Божа, дапамажы разумець тое, што кажуць нам бацькі! Божа, дай нам з даверам прыняць іх багаты прыклад, назапашаны на працягу жыцця.
Разважанні падрыхтавала Клачкевіч Яніна, г. Мінск, парафія Cв. Лукі і Cв.Марціна. А ты не забывайся пісаць мне на адрас: Dialog-na-ty@tut.bу
Прыклад бацькоў
АКТУАЛЬНА
Ці з’яўляюцца для мяне бацькі прыкладам? Напэўна, адказ будзе залежаць ад таго, якія ўвогуле стасункі ў мяне з бацькамі…
Я жыла з мамай. З маім татам яны бралі шлюб ў царкве, але разышліся, калі я была зусім маленькай. Мы з мамай не былі веруючымі. Асвячалі вярбу і яйкі на Вялікдзень ды і ўсё. На гэтым наша вера заканчвалася.
Але аднойчы са мной здарылася вельмі непрыемная (і цяжкая) хвароба і тады матуля пастанавіла: калі ўсё пройдзе, калі я зноў стану здаровай, то мы пойдзем з падзякай Богу ў Будслаў. Адкуль яна ведала пра пілігрымку ў Будслаў і ўвогуле, як гэтая ідэя магла ў яе ўзнікнуць, – я не ведаю. Але бачу тут Руку Божую. Бог такім чынам паклікаў нас да Сябе… Праз Марыю. І мы яму даверыліся. Пазнаёмілася я са сваім бацькам, калі мне было ўжо 23 гады. Ён чамусьці вырашыў запрасіць мяне з мужам і сыночкам да сябе ў госці. Калі разважаю, чаму я навучылася ад свайго таты, хоць ведаю, насамрэч, аб ім вельмі мала, то разумею: навучылася смеласці. Якіх сілаў яму гэта каштавала – напісаць дачцы, якую не бачыў столькі гадоў, – нават цяжка ўсвядоміць. Але ці не Божы провід і тут? А пазней яны паядналіся з мамай.
Зараз я бачу, як ёй складана, бо мой тата далёкі ад касцёла і ўвогуле жыве абсалютна іншым жыццём, з іншымі каштоўнасцямі. Але мама прытрымліваецца той прысягі, якую давала калісьці яму. Можна было ўжо тысячу разоў усё кінуць і сказаць: “Навошта мне гэта патрэбна?”, але я бачу, як яна стараецца рабіць усё, што ад яе залежыць, каб толькі дапамагчы майму тату вярнуцца на Божы шлях. І ведаеце, ён пакрысе мяняецца. Можа не так хутка, як хацелася б, але ж мяняецца.
Усе гэтыя жыццёвыя моманты сёння паказваюць мне, чаму я магу сапраўды навучыцца ад мамы. Яна для мяне – прыклад без перабольшвання. Яна – прыклад для мяне ў пакоры і ў той жа момант – настойлівасці і несупыннасці ў малітве. У яе вучуся часам “адключаць” розум, калі трэба адчуць сэрцам тое, што хоча Бог мне сказаць. Вучуся закрываць вочы на ”шчэпкі” ў вачах іншых і думаць больш аб сваіх “бярвеннях”. Вучуся даверыцца Богу, нават калі ўсё навокал дыктуе іншы шлях. Вучуся няспынна маліцца, нават калі здаецца, што ўсё марна.
“Шукайце – і знойдзеце. Прасіце – і будзе вам дадзена”. І я вучуся гэтаму ў яе. І бачу, што малітва сапраўды можа звярнуць горы. Варта толькі не спыняцца.
А зараз пытанне: што з жыцця тваіх бацькоў з’яўляецца для цябе прыкладам, што хацеў бы паўтарыць у сваім асабістым жыцці?
ШЧЫРА
Ганна Казімірчык (г. Ваўкавыск, парафія Св. Станіслава Косткі):
– Бацькі з’яўляюцца для мяне прыкладам ва ўсім: як трэба шанаваць Госпада, любіць бліжняга, берагчы тое, што маю. Яны заўсёды імкнуцца даць нам усё самае лепшае, часам адмаўляючы сабе. Мудра нас выхоўваюць і паводзяць сябе стрымана нават у складаных сітуацыях. Але асабліва я ўдзячна маім бацькам за прыгожы прыклад веры. Сумесны ўдзел у святой Iмшы, шчырая малітва, дапамога i падтрымка адзін аднаго, актыўны і вясёлы адпачынак выхавалi меня такой, якая я ёсць. Iдучы па жыцці, я цвёрда перакананая: незалежна ад абставін Бог павінен быць на першым месцы. Праслаўляю Яго i дзякую за маіх бацькоў! Буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб стаць такім жа годным чалавекам, як яны.
Дар’я Яфіменка (г. Пінск, парафія Ўнебаўзяцця Насвяцейшай Панны Марыi):
–Для меня мама всегда была примером во всем. С самого детства я помню себя в костеле, приходила туда с ней, видела, как она молится. Она рассказывала мне о Боге, учила молитвам, католическим традициям. Мама меня воспитывала в духе католической веры и любое мое неправильное поведение комментировала с точки зрения, как это видит Бог. Поэтому я всегда задумывалась, поступаю ли я правильно? Понравится ли это Богу? Теперь понимаю, что веру нужно укреплять и развивать на Славу Божью. Поэтому я веду активную христианскую деятельность и это мне придает сил во всем!
Святлана Пальчэх (г. Віцебск, парафія Св. Барбары):
– Для мяне бацькі, асабліва ў дзяцінстве, з’яўляліся моцным прыкладам веры. Добра памятаю, як кожны вечар мы збіраліся разам, запальвалі свечку і маліліся. Любоў да пілігрымак я таксама пераняла ў бацькоў, яны заўсёды бралі мяне з сабой. З маёй першай пілігрымкі прайшло больш за 20 год, а я добра памятаю яе. Ніколі не чула, каб мама ці тата на каго-небудзь крычалі ці нават павышалі голас, менавіта ад іх я навучылася шанаваць іншага чалавека. Ведаю, што агрэсія нараджае агрэсію, амаль усе пытанні можна вырашыць шчырай размовай. Адкрытасць бацькоў на іншых, гатоўнасць прыйсці на дапамогу навучылі мяне не праходзіць, не заўважаючы тых, хто ў бядзе, хто больш слабы і патрабуе падтрымкі.
Вікторыя Галонская(г. Ліда, парафія Святой Сям’і):
– Бацькі для мяне з’яўляюцца прыкладам жыцця з Богам. Нягледзячы на тое, што мама каталічка, а бацька праваслаўны, Бог заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці. Мама вучыла заўсёды шукаць Бога, нават, калі здаецца, што навокал смяротная цемра. І цяпер, у дарослым жыцці, мама заўсёды кажа, што спадзявацца патрэбна толькі на Пана і ніколі не сумнявацца ў Яго любові! На жаль, мой тата памёр, але заўсёды быў прыкладам любові да бліжняга. Падкрэсліваў, што кожнага чалавека трэба паважаць і адносіцца да яго з міласэрнасцю, нават калі табе гэты чалавек, можа, і не падабаецца.