Хвала Хрысту!
Кожны дзень нашага жыцця асаблівы, непаўторны, кожны дзень нясе ў сабе дары. Паразважай, якія гэта дары, і паклапаціся, каб яны прынеслі найбольшы плён для цябе. Пішы мне на: Dialog-na-ty@tut.bу
Бог мае прапанову
АКТУАЛЬНА
Любоў мае свае праявы, і гэта праявы, да якіх не трэба нікога ўгаворваць, прымушаць, прасіць. Чалавек сам разважае, як яшчэ можна праявіць сваю любоў. І гэтыя яго пошукі прыносяць радасць не толькі таму, каго любім, але і нам самім.
Як праяўляем любоў да Бога? Святая Эўхарыстыя. Эўхарыстычная сустрэча з Богам – вялікая праява любові. Гэта асаблівая сустрэча, на якую Ён сам нас запрашае. Запрашае прыняць Святую Камунію, а значыць, таксама і прыступіць да сакрамэнту споведзі. Загадзя паклапаціцца, каб зрабіць рахунак сумлення і ісці на споведзь, каб не было ніводнай святой Імшы без Святой Камуніі. Ці не спазняюся на святую Імшу? Прыходжу загадзя, каб у цішыні і малітве падрыхтавацца да святой Імшы? Застаюся некалькі хвілін пасля Імшы, каб у ціхай малітве падзякаваць за гэты вялікі дар? Праява маёй любові да Езуса, прысутнага ў Эўхарыстыі, акрамя малітвы, святой Імшы і Камуніі, мае шмат іншых праяўленняў, якія могуць здавацца дробязямі, але яны таксама паказваюць веру і любоў да Бога.
Кожную нядзелю мы сям’ёй едзем на святую Імшу, адкладаем ўсе справы, загадзя думаем, як арганізаваць час, каб патрапіць на Імшу. Я люблю Госпада, хачу, каб Ён бачыў нашу сям’ю ў алтара. Для мяне гэта самае любімае месца ва ўсім свеце. Кожны раз пасля святой Імшы прашу ў Бога любові, мудрасці, веры. І мой муж з любоўю дадае: «Божа, дай нам у жыцці сітуацыі, дзе мы можам усяму гэтаму навучыцца». Бог вядзе нас праз выпрабаванні, але і робіць нас мудрэй і мацней. З Ім мы перажываем цяжкасці.
Кожная нядзеля – самы прыгожы дзень! Дзень асаблівы для нашай сям’і. Шчасце, калі можна жыць, не спяшаючыся. Нядзеля – гэта дзень, калі мы з мужам хочам быць для Бога, для сям’і, родных, сяброў, бліжніх. Спыніцца ад мітусні і працы, больш чытаць і разважаць Слова Божае, больш прысвяціць час адзін аднаму і маленькай дачушцы. Але асаблівасць не ў гэтым, што я пералічыла, а ў плёнах, якія дае Госпад. Мы сеем, а ўзрасці дапамагае Ён. Гэта дзень, калі ёсць час яшчэ больш дзяліцца радасцямі, дабраславеннямі, перажываннямі, адкрыццямі. Дзякуючы гэтаму, адносіны становяцца мацнейшымі і больш глыбокімі. Мы лепшыя сябры з мужам, мы ўсё праходзім разам. Вялікае шчасце быць з тым, хто цябе напаўняе. І быць тым, хто напаўняе.
Бог для кожнага з нас мае прапанову, якая зробіць нашае жыццё поўным сэнсу, шчасця і радасці. Ты – Божы сын, ты – Божая дачка, якіх Бог хацеў, жадаў, планаваў. Маладыя і старэнькія, багатыя і бедныя, сумныя і радасныя – усе мы збіраемся каля алтара, каб ведаць – мы ўмілаваныя дзеці Бога.
Пытанне: якая твая самая галоўная падзея ў нядзелю? Што для цябе важна ў нядзелю?