Хвала Хрысту!
Калі мы ведаем, што Бог побач з намі, мы смялей ідзём наперад, пераадольваючы перашкоды на нашым шляху. Ці маеш наконт гэтага асабістыя прыклады? Тады пішы на Dialog-na-ty@tut.bу
Як святло ў цемры
АКТУАЛЬНА
Зараз я вельмі стараюся ў кожны дзень свайго жыцця адчуваць прысутнасць Бога побач з сабой. Заўважаю Яго дотыкі да свайго жыцця і хачу быць удзячнай за гэта. Ён даруе мне Свой супакой і напаўняе маё сэрца радасцю і светам. Шчасце заўважаць Яго ласку і шчодрасць, якія Ён спасылае на мяне.
Я адчуваю Яго прысутнасць, калі абдымаю свайго мужа, калі трымаю на руках сваю маленькую дачушку. Адчуваю Яго, калі ўглядаюся ў квітнеючыя дрэвы, усход сонца, калі чую спевы птушак. Я захапляюся тварэннем Божым і разумею, што Ён клапоціцца пра ўсё, што навокал, пра ўсіх, хто вакол мяне, хто побач са мною, пра мяне асабіста, пра кожную маю патрэбу. Ён заўсёды побач, чуе нашыя малітвы і дапамагае нам пераадольваць цяжкасці.
Кожная Святая Эўхарыстыя становіцца для мяне чаканай сустрэчай з любячым Айцом. Святая Камунія – гэта благаслаўленне і дар Хрыста, Які нагадвае пра Сваю вялікую любоў да мяне, да кожнага з нас.
Бог гаворыць з намі праз Сваё Слова, малітву, іншых людзей. Важна быць адкрытым. Спадзявайся на Бога, давярай Яму і памятай, што Яго любоў і міласэрнасць нязменныя.
Праз Сваю прысутнасць Бог натхняе мяне станавіцца лепшым чалавекам. Дапамагаць, вучыцца прабачаць іншым і сабе, жыць у супакоі з сабой і людзьмі, імкнуцца да дасканаласці.
Але не толькі ў добрыя моманты Бог прысутнічае ў маім жыцці. У цяжкія хвіліны, калі здаецца, што свет разбураецца вакол, калі сэрца перапаўняюць сумнівы і страхі, я ведаю, што Бог са мной, дае мне сілу і ўпэўненасць, што гэты складаны час пройдзе, ўсё будзе добра, што Ён – блізка. Прысутнасць Бога ў жыцці – гэта як святло ў цемры, як апора ў моманты слабасці. Шчасце ведаць, што ты не адзін.
Хоць часам прысутнасць Бога здаецца туманнай і далёкай, але Бог ніколі не пакідае нас і заўсёды бліжэй, чым мы можам сабе ўявіць. Маліся, будзь удзячным і старайся заўважаць Яго дотыкі ў сваім жыцці.
А зараз пытанне: ці адчуваеш прысутнасць Бога ў сваім жыцці? У чым гэта праяўляецца, як адчуваеш?