Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!
Жыць па прынцыпах, якія прапаведуе Хрыстос, несці любоў сваім існаваннем – гэта не проста, але да гэтага трэба імкнуцца, да гэтага заклікае нас Сам Божы Сын. Шчаслівы той, хто мае супольнасць хрыстусовых аднадумцаў, якая заўсёды цябе падтрымае. Жадаю вам знайсці такую супольнасць і стаць у ёй адным з многіх!
Шукаем адказы разам
АКТУАЛЬНА
Сёння, калі мы назіраем за яркімі і дынамічнымі моладзевымі рухамі ў нашым Касцёле, становіцца відавочным, што моладзь у гэтых рухах з’яўляецца не проста аднадумцамі, але сапраўднымі агменямі духоўнасці, любові і адданасці Хрысту. Гэта поўная надзеі моладзь нясе ў сваім сэрцы іскру Божай Любові.
Варта адзначыць, што супольнасць стварае цудоўную прастору, дзе кожны можа быць самім сабой, дзе пануе атмасфера, якая прымае і падтрымлівае, дзе можна не баяцца адкрывацца адзін аднаму і дзяліцца сваімі меркаваннямі, прапановамі і радасцямі. Тут абмяркоўваем свае пытанні і шукаем адказы разам, не баімся казаць аб веры і вучымся быць мацнейшымі, каб пасля дзяліцца верай і сведчаннем па-за супольнасцю. І тут знаходзім сяброў, лепшых сяброў. Сяброў, якія потым дапамогуць сваімі малітвамі, сваім заступніцтвам, сяброў, якія дапамогуць працаваць над сабой, нешта ў сабе мяняць, каб станавіцца лепшым.
Святая Імша, супольная малітва, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, праслаўленне, сустрэчы за кавай ці гарбатай – праз гэта ўзмацняемся і гэта дапамагае ўсвядоміць сваю прыналежнасць да большай справы – служэння іншым. Быць хрысціянінам сёння – гэта значыць не толькі прымаць веру як дар, але і імкнуцца дзяліцца сваёй верай з бліжнімі – адкрываць сэрца на сацыяльныя праекты, валанцёрства і дабрачыннасць.
Гэта сэрцы, якія гараць любоўю да Езуса. Гэта не проста словы, а жыццё, напоўненае назіраннямі, прагнасць даведацца больш пра Бога, пазнаваць Яго. Гарэць жаданнем падзяліцца сваёй верай і сведчыць пра тыя цуды, якія Бог творыць у жыцці.
Мы разумеем, што гэты агонь – гэта нешта большае, чым проста эмоцыі, гэта моц Святога Духа, якая яднае.
Але, бывае, што мы паводзім сябе, як маладыя пенсіянеры, якія ўсё ведаюць, але якім нічога не хочацца. Давайце паспрабуем быць людзьмі, хрысціянамі, напоўненымі жыццём, энтузіязмам, жаданнем нешта мяняць, можна нават сказаць – быць з характарам. Як прыемна бачыць людзей, якім “хочацца”. Якім хочацца чагосьці ў духоўным плане (а не толькі грошы зарабляць), хочацца чагосьці для Бога ці ад Бога, чагосьці для сваёй душы, для збаўлення, калі хочацца набываць сяброў для сябе, для Бога, для Касцёла. Прыемна бачыць людзей, якім “хочацца”, якія не толькі скардзяцца, але імкнуцца нешта рабіць.
Давайце пастараемся быць хрысціянамі, якім хочацца быць творчымі ў справах веры, здагадлівымі ў імкненні да Бога, мужнымі ў вырашэнні праблем, адкрытымі на новых сяброў.
А зараз пытанне:
Ці здольны ты служыць у любові іншым? Ці дапамагае табе ў гэтым моладзевая супольнасць?