Хвала Хрысту!
Не шукай складаных шляхоў там, дзе ёсць простая дарога! Толькі будзь больш уважлівым да сябе і да тых, хто побач з табою. А мне пішы на Dialog-na-ty@tut.bу
Каб не быць страваю без смаку
АКТУАЛЬНА
І вось мы зноў сустрэліся з табой, праз месяц. Калі б успомніць – якім быў гэты месяц, што мы рабілі і што зрабілі? А калі падумаць – а як мы паўплывалі на гэты свет? Гэты свет стаў лепшым дзякуючы нам? Стаў больш спакойным, больш любові і міру стала ў гэтым свеце? Ці стала больш Хрыста ў гэтым свеце? Больш было праслаўлення Бога? Варта ўсведамляць, што кожны мой добры ўчынак дадае колькасці дабра ва ўсім свеце, а кожны дрэнны ўчынак павялічвае зло ў гэтым свеце. А што, калі б кожны зрабіў добрае?
Нам часам здаецца: а што я адзін магу ў гэтым свеце? Езус сёння гаворыць усім, хто сабраўся вакол Яго і слухае Нагорную пропаведзь: «Вы – соль зямлі» (Мц 5, 13), «Вы – святло свету» (Мц 5, 14).
Нам часам здаецца: што я магу? Я звычайны чалавек, кожны дзень хаджу на працу адной дарогай, я такі, як і астатнія, а можа яшчэ і значна меньшы, чым іншыя. Скажы, колькі солі патрэбна, каб змяніўся смак прыгатаванай стравы? Зусім няшмат. Зусім няшмат трэба, каб змяніўся смак гэтага свету. Нам, хрысціянам, ёсць што прапанаваць гэтаму свету. Толькі задумайся, як ты можаш паўплываць на гэты свет?
«Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе?» (Мц 5, 13). Калісьці чытала разважанне, і словы мне асабліва запомніліся. Галоўнае, гэта не як паўплываць на гэты свет, а як захаваць «сілу солі» у сабе. Тое, што ты не ўплываеш ніяк, ці недастаткова ўплываеш на гэты свет,– не самая вялікая праблема. Тое, што ты не стараешся, не імкнешся, не праяўляеш сябе – гэта праблема, што ты не працуеш над сабой, што ты не развіваеш сваё духоўнае жыццё, што ты хрысціянін ніякі, ты такі хрысціянін, як страва без смаку, як ежа без солі.
А як быць святлом свету? Цяжка несці святло ўсяму свету. Але ты паглядзі на гэты маленькі свет, які вакол цябе. Паглядзі на свой дом, месца сваёй працы, на тое месца, дзе ты ёсць кожны дзень. Вельмі важна, каб мы веры сваёй не саромеліся. Нашае дабро павінна быць Добрай Весткай, евангелізацыяй, павінна дапамагчы іншым убачыць Бога. Ты можаш расказаць пра Бога там, дзе святару не будуць рады. Ты можаш расказаць пра Бога такім людзям, якія пропаведзі святара слухаць не будуць. Ты не вялікі чалавек, але здольны на маленькія «вялікія» справы.
Кім сам бачыш сябе ў будучым? І не важна колькі табе гадоў… Ці 18, 29, а можа 53 – не важна. Наша будучыня тая, што сёння ўвечары, тая, што будзе заўтра. Толькі праз сваё пакліканне, праз кожны вечар, праз кожны наступны дзень – не згубі смак солі, не згубі смак хрысціяніна.
А зараз пытанне: сапраўды, кім бачыш сябе ў будучыні?