Хвала Хрысту!
Якая цудоўная пара – канікулы, адпачынак, вольны час… Хтосьці марыць паехаць да мора, хтосьці – падняцца ў горы, іншым хочацца больш часу прысвяціць сваім родным і не важна дзе. Хачу ў цябе запытаць: а колькі ўвагі, думаючы пра свой вольны час, ты аддаеш адносінам з Богам? Ці ёсць наогул у тваіх летніх планах месца для Бога? Напішы мне на Dialog-na-ty@tut.by
Твой вольны час
АКТУАЛЬНА
Лета… Хтосьці марыць паехаць да мора, хтосьці – падняцца ў горы, іншым хочацца больш часу прысвяціць сваім родным і не важна дзе, многім – проста «на агародзе». Ёсць і тыя, хто плануе пабываць ў прыгожых мясцінах, адкрыць іх для сябе.
Лета – час натхняльны. Вядома, можна яго ператварыць у “гонкі” за новымі ўражаннямі, можна – у “даганялкі”, гэта значыць, дарабіць усё, што не паспелі зрабіць дагэтуль. Але можна гэты час ператварыць у магчымасць паглядзець на ўвесь свет іншымі вачыма, уважліва прыгледзецца да ўсяго таго, што Пан Бог нам падарыў. Гэта азначае – узяць час, каб прагуляцца з Панам Богам, прайсці шырокімі шляхамі і вузкімі сцяжынкамі… Каб убачыць Яго дзеянне ў нашым жыцці і самым пераканацца, што і мы можам удзельнічаць у справе выратавання свету, калі станем паслухмянымі прыладамі ў Яго руках.
Шмат хто з вас падымаўся ў горы і, напэўна, на ўласным вопыце пераканаўся ў тым, як гэта не проста, колькі трэба сіл, адвагі, сканцэнтрыраванасці. У Евангеллі Святога Марка можам пабачыць Езуса, які падымаецца на гару. Узыходжанне гэта няпростае, і Ён прыкладае намаганні, каб падняцца. У нас можа не быць магчымасці зараз падымацца на гару, але падобныя выпрабаванні могуць быць нашай штодзённай абавязковай часткай шляху да Бога. Езус падняўся на гару не дзеля забавы і адпачынку. Гэта быў пад’ём з сэнсам.
Езус падымаецца, прыкладвае шмат намаганняў, каб узысці на гару, таму што там у Яго важная сустрэча. Абапіраючыся на тэкст Евангелля, можна выказаць здагадку, што там ужо шмат людзей. Ён прыходзіць і кліча некаторых з іх па імені.
Рашэнне нашых праблем, якія часам падаюцца нам не вырашальнымі, перад якімі адчуваем сябе слабымі, патрэбна шукаць, перш за ўсё, у тым, каб быць з Езусам у малітве. Калі мы праводзім з Ім нейкі час, а яшчэ лепей – некалькі дзён ці месяцаў, прысвечаных менавіта гэтаму нашаму асабістаму быццю з Богам, звяртаючыся да Яго з даверам, малітвай, у веры і надзеі, мы можам нават не заўважыць, калі вырашыліся тыя праблемы, якія абцяжарвалі нас, і колькі рэчаў, якія здаваліся немагчымымі, сталі магчымымі.
Трэба памятаць, што Ён і сёння на гары, Ён і сёння шукае цябе, прамаўляе тваё імя, Ён хоча, каб ты быў з Ім, заўсёды, штодня. Ён разлічвае на цябе…
Умілаваны вечны Божа! Дапамажы нам у тым, каб аддаць Табе добры час, каб слухаць Твае словы, каб быць шчаслівымі ўжо сёння, ужо цяпер. Благаславі нас, каб мы выкарысталі гэты час з любоўю да Цябе і бліжняга.
А зараз пытанне: Які адпачынак лічыш найлепшым? Ці ёсць у тваіх планах на лета месца для Бога?