На Ты-04-2015

Хвала Хрысту!

 

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Прывітанне, сябры! Калі чую выраз “бацькоўскі дом”, галава ідзе кругам  – колькі пяшчоты і любові выклікаюць у маім сэрцы гэтыя словы… Хм, напэўна, не толькі ў мяне!
Але ж не забывайце, сябры, што нашае жыццё – гэта пілігрымка да Бацькоўскага Дому,  які ў Нябёсах.
А яшчэ – не забывайцеся мне пісаць пра тое, што цікавага адбываецца ў вашым жыцці сёння, на na-ty@list.ru

 

Бацькоўскі падмурак

 

“І ён устаў, і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю,
і пацалаваў яго” (Лк 15, 20).

 

АКТУАЛЬНА

 

Калі мы гаворым пра бацькоўскі дом, то ў кожнага ўзнікае свой вобраз. Канешне, у большасці з нас бацькоўскі дом атаясамліваецца з чымсьці добрым і светлым. Але ёсць людзі, для якіх бацькоўскі дом стаўся домам болю, ёсць тыя, каму не давялося спазнаць яго цяпло. Скрозь такі лёс цяжка зразумець і прыняць тое, што Бог запланаваў бацькоўскі дом, як святое месца, дзе вобраз бацькі – гэта вобраз любячага Бога Айца, а вобраз маці – гэта вобраз Божай Маці.
Бог даверыў нашым бацькам наш лёс. Адныя бацькі прымаюць дар бацькоўства  з удзячнасцю,  іншыя,  на жаль, не. Як цяжка жывецца без татавага клопату і матчыных пяшчотных рук. Але нават у такой сітуацыі Бог дае нам надзею. “Ці ж можа забыцца жанчына пра дзіця сваё, каб не пашкадавала дзіцяці ўлоння свайго? Ды каб нават яна забылася, Я не забудуся пра цябе!” (Іс 49,15) “Я не забудуся пра цябе”,  – кажа нам Пан. Мы маем Таго, Хто любіць нас так, як не можа любіць ніхто. Пагля-дзіце – Бог пашкадаваў Абрагамавага сына Ісаака, калі той ляжаў на ахвярніку, а Cвайго роднага Сына не пашкадаваў, аддаўшы яго на смерць за нашыя грахі! Так любіць нас Пан!
Бацькоўскі дом… Ён заўсёды ў нашым сэрцы. Гэта, калі мы бачым любячага Бога ў вобразе свайго таты, у вобразе пяшчотнай мамы. А калі лёс пазбавіў нас бацькоў – мы знаходзім іх вобраз у асобе любячага нас Бога.
Таксама бацькоўскі дом – гэта, безумоўна, месца, дзе  мы нарадзіліся, дзе выраслі, да чаго звяртаемся ў нашых самых светлых і добрых ўспамінах. Дзе б мы ні знаходзіліся, дзе б ні жылі – калі вяртаемся да бацькоўскага дому, пачуваемся спакойнымі, шчаслівымі, пачуваемся на сваім месцы. Ніхто і нішто не заменіць нам бацькоўскі дом. Але мы павінны памятаць, што, калі самі станем бацькамі, то спрычыняемся да будаўніцтва бацькоўскага дому ўжо для нашых уласных дзяцей. “Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам” (Мц 19, 5). Гэта значыць, што мы павінны будаваць новы шчаслівы – для нас як бацькоў і для нашых дзяцей –  дом, дзе светлы вобраз бацькоўскага дому нашага дзяцінства будзе нам добрым падмуркам. А каб шчасце гэтае было сапраўдным і трывалым, трэба будаваць наш дом на камені, на цвёрдым падмурку – Езусе Хрысце.
А ці не атаясамліваюцца ў вас словы “бацькоўскі дом” са словам “Бацькаўшчына”? Так! Гэта яшчэ адзін вобраз бацькоўскага дому. Толькі каб гэты вобраз быў сапраўдным і поўным – мы павінны ставіцца да Радзімы як да нашага агульнага роднага дому, а да людзей, як да сваёй роднай сям’і. Бо так яно насамрэч і ёсць, бо так бачыць нас Бог і так Ён хоча, каб было. Езус кажа: “…хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці” (пар.  Мк 3,35), а сказаў Ён гэта, паказваючы на незнаёмых лю-дзей і знаходзячыся не ў сваім доме.
 
Пытанне: чым для цябе з’яўляецца твой бацькоўскі дом?


ШЧЫРА

 

Аляксандр Красоўскі (г. Мінск, парафія св. Сымона і св. Алены):Александр Красовский
– “Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе” (Зых 20,12). З дзесяці Запаве-дзей гэта адзіная з абяцаннем. Па свайму жыццёваму досведу ведаю, што шмат праблем бывае з-за непаразумення з бацькамі, яны не заўсёды могуць рабіць правільна, але заўсёды жадаюць нам лепшага. А нашае нежаданне слухаць таго,  хто нас вельмі любіць і праз каго прыйшлі мы ў гэтае жыццё, прыводзіць нашу душу ў бунтарскі стан. У гэтым стане бяжым кудысьці, робім штосьці “важнае”, і не застаецца часу на жыццё, мы і не можам напоўніцца Божым спакоем, які прыносіць нам шчасце і асалоду  жыцця.

Іна Пяткевіч  (г.п. Лынтупы, парафія св. Андрэя Апостала):Инна Петкевич
– Бацькоўскі дом у маім жыцці – гэта тое месца, куды заўжды магу вярнуцца і набрацца сіл, каб ісці далей па жыцці. Сваім сябрам я заўжды кажу: каб лепей мяне пазнаць, трэба з’ездзіць да майго бацькоўскага дому, паразмаўляць з роднымі, памыцца ў лазні, пераначаваць, схадзіць на св. Імшу ў наш касцёл, і тады больш будзе зразумелым, хто я. Дзякую Богу за маіх бацькоў і за чатырох братоў, якія ў мяне ёсць! Праз маю сям’ю я адчуваю, што Бог вельмі пра мяне клапоціцца і абараняе. Таксама малю Езуса, каб незанядбаць гэты дар сям’і, каб быць удзячнай сваім бацькам і ў важныя моманты жыцця быць з імі  побач.
Вероника Гулевич (г. Гомель, приход Рождества  Пресвятой Девы Марии):Вероника Гулевич
– Первые воспоминания о родителях начинаются с трех лет, когда меня взяли из детского дома. Тот день я помню отрывками, помню, как было страшно. У меня есть еще младшая сестра, родители взяли нас обеих. До того момента  я не умела даже улыбаться, прятала кусочки хлеба под подушку. Но Бог действовал в моей жизни… После мы все вместе ходили в костел…
Сначала я злилась на своих биологических родителей, но с возрастом поняла, что я благодарна им – ведь через них Господь дал мне жизнь.
У меня бывают споры с родителями, но, несмотря ни на что, нас всегда будет объединять неугасаемая любовь. Бог, семья, костел – это все, что помогает мне  в моей жизни.
Андрэй Багдановіч (в. Палонка Баранавіцкага раёна, парафія Маці Божай Шкаплернай):Андрей Богданович
– Бацькоўскі дом – гэта месца, дзе мяне заўсёды чакаюць. Такое маё бачанне. Кожны раз, калі я прыязджаю туды, мяне ахінае спакой. Да новых месцаў трэба яшчэ прызвычаіцца, а тут усё знаёмае і роднае. Бацькоўскі дом – гэта і людзі, якія мне бліжэйшыя, чым хто бы там ні быў іншы.
Святое Пісанне, падаючы Божыя наказы, перадае нам чацвёрты наказ разам з абяцаннем, што павялічацца дні на зямлі таму, хто шануе бацьку і маці (пар. Зых 20, 12). У гэтым ёсць вялікі сэнс. Бацька і маці – гэта тыя, хто ў супрацоўніцтве з Богам даў мне жыццё і без каго я б не пражыў да самастойнага ўзросту. Гэта тыя, хто любіць мяне нягледзячы ні на што і жадае мне дабра. Пашана і клопат пра іх з’яўляюцца гарманічным працягам таго, што яны зрабілі для мяне.

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий