На Ты-06-2014

Хвала Хрысту, даражэнькія!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

1чэрвеня – Сусветны дзень масавай камунікацыі. Наконт гэтага вось якія думкі. Напэўна, кожная рэч можа прынесці добры плён, калі карыстацца ёю правільна, у тым ліку і Інтэрнэт – спадарожнік сучаснага жыцця, на які шмат ужо і нараканняў. Сапраўды, ён дае нам бязмежныя магчымасці, але ж неабходна з розумам выкарыстоўваць іх, каб не згубіцца ў яго “павуцінні”. Інтэрнэт можа дапамагчы  даведацца аб навінах хрысціянскага свету… Плённасці вашаму пошуку!  
Пішы мне на na-ty@list.ru

Ці не губляем смак жыцця?

АКТУАЛЬНА

Сучаснае жыццё немагчыма ўявіць без Інтэрнэту. Ён літаральна імгненна захапіў свет. Але добра гэта, ці блага для нашага духоўнага жыцця? Давайце паразважаем.
“Сусветная павуціна”, або “Сусветная сетка”, – так перакладаецца абрывіятура “WWW” (World Wide Web). Ужо сама назва павінна выклікаць у нас насцярожанасць, бо за кожнай павуцінай заўсёды хаваецца драпежны павук, а сетку закідаюць для таго, каб у яе нехта трапіў. Калі пачынаюць разважаць аб ролі Інтэрнету ў жыцці чалавека, то першае пытанне, як звычайна, гучыць так: “Што дае мне Інтэрнэт?”. А каб пытанне паставіць іначай: “Што забірае ў мяне Інтэрнэт?”. Ці не высмоктвае ён з нас духоўнасць і чалавечнасць, нібы той павук са сваёй ахвяры? Ты не згодны? Правядзем просты эксперымент. На працягу тыдня кожны дзень падлічвай час, затрачаны на сацыяльныя сеткі, прагляд відэа, навінаў у Інтэрнэце і г. д. Параўнай гэты час з часам, праведзеным у касцёле, за чытаннем Бібліі і духоўных кніг, або часам, патрачаным на размову з бацькамі, дзецьмі, блізкімі… Наступны эксперымент больш смелы – пазбаў сябе Інтэрнэту хоць на тыдзень. Не кажу аб неабходным карыстанні Інтэрнэтам, напрыклад, дзеля працы. Цяпер пачынаеш разумець?
Мы адвучыліся стасавацца адзін з адным. Замест твара суразмоўцы мы глядзім у халодны манітор, замест рукі чалавека мы трымаем кавалак пластыка – кампутарную мыш. Мы не глядзім ужо адзін аднаму ў вочы, нашыя позіркі звернуты на маленькія дысплэі тэлефонаў – дома, на вучобе, на працы, у транспарце.  Людзі, прачніцеся! Дзеці гадзінамі праводзяць час з тэлефонамі, ці каля кампутараў, а дарослыя, нібы малыя дзеці, звар’яцела ганяюцца за новымі дэвайсамі! Так нельга жыць!
Хтосьці можа сказаць, што Інтэрнэт неабходны для стасункаў з сябрамі, што жывуць далёка, ці для вучобы, або, каб даведвацца аб касцёльных падзеях з рэлігійных сайтаў. Але, ці тое гэта слова – “неабходны”? Мы прызвычаеныя праз Інтэрнэт да імгненнага абмену інфармацыяй. А хто з вас атрымоўваў калі-небудзь ліст? Не, я пра сапраўдны ліст, напісаны на паперы рукой вашага сябра. Атрымоўваючы “усё і адразу”, мы губляем смак жыцця. А ў чаканні – любоў, надзея, давер, цярплівасць, радасць ад спаўнення чакання. Хіба не гэтым цнотам вучыць нас Бог? Калі адкрываеш канверт і дастаеш аркуш паперы, што дасланы з іншага горада, можа з іншай краіны, спецыяльны для лістоў, або паспешна вырваны з нататніка, ці сшытка, пранізаны жывым дыханнем чалавека і нават акроплены слязьмі – гэта не тое, што глядзець на тэкст запароленага паведамлення ў кампутарным маніторы. Хадзіць па бібліятэках, размаўляць з людзьмі, трымаць у руках жывыя кнігі, акунацца ў свет ведаў і жывых стасункаў  – не тое, што у некалькі “клікаў” “сцягнуць”  з Інтэрнэту гатовы рэферат. Ды аб чым мы?! Мы нават Біблію чытаем у Інтэрнэце…
Так, Інтэрнэт шмат у чым зрабіў прасцейшым нашае жыццё. Але ці заўсёды “прасцейшае” азначае лепшае? І які кошт мы плацім за гэтыя зручнасці? Мы дастасоўваем Інтэрнэт, масс-медыя, гульні і інш. да нашага духоўнага жыцця, ці наадварот – нашае духоўнае жыццё мусіць дастасоўвацца да ўсяго гэтага? А можа яго ўжо і няма – духоўнага жыцця? Можа нашая душа трапіла ў павуціну і не  можа з яе выбрацца?

– Як лічыце, ці дапамагае вам Інтэрнэт духоўна ўзрастаць?


 

ШЧЫРА

Алена Ярышкіна (г.Крупкі, парафія Св. Юзафа):Алёна Ярышкина
– Я лічу, што дапамагае. Нягледзячы на тое, што сучасная моладзь (і я таксама) шмат часу проста губляем у Інтэрнэце, у ім можна знайсці шмат розных артыкулаў рэлігійнай тэматыкі, дыялогі з веруючымі людзьмі і  іх адказы на актуальныя пытанні. Часта маладыя людзі саромеюцца спытаць штосьці ў ксяндза або законнай сястры, тады на дапамогу можа прыйсці Інтэрнет. 
Мне вельмі падабаецца наш catholic.by, багаты цікавымі гісторыямі, разважаннямі духоўных і свецкіх асобаў, пазнавальнымі артыкуламі. На мой погляд, Інтэрнэт можа дапамагчы веруючаму чалавеку ўзрастаць у хрысціянскім жыцці, проста неабходна з розумам выкарыстоўваць гэты вялікі аб’ём інфармацыі. Я жадаю кожнаму маладому чалавеку плённага і паспяховага вандравання па прасторах Інтэрнэту.

Костя Крутилин (г. Осиповичи, приход Божьего Милосердия):Костя Крутилин
– Могу ли я найти Бога в Интернете? Помогает ли мне Интернет возрастать духовно? Не задумывался над этими вопросами, но без сомнений могу сказать, что нет! В Интернете можно найти всё: фильмы, музыку, картинки, различную информацию, порой даже непристойного содержания, но только не Бога. Бога можно найти в тишине, но не в Интернете. А ведь, чтобы возрастать духовно, нужно иметь Бога в сердце. Бога можно встретить в Евангелии, в молитве, и даже в прохожих, которых ты просто встретил Главное при этом: когда найдёшь Его – не потерять, и всегда жить с Ним.
Таццяна Танана (г.п. Варапаева, парафія св. Міхала Арханёла):Татьяна Танана
– З аднаго боку, я, бывае,  шмат часу трачу на сёрфінг ў Інтэрнэце, які не нясе ў сабе якой-небудзь мэты і толькі марную час. Аднак жа ў той самы час большасць навін каталіцкага свету я пазнаю менавіта праз каталіцкія сайты. Праз Інтэрнэт я знаходжу цікавую для мяне інфармацыю, магу ўдзельнічаць праз онлайн-трансляцыі ў мерапрыемствах, на якія не магу паехаць у гэты момант, даведваюся пра акцыі, дзякуючы  якім магу служыць людзям.
Таму думаю, што (як і з многімі іншымі рэчамі, якія дае нам Бог) ад нас залежыць, як мы выкарыстоўваем Інтэрнэт у сваім жыцці: на карысць і ўзрастанне, ці не.

Юрый Петухоў (г. Мінск, парафія св. Яна Евангеліста і св. Максіміліяна Марыя Кольбэ):Юрий Петухов
– Мне Інтэрнэт дапамагае не абмінуць важныя падзеі ў Касцёле, бо на самой справе няпроста прасачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце. Бывае карысным параіць людзям з іншых мясцовасцей наведаць наш парафіяльны сайт. Што тычыцца глыбейшага духоўнага развіцця, тут Інтэрнэт – толькі адзін са сродкаў, які, вядома ж, не заменіць жывую малітву. Часта глядзім відэа-выступленні каталіцкіх і праваслаўных святароў, напрыклад, на тэмы сямейнага жыцця, знаходзім добрую духоўную літаратуру. І гэта карысна.

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий