На Ты-05-2023

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Божа, дзякуй Табе за вялікі дар – мець матулю на зямлі, любіць яе і быць

каштоўнасцю для яе. Дзякуй Табе за Нябесную Маці – прыклад паслухмянасці і даверу!

Не забывайцеся дзякаваць маці і вы, а мне не забывайцеся пісаць на  Dialog-na-ty@tut.bу

 

 

 

 

Для  Маці – мы заўсёды дзеці…

 

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Менавіта пад Крыжам Марыя стала і нашай Маці. Як жанчына становіцца маці ў пакутах, так Марыя, у пакутах спачування пад крыжам, стала нашай Маці. Езус даручае  Яе  свайму любімаму вучню, а ў яго асобе кожнаму з нас кажа: «Гэта – Маці твая!». І падобна  Яну, кожны з нас павінен «узяць Яе да сябе» – у сваё сэрца.

Ад нашай зямной маці ў розны час жыцця чакаем рознага, але заўсёды адно застаецца нязменным – любові. Мы чакаем у дзяцінстве клопату пра нас, у юнацтве – разумення нашых праблем і падказак у пошуках жыццёвага шляху, падтрымкі ў прыняцці рашэнняў, у сталым узросце – самі стараемся дапамагаць, клапаціцца пра сваю матулю, чакаючы ад яе толькі любові. Часам мы расчароўваем сваіх маці, часам сутыкаемся з іх неразуменнем і нават асуджэннем.

Для нашай Нябеснай Маці – мы заўсёды дзеці, якія маюць патрэбу ў яе клопаце. Яна ж для нас заўсёды з’яўляецца прыкладам. Менавіта ў вернасці Богу, стойкасці ў выпрабаваннях, з якімі заўсёды будзем сустракацца ў гэтым жыцці, а галоўнае – у любові, якая часам праяўляецца ў адной толькі прысутнасці. Усведаміце радасць, якая зыходзіць з гэтага факту: «у нас ёсць Мама!». І гэта не проста словы. Калі ты не запрашаў у сваё жыццё Марыю, гэта не значыць, што яна не клапацілася пра цябе.

Вучань пад крыжам узяў Маці Езуса  да сябе як сваю маці. Нам трэба зрабіць тое ж, калі нехта яшчэ гэтага не зрабіў. Яе матчынае сэрца – поўнае ласкі, адкрытае для нас. Мама не пакіне дзяцей у бядзе. Таму не  будзем ставіцца да слоў Госпада з пагардай.

Калі мы завём сябе Яго вучнямі, прымі Нябесную Маму як найбліжэйшага табе чалавека. Марыя ва ўсім паслухмяная Богу. Яна дазваляе, каб Госпад памяняў яе жыццёвыя планы, каб Ён адкрыў ёй Свой план. Сваёй паслухмянасцю Богу яна выконвае Сваю жыццёвую місію – тое, для чаго прыйшла ў свет.

Сціпласць, чысціня, пакора, вера, давер Богу, слуханне і выкананне Яго слоў, узрастанне ў веры і пазнанні Бога… Тут праяўляецца яе паслухмянасць, гатоўнасць зрабіць тое, што просіць Яе Бог. Яна для нас прыклад, як прыняць Госпада, і насіць Яго ў сэрцы. У ёй мы бачым, што мы можам быць самі сабою толькі прыняўшы Божы план у нашае жыццё і заняўшы тое месца ў свеце, для якога Ён нас стварыў. Марыя вучыць адкрытасці сэрца на Божыя дары. Раскрывай вочы шырэй. Шмат цудаў у Тваім жыцці. Заўважай. Радуйся. Дзякуй.

 

А зараз пытанне: у кожнага з нас дзве маці – зямная і Нябесная. Як дзякуеш ім?


 

ШЧЫРА

 

Яна Трафімік   (г. Свіслач, парафія Св. Францішка):яна трафимик

– Якую вялізную ёмкасць мае слова «дзякуй»! Часам і гэтага дастаткова. Але важна рабіць гэта шчыра. Нават самае маленькае дзеянне становіцца нашмат большым, калі яно робіцца ад сэрца. Скажу адносна нашай зямной маці: мы можам аддзячыць таксама клопатам пра яе або нейкімі добрымі справамі ці дапамогай. Лічу, што адным з найважнейшых і лепшых выразаў удзячнасці нашым матулям з’яўляецца пашана і любоў да іх.

Аляксандр Плюто  (г. Мінск, парафія Святых Сымона і Алены):аляксандр плюто

– Матулі Нябеснай і зямной мы можам падзякаваць шчырай малітвай; у першым выпадку – да яе, за дар усынаўлення і ахілення сваім матчыным плашчом, а ў другім – за яе, за дар жыцця і выхавання. Прымаючы Святую Камунію, можам узгадаць інтэнцыю за сваю зямную маці, захапляцца думкамі пра Нябесную. Робячы ўчынкі клапатлівай любові і міласэрнасці да зямной маці, можам тым самым падзякаваць і Нябеснай маці за яе прыклад нястомнай дапамогі людзям. Таксама мы можам падзякаваць за зямную маці, ідучы пілігрымкай да Санктуарыя Божай Маці. Гэтая сувязь непарыўная. Робячы штосьці для адной маці, мы супрацоўнічаем адначасова і з другой.

Вольга Белко   (г. Масты, парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай):вольга белко

–Разважаючы над гэтым пытаннем, разумееш яго глыбокі сэнс, як гэта ўсё асабіста і ў той час кранае кожнае сэрца. Простае слова. ДЗЯКУЙ. Шчырае ДЗЯКУЙ. ДЗЯКУЙ, якое гучыць у цішыні пад час малітвы. ДЗЯКУЙ, пры вымаўленні якога напаўняецца тваё і матуліна сэрца любоўю. ДЗЯКУЙ, якое адлюстроўваецца ў пяшчотных вачах. Ціхія пачуцці… Простыя словы, пры размове ў малітве ад шчырага сэрца.

Вераніка Косік  (г. Мінск, парафія Святых Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ):вераника косик

– На гэты момант не маю блізкіх адносінаў з Маці Божай, бо амаль не звяртаюся да яе непасрэдна так, як да яе Сына. Аднак, падчас прыгатаванняў да Божага Нараджэння, я асабліва дзякую ёй за пакору і адвагу, а таксама дар жыцця Езуса, праз якога мы атрымалі збаўленне. Што датычыць праяваў падзякі за клопат маёй зямной матулі, то гэта звычайна праяўляецца не столькі ва ўчынках ці нават словах, колькі ў маёй прысутнасці, падтрымцы, што становіцца яшчэ больш цэнным, калі ўжо не так часта можам пабачыцца. Таму галоўнай формай падзякі маёй маці з’яўляецца памяць пра яе падчас Святой Камуніі і ў малітве. А гэта, насамрэч, вялікае шчасце – ведаць, што над ёй няспынна чувае Бог.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий