Хвала Хрысту!
Згадзіцеся, сябры, вельмі часта мы задаем сабе пытанне: у чым сэнс жыцця? Адказ на яго просты – атрымаць жыццё вечнае, да гэтага імкнемся. Але Бог хоча, каб мы былі шчаслівымі не толькі на небе, але і на зямлі – праз выпрабаванні, цярпенні, ахвяраванні… Вы думаеце інакш? Тады пішыце мне na-ty@list.ru
Сэнс жыцця
АКТУАЛЬНА
Напэўна, шмат хто чуў знакаміты выраз: “Калі хочаш нешта схаваць – пакладзі гэта на самае бачнае месца”. Гэты выраз, як ніякі іншы, акрэслівае нашыя пошукі сэнсу жыцця. Мы блукаем па самых аддаленых закутках свайго жыцця, паглыбляемся ў сапраўдныя нетры ў пошуках адказу на пытанне, якое чалавецтва задавала сабе цягам усёй сваёй гісторыі: “У чым сэнс жыцця?”. Канешне, тут у самы раз прывесці словы Езуса: “Я –дарога, і праўда, і жыццё.” (Ян 14,6) або “без Мяне нічога не можаце зрабіць.” (Ян 15,5). Але зараз я хачу паказаць вам нешта яшчэ.
Узгадваецца мне прыпавесць наступнага сэнсу. Жыў на свеце адзін мудрэц. І вось аднойчы прыйшоў да яго малады чалавек і пытае: ”Спадару годны і шаноўны, адкажы, як мне набыць шчасце, як стать шчаслівым чалавекам?” А той адказвае: “Падумай аб тым, што табе прынесла б шчасце і чаго ты прагнеш”. І, сказаўшы гэта, пайшоў да ракі і, ўвайшоўшы ў яе, стаў абмывацца. Хлапец з непаразуменнем, уваходзячы за мудрацом у раку, кажа: “Але я шмат чаго хачу, шмат прагну рэчаў, якія маглі б зрабіць мяне шчаслівым, але якіх я мець не магу”. І калі ён гаварыў гэта, мудрэц схапіў яго за шыю і апусціў пад ваду так, што той стаў захлёбвацца, з усіх сіл намагаючыся вызваліцца з-пад вады. А ў той момант, калі сілы сталі пакідаць хлопца і ён пачаў губляць прытомнасць, мудрэц выцягнуў яго на бераг і запытаў: “Вось зараз адкажы мне, чаго ты прагнуў і аб чым думаў.” Хлапец вымавіў толькі адно слова: “Паветра…”
Вось бачыце! Бачыце, як мяняюцца нашыя запатрабаванні ў розных жыццёвых сітуацыях? Даражэнькія, мы маем ўсё для таго, каб быць шчаслівымі. І праўда ў тым, што чым больш набываем, тым вышэй сягае планка нашых запытаў. Гэта – як пагоня за ценем. А шчасце ляжыць на паверхні, яно дадзенае нам Богам, і ніхто яго не хаваў, гэта мы самі дазваляем д’яблу збіваць нас з толку ілжывымі мэтамі і прагненнямі. Трэба дзякаваць Богу за тое, што маем ад Яго. Не бывае ідэальнай працы, не бывае ідэальнай сям’і, ідэальных дзяцей і г.д. Але! Бывае ідэальнае ўспрыманне ўсяго таго, што мы маем ад Нябеснага Айца.
Нарэшце. Жыццё стане асэнсаваным ТОЛЬКІ ў момант, калі мы перастанем шукаць уласнага задавальнення і засяродзімся на патрэбах іншых людзей. Калі мы адрачэмся ад сябе і самаахвярна пачнем служыць бліжнім, а дакладней Хрысту ў постацях бліжніх, толькі тады спазнаем сапраўднае ўласнае шчасце. Сам Хрыстус – крыніца шчасця – кажа: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною” (Лк 9, 23). Прызнаемся сабе, што слова “крыж” нас пужае. Але Езус кажа: “Ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі” (Мц 11, 30). Гэтую праўду спазналі ўсе святыя Божыя, і гэтая праўда зрабіла іх па-сапраўднаму шчаслівымі. Адным з ярчэйшых прыкладаў жыцця, паводле гэтай Божай праўды, з’яўляецца жыццё святога Францішка з Асіжу. Прачытаўшы толькі яго штодзённую малітву, можна зразумець прагненні і жыццёвыя мэты, ажыццяўленне якіх зрабілі гэтага чалавека шчаслівым не толькі на зямлі, але і ў Небе.
P.S. Я адмыслова не падаю тут тэкст гэтай малітвы. Прагну, каб вы самі пашукалі яе і, прачытаўшы, узялі да сэрца.
Пытанне: а ў чым ты бачыш сэнс свайго жыцця?