Хвала Хрысту!
Вітаю вас, даражэнькія!
“Крок, крок, за крокам крок, цяжка нам, бо шлях далёк…”, але яно таго варта! Да сустрэчы “коцікі”! Аб сваіх уражаннях ад сёлетніх пілігрымак напішыце мне на na-ty@list.ru
Глыток вады з Ягонай крыніцы
АКТУАЛЬНА
Людзі ўладкоўваюцца ў хуткія цягнікі, але часам не разумеюць, чаго шукаюць, таму не ведаюць спакою і кідаюцца то ў адзін бок, то ў іншы…
Нейкія дзіўныя людзі, бягуць адзін ад аднаго, уцякаюць ад праблем, пачуццяў, ад самых сябе. А потым, адасобіўшыся, разумеюць, што нічога асабліва і не змянілася, шмат чаго засталося на тых самых месцах, дзе было і раней, бо амаль усё прынеслі з сабой у “кішэні сэрца”. Чаму ж так? Можа, таму, што гэта толькі удасканаленая «пілюля” ад смагі, якую прапануе свет? А каб сапраўды напіцца, трэба глынуць Жывой Вады, якую дае Хрыстус: “Хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той не спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, якая пацячэ ў жыццё вечнае” (пар. Ян 4,14).
Ведаеш, такі незвычайны, радасны, міласэрны час…Час пілігрымкі. Спёка альбо дождж, калі кожны крок адчуваеш усім сваім целам, калі спевам праслаўляеш Хрыста і танчыш па дарозе, не гледзячы на мазалі. Чаму нялёгкае здаецца лёгкім? Таму што ты ВЕДАЕШ КУДЫ і НАВОШТА ідзеш (зараз – не пра прывал).
Напэўна, уяўляеце сабе, што на прыпынку ўсе хуценька ідуць да калодзежа набраць вады ў дарогу. Наконт гэтага мне ўспомніўся эпізод з кнігі “Маленькі прынц”, якая асаб-ліва блізкая майму сэрцу:
– …Мне таксама хочацца піць… Давай пашукаем калодзеж …
Я безнадзейна махнуў рукой: які сэнс наўздагад шукаць калодзеж у бязмежнай пустэльні? Але ўсё ж мы вырушылі ў дарогу. Доўгія гадзіны ішлі моўчкі; нарэшце, сцямнела, і ў небе сталі загарацца зоркі. Мне ўсё прыгадваліся словы Маленькага прынца, і я спытаў:
– Значыць, ты таксама ведаеш, што такое смага?
Але ён не адказаў. Ён сказаў проста:
– Вада бывае неабходная і сэрцу …
Хм. Маленькі мудры прынц… “Вада бывае патрэбная і сэрцу”… Сапраўдная жывая вада, а не “пілюля”!
…Кожны з тых, хто ідзе ў пілігрымцы, нясе Хрысту свае па-дзякі, перапрашэнні, ціхія інтэнцыі ў сэрцы, (а хтосьці проста пячэнькі ў заплечніку ). Але ў чым перакананая – кожны хоча, прагне напіцца Жывой Вады, якую дае Хрыстус, і ўсе разам шукаюць гэтую крыніцу.
Потым Маленькі прынц і яго падарожнік знайшлі калодзеж; цікава, але ён не быў, як у пустэльні. Звычайна гэта проста яма ў пяску, а там было ўсё прыгатавана: і калаўрот, і вядро, і вяроўка… Калодзеж нібы чакаў іх.
Так і Хрыстус чакае, калі мы прыйдзем напіцца з Яго крыніцы. А вада гэта зусім не простая. Яна нарадзілася з доўгага шляху пад зоркамі. Яна – як падарунак сэрцу.
Цяпер людзям не хапае часу, каб што-небудзь шукаць, ствараць, рабіць… Яны купляюць рэчы гатовымі ў крамах. Але ж няма такой крамы, дзе можна было б купіць прабачэнне, ці бутэльку з вадой з Крыніцы Жыцця, ці сябра… Таму людзі амаль што не маюць сяброў, таму адзінокія, таму глынаюць “піпюлі”.
Людзі глынаюць “пілюлю за пілюляй” і не знаходзяць, чаго шукаюць. Не знаходзяць. Але ж тое, што яны шукаюць, можна атрымаць у адзіным глытку вады з Хрыстусовай Крыніцы.
Чаму мая душа чакае пілігрымкі? Яна хоча праславіць свайго Творцу, хоча быць сведкам Хрыста, сасмаглая душа прагне напіцца Жыцця.
А зараз адкажы на пытанне: а чаго твая душа чакае ад пілігрымкі?
Аляксандра Малаковіч (г. Асіповічы, парафія Божай Міласэрнасці):
– Два разы я хадзіла ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай. У гэтым годзе таксама вельмі чакаю гэтага цудоўнага часу, калі буду зноў крочыць да Бога разам з усімі, хто нясе веру і чыстую любоў. Калі ідзеш у пілігрымцы, адчуваеш сапраўдную радасць і падтрымку Езуса Хрыста і Маці Божай. Пілігрымка дорыць новыя знаёмствы з людзьмі, якія сведчаць аб моцнай веры і прысутнасці Бога ў жыцці. Калі прыходзіш да абраза Маці Божай, тваю душу напаўняе пачуццё паўнаты шчасця, нават не адчуваецца стома ад пройдзеных кіламетраў. І пачуцці, атрыманыя на гэтым шляху, застаюцца ў сэрцы бясцэнным скарбам.