На Ты-04-2022

Хвала Хрысту Ўваскросламу!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Ці задавалі вы калі сабе пытанне: што я, свецкі чалавек, магу зрабіць для Касцёла? Паставіць пытанне можна інакш, а адказ на яго  аднолькавы: кожны католік павінен памятаць, што сваім жыццём ён заўсёды дае (павінен даваць) прыклад акружэнню. Разважанні на гэтую тэму падрыхтаваў Віталь Мезін (г. Ліда, парафія св. Юзафа Рамесніка і Благаслаўлёных Сясцёр Назарэтанак Мучаніц).

Пішы мне на  Dialog-na-ty@tut.bу

 

 

Прыклад майго жыцця

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Хацелася б пачаць з акрэслення таго, хто такія свецкія. У Каталіцкім Касцёле свецкія вызначаюцца як усе вернікі, якія не з’яўляюцца духавенствам або асобамі  кансэкраванымі, але цалкам уключаныя ў Касцёл праз сакрамэнты пасвячэння (хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю). Афіцыйна пункт гледжання на свецкіх быў зменены пасля II Ватыканскага Сабору, які   нагадаў свецкім вернікам пра іх пакліканне  да святасці,  абавязак апостальства і  адказнасць  за Касцёл і  ўвесь свет.

Кожны хрысціянін пакліканы да святасці праз свой хрост. Яго мэтай з’яўляецца тое, каб адпаведна свайму жыццёваму статусу, праз сужэнства, сям’ю, працу, ісці сваім асабістым шляхам да святасці. “Збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць” (Мц 6,20). І Касцёл дапамагае ў гэтым. Для людзей свецкіх ёсць шмат рэлігійных груп: Жывы Ружанец, міністранты, Літургічная Служба Алтара, дзіцячыя хоры, шматлікія малітоўныя групы, Рух «Ааза Святло-Жыццё», Легіён Марыі і г.д. Калі коратка апісаць свой вопыт, то мне давялося быць і міністрантам, і лектарам, граць і спяваць у групе праслаўлення ELI, быць ў малітоўнай групе Бога Айца, супольнасці Сям’я Бога Айца, супольнасці сем’яў  Асацыяцыі  Святой Сям’і з Назарэта пры Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак і ўдзельнікам розных пілігрымак. Выбар вялікі, і кожны знойдзе штосьці для сябе.

Калі паразважаць пра абавязак апостальства, абвяшчэння Добрай Навіны, евангелізацыі, то ён датычыцца не толькі духоўных асобаў, але кожнага хрысціяніна. Каб рэалізаваць сябе як хрысціянін, недастаткова быць проста добрым чалавекам. Езус не казаў: “Ідзіце і будзьце добрымі людзьмі, не трапляйце ў вязніцу.” Мы ведаем дакладна, што Езус казаў: “…ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж  да сканчэння веку”  (Мц 28,19-20). І вось мы ў нашых дамах, на працы, ва ўніверсітэтах проста жывем як добрыя людзі. І цяпер пытанне: “Ці мы ўвогуле спраўляемся?” Таму што, ведаеце, можна і не справіцца. Калі мы паглядзім на сваю парафію, дыяцэзію, на Каталіцкі Касцёл, ці нас ведаюць як Царкву, якая навучае ўсе народы? Мне здаецца, што менавіта гэтае пытанне мы павінны задаваць самі сабе: “Калі вялікім заданнем было – ідзіце і навучайце ўсе народы, а мы як Касцёл не вучым народы, то мы паспяховыя ці правальныя?”

Паглядзім глыбей. Калі Езус сказаў: “Віталь, ідзі, навучы ўсе народы”, а Віталь не ідзе… Пытанне: калі я не вучу народы, я паспяховы хрысціянін ці правальны? Не паспяховы. Калі мы не ідзём і не вучым народы, ці мы тады рэалізавалі сябе як хрысціяне, ці мы не дасягнулі поспеху? Можна і не справіцца, гэта магчыма, магчыма не жыць місіяй. Жыць місіяй не адзін раз, не ад часу  да  часу, не большасць часу, а ўвесь час. Езус  зрабіў  гэта магчымым, і цяпер праз Святога Духа, які дзейнічае ў табе, ува мне, ва ўсіх нас, мы можам зрабіць гэта рэальным тут, у вашым жыцці, у вашых парафіях, у вашых гарадах, у вашых сем’ях. Мы павінны  быць соллю зямлі,  голасам сумлення, мы адказныя за  Касцёл і ўвесь свет.

 

А зараз пытанне: што я, свецкі чалавек, магу зрабіць для Касцёла?


 

ШЧЫРА

 

Вікторыя Галонская  (г. Ліда, парафія Святой  Сям’і):викторыя галонская

– Мая дапамога можа быць у выглядзе ўпрыгожвання касцёла да святаў – гэта фізічная дапамога для майго маленькага Касцёла, бо як свецкі чалавек я магу ўвогуле дапамагаць не толькі, канешне, малiтвай. Таксама можна ўзяць на сябе нейкую працу, каб зрабіць яе  дзеля парафіі, i шмат iншага, бо ў кожнай – свае патрэбы. Але, на мой погляд, менавіта для Паўсюднага Касцёла я магу зрабіць самае важнае – гэта ахвяраваць свой час на малітву за Касцёл.

Ангеліна Пашэвіч   (в. Докшыцы, парафія Найсвяцейшай Тройцы):ангелина пашэвич

– Я магу сведчыць пра Бога для моладзі, якая перажывае крызісы веры ў сваім жыцці.Святы Ян Павел ІІ, сябра моладзі, казаў, што «моладзь з’яўляецца сведкай світання». Світання, якое становіцца пачаткам новага дня і заўсёды нясе новую надзею на лепшае.

Як свецкі чалавек, я магу падтрымаць Касцёл матэрыяльна. Таксама ў супольнасцях Касцёла летам праходзяць летнікі для дзяцей, і на гэта трэба шмат сіл, таму я дапамагаю ў гэтай справе як аніматар.

Вераніка Грушэўская   (в. Шарашова, парафія Найсвяцейшай Тройцы):вераника грушэвская

 – Як свецкі чалавек я магу служыць Касцёлу сваімі талентамі: спяваць у хоры, удзельнічаць у арганізацыі і правядзенні парафіяльных мерапрыемстваў, малітоўных ці біблійных сустрэч, таксама далучацца да збору гуманітарнай дапамогі. Важна быць чулым да патрэбаў тых, хто побач, адкрытым на іншых людзей, незалежна ад іх поглядаў ці веравызнання, і такім чынам евангелізаваць не толькі праз словы, але і праз учынкі. Апроч таго, як вернік я не толькі магу, але адчуваю на сабе адказнасць маліцца ў інтэнцыях Паўсюднага Касцёла і, па магчымасці, падтрымліваць яго таксама праз ахвяраванні.

Вольга Радзюш   (г. Мінск, парафія Св.Яна  Хрысціцеля):вольга радзюш

   – Насамрэч можна шмат чаго зрабіць для Касцёла. Але хочацца выдзеліць два найбольш для мяне важныя моманты. Найперш – малітва за Касцёл. Гэта значыць –  за кожнага з нас, як часткі Паўсюднага Касцёла і асабліва – малітва за кансэкраваных асобаў. Нашыя пастыры патрабуюць малітвы асабліва. Па-другое – весці працу з дзецьмі і моладдзю,  дапамагчы ім быць добрымі хрысціянамі, сумленнымі грамадзянамі, а ў будучым –  і шчаслівымі жыхарамі неба.

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий