Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!
Якая вялікая радасць! Сябры, радуйцеся!
Госпад перамог смерць. Аллелюя! Памятаеш, на які адрас мне пісаць?
Dialog-na-ty@tut.bу
Радуйцеся!
АКТУАЛЬНА
Як часта наша жыццё падобна на цёмны храм, у якім няма святла. Адчуваем, што ў нашым сэрцы, у душы цёмная ноч, няма святла, няма радасці, няма сэнсу. Што гэта такое?
Чаму так? Часам думаем, чаго нам у жыцці не хапае – то блізкіх людзей, то добрай працы, то грошай, то сэнсу жыцця… Усё гэта гаворыць нам аб тым, што на самой справе нам не хапае Бога. Увесь гэты голад, гэтая прага душы – гэта прагнасць Бога, хоць часам мы гэтага і не ўсведамляем.
Калі ў сэрцы неспакой, трэба ісці да Хрыста, які адначасова са смерцю перамог усе праблемы нашага жыцця, трэба шукаць Яго Ўваскрослага і Жывога. Толькі Ён можа паказаць нам сэнс нашага жыцця. Толькі Ён.
Мы – дзеці Бога. Гэта ўсё дзякуючы таму, што Езус узяў нашы грахі на сябе, прыняў пакаранне, памёр за нас і ўваскрос. Як Майсей вывеў выбраны народ з рабства егіпецкага, так і Езус вывеў нас з рабства, якое значна страшнейшае, – з рабства граху. Менавіта Ўваскрасенне Езуса з’яўляецца вырашальным момантам – момантам вызвалення з рабства граху. Мы зноў маем надзею на збаўленне, вечнае шчасце.
Адзін святар пісаў, што бачыў людзей, якія радуюцца, таму што знайшлі добрую працу, бачыў радасць людзей, якія набылі сабе дарагую рэч, бачыў радасць людзей, якія разумелі, што сустрэлі каханага чалавека, бачыў шмат розных чалавечых радасцяў… Але ніводная з іх не параўнаецца з радасцю чалавека, які праз шмат гадоў прыйшоў на споведзь, або які паспавядаўся першы раз. Гэтыя людзі ззяюць, гэтыя людзі плачуць ад шчасця, і гэтая глыбокая радасць застаецца надоўга.
Важна не толькі верыць, што Езус Уваскрос, але сустрэць Жывога Езуса. Змяняе жыццё людзей да лепшага менавіта асабістая сустрэча з Езусам. Першыя словы, якія Езус прамаўляе да жанчын пасля Ўваскрасення, гэта – «радуйцеся», «не бойцеся»! Гэта першае, што Езус кажа, калі з Ім, Уваскрослым і Жывым, аса-біста сустракаемся.
Давай сёння асабіста сустрэнемся з Ім. Не проста прачытаем малітвы, а паверым, што ў гэты момант мы сустракаемся з Ім, што Ён рэальна ўваскрос і жыве, што Ён стаіць перад намі, а мы перад Ім, і праславім Яго.
Бог недалёка, Ён недзе на небе. Ён побач. Езус уваходзіць у штодзённае нашае жыццё, як калісьці ўвайшоў у жыццё сваіх вучняў пасля Ўваскрасення, якія вярнуліся да сваіх сетак, Ён зноў дапамагае ім, зноў корміць іх і Сам есць з імі. Яго імя Эмануіл (Бог з намі).
Ён – не далёкі! Ён вярнуўся, каб вырваць нас з гэтай шэрай штодзённасці! Каб дараваць нам новае радаснае жыццё.
Сябры, радуйцеся! Хрыстос Уваскрос! Давер Яму ўсё!
А зараз пытанне:
што азначае для цябе Ўваскрэсенне Хрыстова? Чаго чакаеш ад Уваскрослага Божага Сына?