На Ты-03-2021

Хвала Хрысту! 

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Хочаш змяніць свет – пачні з сябе. Але з чаго пачынаць? Маці Тэрэза ўжо дала нам адказ. Ідзіце дамоў і любіце сваю сям’ю. Разважанне падрыхтавала с. Таццяна Гмыза, SJE (парафія Святога Духа ў Грыгішках, Вільня).  Не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.by

 

 

 

 

 

Не бойся пераменаў

 

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Татьяна Гмыза“Вось чыню ўсё новае” (Ап 2, 5). Бог ніколі не стаіць на месцы, Ён заўсёды ў сваёй творчасці чыніць новыя рэчы. Таксама і чалавеку наканавана змяняцца. Бог дае ў нашым жыцці розныя перыяды. Як сказана ў кнізе Эклезіяста, “кожная рэч мае свой час!” (Эккл 3,1). Есць перыяды дзяцінства, маладосці, дарослага жыцця, старасці… Мы змешчаныя ў часе, жыццё падзеленае на розныя адрэзкі часу, яны ў сваю чаргу – на гады, гады – на месяцы і г.д. Вялікай мудрасцю ёсць быць на сваім месцы і ў свой час. Было б смешна, калі б дарослы сямейны чалавек сумаваў па дзіцячым садку і хацеў туды вярнуцца. Гэты час прайшоў, і ён скарыстаны настолькі, наколькі чалавек змог узяць ад таго часу, які яму быў дадзены. Падумай, як ты скарыстаў той час, які меў?.. Ці не змарнаваў чагосьці? А цяпер маеш час маладосці, час, калі робіш важныя выбары ў сваім жыцці, час пераменаў. Таму не бойся. Не бойся змяніць свайго мыслення, не бойся змяніць свайго стаўлення да жыцця, свайго прывычнага рытму. “Як бы мы выгодна ні селі, нага з часам здзервянее”, таму мы патрабуем пераменаў. І першае, што мы павінны ўсвядоміць, – якімі мы хочам быць, куды кіруемся. Бо вельмі часта мы добра разумеем, якімі мы не хочам быць, пачынаем працаваць у гэтым кірунку, але не маем ніякіх вынікаў. Таму трэба ведаць, куды ідзем.

Уяві сабе, якім ты сябе бачыш, можаш запісаць. Хто з’яўляецца тваім аўтарытэтам?

Якія рысы характару, які стыль паводзінаў ты хацеў бы мець? Калі зразумееш гэта, пачынай змяняцца маленькімі крокамі.

Маладосць – час, калі мы становімся асобай, і ад гэтага перыяду шмат залежыць. Не трэба баяцца штосьці страціць, вельмі часта такі страх блакуе нас і мы не можам развівацца. Нам здаецца, што, калі мы нешта згубім (звычкі, рэчы, людзей), жыццё спыніцца. Але нельга стаяць адной нагой на беразе, а другой у чаўне, трэба мець адвагу адплыць ад берага.

Тое, што будзе даваць нам упэўненасць на нашым новым шляху, – разуменне, што Бог ніколі нас не пакіне, Ён заўсёды побач. Яму вельмі цяжка будзе дзейнічаць праз нас, калі мы не будзем паддавацца на дзеянне Духа Святога. А Ён заўсёды дапамагае нам змяняцца, кожны дзень выбіраць, якім я хачу быць, куды ісці, што рабіць. Шмат залежыць ад нашага выбару. Бог даў нам твар, але які выраз на ім будзе, залежыць ад нас. Таму не бойся, заходзь  ў човен і дазволь Духу Святому цябе весці так, як Яму падабаецца, бо ў гэтым  – сапраўднае шчасце.

 

А зараз пытанне: што б ты хацеў змяніць у сабе?


 

ШЧЫРА

 

Вадзім Бачкоўскі (г Мінск, парафія св. Яна Евангеліста і Максіміліяна М. Кольбэ):вадзим бачкоўски

– Напэўна, кожны з нас мае свае слабыя месцы, над якімі варта было б працаваць.

Асабіста для мяне слабым месцам ёсць час, дакладней – яго выкарыстанне.  Бясконца дзякую Пану за кожны дзень, але ва ўсёй мітусні свету, абавязкаў, сям’і, працы, на жаль, час ляціць вельмі хутка. Не заўсёды атрымоўваецца нешта спланаваць, паспець, а нават і адпачыць. Маю надзею, што ўсё ж навучуся будаваць планы і кантраліраваць час, які дадзены нам Богам як бязмерны скарб, за які мы павінны быць Яму ўдзячныя.

Святлана Пальчэх (г. Віцебск, парафія св. Барбары):святлана пальчэх

   –Адназначна не характар, бо калі змяніць яго – гэта буду ўжо не я, а хтосьці іншы!

Думаю, што кожная рыса ёсць добрай, адзінае – варта навучыцца карыстацца рысамі правільна, каб не наносіць шкоду сабе і тым, хто побач. Лад жыцця таксама пакінула б  такім жа, бо калі мне штосьці не падабаецца – стараюся адразу змяніць і не пакідаць «праблему» на потым. Што датычыцца звычак – тут я знайшла б што змяніць! Варта прыдумаць канкрэтны план, што рабіць, а таксама папрасіць Госпада, каб даў натхнення і сіл, каб пазбавіцца дрэнных звычак і выпрацаваць добрыя!

Аксана Лапіцкая (г. Магілеў, парафія св. Антонія):аксана лапицкая

– Я б хацела, каб Езус навучыў мяне прабачаць людзей, якія мяне  пакрыўдзілі. Яшчэ заўсёды прашу Езуса, каб Ён дапамог мне пераадольваць маю лень да спраў. І тое, што, на мой погляд, самае галоўнае, што я хачу перамяніць, – гэта мой страх перад усім.

На жаль, вельмі часта, страх перашкаджае, не дае мне рабіць тое, чаго прагне мая душа.

 

Ганна Семісотава (г. Пружаны, парафія Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі):ганна семисотава

– Мяркую, што на дадзены момант было б добра дадаць любові да бліжняга. Гледзячы на тое, што адбываецца ў краіне, пераглядаючы відэа, разумею, што любіць бліжняга часам вельмі складана, а любіць ворагаў – ці гэта магчыма увогуле?! Але веру, што з Богам немагчымага няма нічога, таму малюся аб дары любові і разумення Божай волі.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий