Хвала Хрысту!
«Адам сказаў: жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва, і я еў» (Быц 3,12).
Адказнасць у нашым жыццi – якая яна? Разважанні на гэтую тэму падрыхтаваў кл. Яўген Амасёнак (г. Слонім, парафія Св. апостала Андрэя).
Не забывайся пісаць мне на адрас: na-ty@list.ru.
Веліч адказнасці
АКТУАЛЬНА
“Адказнасць – гэта тое, перад чым ставіць чалавека само жыццё і чаго многія з нас імкнуцца пазбегнуць”.
В. Франкл, аўстрыйскі псіхолаг, філосаф і гуманіст.
Адказнасць, на мой погляд, з’яўляецца асновай асноў чалавечага існавання, неад’емнай часткай жыцця кожнага дарослага. Адказны чалавек даражыць кожнай хвілінай свайго жыцця, імкнецца выкарыстоўваць яе з карысцю і ніколі не пера-кладае адказнасць за свае дзеянні, пачуцці ці думкі на іншых людзей або нейкія абставіны. Нікога не вінаваціць у сваіх няўдачах і памылках і ведае, што для таго, каб штосьці змяніць у сваім жыцці, неабходна распачаць з самога сябе.
Святое Пісанне ясна паказвае, што чалавек павінен разумець сутнасць сваіх учынкаў. Кожны з нас асабіста адказвае за свае дзеянні, светапогляд, стаўленне да іншых і г.д. Мы часта схільныя лічыць, што ўсё тое, аб чым думаем і робім, з’яўляецца нашай асабістай справай і датычыцца толькі нас, паколькі непасрэдна не кранае іншых і не наносіць ім відавочную шкоду. Але гэта памылковая думка. У нас няма асабістых спраў, якія ў першую чаргу не належалі б Богу. Лічу, што ўсё тое, што нельга зрабіць дзеля большай хвалы Божай, лепей наогул пакінуць. І наадварот, у значнай ступені ад нас залежыць, наколькі плённа будзе распаўсюджвацца Божае Валадарства на зямлі.
Калі ўважліва ўдумацца ў сэнс слова “адказнасць”, нельга не заўважыць, як вылучаецца ў ім корань “адказ”, што асабіста ў мяне выклікае асацыяцыю з патрэбаю “адказваць” належным чынам. Думаю, гэта менавіта тое, чаго Бог патрабуе ад нас – адказваць за кожнага чалавека, з якім сутыкаемся на жыццёвай дарозе, за ўплыў нашых слоў і паводзінаў на асяроддзе, у якім звычайна прабываем, і г.д.
Многія людзі маюць аб Касцёле вельмі аддаленае ўяўленне. Яны не ведаюць яго вучэнне, і можа так стацца, што іх ніколі не зацікавяць Словы Евангелля. Для такіх адзінай крыніцай ведаў аб хрысціянстве з’яўляемся мы, веруючыя, а дакладней, нашыя ўчынкі і лад жыцця. Таму, перакананы, так важна сёння ўсвядоміць сабе ўсю веліч адказнасці за будучыню Касцёла.
На мой погляд, каб стаць сапраўды адказным чалавекам, трэба, перш за ўсё, адказаць сабе на пытанне: “Дзеля чаго я жыву?”. І для таго, каб быць адказным, неабавязкова сябе прымушаць штосьці рабіць. Дастаткова будзе проста выйсці са сваёй зоны камфорту і зразумець, што, а дакладней, Хто з’яўляецца для мяне найбольшай каштоўнасцю ў жыцці. Заўважыць, што толькі любоў можа пабудзіць чалавека быць адказным. І менавіта гэтаму нас вучыць Хрыстос, жыццё якога было перапоўнена бязмежнай любоўю. Нават цяжка ўявіць сабе, каб Езус пра каго-небудзь забыў або куды-небудзь не паспеў… Асабіста для мяне пры-клад Езуса з’яўляецца той крыніцай, з якой магу бясконца чэрпаць сілы і натхненне, каб штодня станавіцца ўсё больш самаахвярным, адказным і адданым свайму служэнню.
А зараз пытанне: што, па-твойму, азначае быць адказным?