Хрыстос уваскрос!
Амаль кожны дзень мы стаім перад выбарам. Але каб зрабіць яго, чалавеку заўсёды патрэбны супакой, разуменне і абавязкова надзея на тое, што Бог нас пачуе, дасць знак, дапаможа…
Разважанне падрыхтавала Воля Севярынец (г. Мінск, парафія Найсвяцейшай Панны Марыі). Не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.by
Бог бачыць з вышыні
АКТУАЛЬНА
Самыя цяжкія выпрабаванні могуць стаць самымі лепшымі пачынаннямі – кажа адна мая знаёмая. І я згодная з ёю цалкам. Але каб гэтыя словы набылі для цябе сэнс, ты павінен верыць у Бога і давяраць Яму, нягледзячы ні на што.
Мы штодзённа сутыкаемся з выклікамі, якіх, на жаль, з кожным днём становіцца ўсё больш. Лічба 2020 увогуле стала намінальнай, свет запомніць яе надоўга. Але для кожнага сталага чалавека выпрабаванне, крызіс, хвароба – гэта заўсёды рост. Рост праз боль і цяжкасці – уверх. Галоўнае, як мы адказваем на жыццёвыя выклікі, якія рысы характару ў сабе ўзрошчваем, што нясем праз сябе іншым.
Апошнія падзеі вучаць нас быць адказнымі. У стаўленні да свайго здароўя, да людзей, якія вакол нас, да краіны, у якой мы жывём. Апошнія падзеі вучаць нас шанаваць свабоду – як нашу асабістую, так і свабоду ў цэлым як права чалавека, дадзенае Богам. З кожным днём свабода набывае ўсё большую цану, з кожным днём усё больш расце за яе адказнасць. Але самае каштоўнае, найвялікшы дар, які так патрэбны сёння свету і Беларусі, які мы мусім гадаваць у сваіх сэрцах,– гэта надзея. І гэтай надзеі няма без Хрыста! Без Яго мы бездапаможныя перад многімі рэчамі, як факт – перад пандэміяй у свеце. І сілы заканчваюцца, і ведаў чалавечых бывае недастаткова. На што спадзявацца? На Езуса Хрыста. Ён – наша адзіная надзея.
Бог бачыць свет з двух розных ракурсаў – Ён адначасова і трансцэндэнтны, і іманентны.
Бог бачыць усё з вышыні, перад Ім, як на далоні, уся вялікая карціна сусвету, але адначасова знаходзіцца ў моманце, тут і зараз, побач з намі… Ці здольныя мы глядзець як Госпад на сваё жыццё, на падзеі вакол, на сваю краіну як на вялікі шлях, з надзеяй, і ці здольныя задаваць сабе пры гэтым пытанне: што галоўнае зараз і што мушу зрабіць я?
Што значыць быць хрысціянінам сёння, у наш час, у нашых канкрэтных абставінах? Шанаваць свабоду. Узяць на сябе адказнасць за сваю краіну, за свае ўчынкі і пазіцыю, за свет вакол – адказнасць хрысціян за свет сёння вельмі вялікая. Несці надзею і асвятляць шлях народу. Калі хрысціяне замаўчаць, камяні загалосяць – сказана ў Бібліі. І ў Бога няма іншых рук, акрамя тваіх. Праз цябе Ён можа самыя цяжкія выпрабаванні зрабіць найлепшымі пачынаннямі.
А зараз пытанне: у чым праяўляецца твая адказнасць?