносіць плён, вера, якая сведчыць пра Бога. І пытанне не ў тым, што гэтыя людзі апынуліся ў той час і ў такой сітуацыі побач з Езусам. Пытанне ў тым, што яны не заленаваліся паслужыць любоўю, сваім часам бліжняму.
Езус, шукаючы веру сярод людзей, знайшоў яе ў гэтых чацвярых, але ці ўбачыць Ён веру ў нас, сустрэўшыся з намі?
Калі адчуваеш, што ты закрываешся ад блізкіх, што табе няма чаго даць іншым, успомні гэты фрагмент з Евангелля і дзейнічай.
А зараз пытанне: ці знаходзіш ты час для іншых, ці гатовы падзяліцца ім з бліжнім, каб прынесці радасць бліжняму?