Хрыстос Уваскрос!
Прывiтаннe, дарагія! Калі я не жыву для Яго, калі маё жыццё не належыць Яму, я не хачу такога жыцця… Чытаў “Партрэт Дарыяна Грэя” Оскара Уайльда?
Уяві, калі б нашы твары выглядалі так, якой ёсць наша душа, да чаго былі б падобныя? Безумоўна – ”быць”! За разважаннi дзякуй Насце Сухоцкай. Не забывайся пісаць мне na-ty@list.ru.
Быць ці мець?
АКТУАЛЬНА
Вось гэта дылема… Кожны чалавек, які выбраў для свайго жыцця шлях праўды, разважае над ёю. І гэта відавочна, бо свет штораз выдасканалена спрабуе пераканаць кожнага, што адзіны шлях да шчасця – набываць, мець, спажываць. Толькі гэты шлях – утапічны. Сумленны чалавек вельмі хутка разумее, што штосьці тут не так. Занадта павярхоўнае, хуткабежнае і ілюзорнае гэтае шчасце. Чалавек, які жыве паводле праўды, ужо не зможа задаволіцца рабіць і жыць прынцыпам “як усе”. Усё, чым запоўнены яго розум, сэрца, яго штодзённасць, павінна быць сапраўдным і глыбокім, за што ён мужна бярэ на сябе адказнасць.
Але ж нам не патрэбны крайнасці. Не кажу, што людзі павінны адмовіцца ад усіх даброт і жыць пустэльнікамі. Не. Гаворка пра тое, што ўсе патрэбы і імкненні штосьці мець не павінны стаць першаснымі. Памятаеш вядомае выказванне, што чалавек павінен есці, каб жыць, а не жыць, каб есці? І тут замест слова “есці” можна падстаўляць дзесяткі іншых дзеясловаў, якімі запоўнена нашая штодзённасць. Хачу ўзгадаць частыя ў наш час даследаванні аб шкоднасці фастфуда (вулічнай яды), якая часта падаецца смачнай, хутка насычае, але не надоўга, і праз кароткі час чалавек прагне зноў, а ў выніку яшчэ і наносіць шкоду. Калі ставіць за мэту мець, ніколі не будзе дастаткова.
Супастаўленне “мець “ і “ быць” для мяне таксама пра колькасць і якасць, пра хуткасць і паўнату ўсяго таго, з чаго складаецца нашае жыццё. Чаму так часта ў старэйшых людзeй выклікаюць тугу ўспаміны пра дзяцінства? Можа таму, што гэта ўспаміны пра жыццё, якога так прагне “ўнутраны” чалавек. Канешне, ты скажаш, што свет змяняецца, не тая хуткасць, не тыя крытэрыі, вымярэнні і маштабы.
Так, змяняецца. Толькi… Ці не губляем мы ў гэтай хуткасці і маштабах штосьці хоць і прасцейшае, больш павольнае, але такое сапраўднае і важнае? Узгадай, як хутка дзеці губляюць цікавасць да цацкі, якая яшчэ гадзіну таму была новай, патрабуючы ўжо наступную. І як доўга і дэтальна яны памятаюць падзеі і час, праведзены з бацькамі і блізкімі, не стамляючыся распавядаць пра іх зноў і зноў. А ці часта ты чуў, каб сталыя людзі дзяліліся ўспамінамі пра рэчы або нейкія даброты, што яны калісьці набывалі? Не, усё больш пра жыццё, пра людзей, пра ўнутранае…
Але. Ёсць адзіны варыянт, калі паміж “мець” і “быць” можна паставіць знак роўнасці. Той варыянт, калі мець ніколі не зашмат і калі быць атрымліваецца найбольш поўна і па-сапраўднаму: мець Бога ў сэрцы, жыць Ім, дзейнічаць паводле Яго праўды. Я ўпэўнена, што чалавеку патрэбна так няшмат у жыццi, “Дастаткова толькі Бога”.
Шчасце – БЫЦЬ у паўнаце, якую дае і якой з’яўляецца толькі Бог. Выбар і адказнасць – за кожным.
А зараз пытанне: што важней для цябе – быць ці мець?